Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ прапануе Беларусі распачаць эканамічныя рэформы


Радыё Свабода Сёньня завяршыла працу ў Беларусі місія Міжнароднага валютнага фонду. Паводле яе высноваў, замежнагандлёвыя зьмены, у прыватнасьці, падаражаньне расейскага газу, пагражае беларускай эканоміцы сур’ёзнымі наступствамі.

Узначальваў працу місіі прадстаўнік Эўрапейскага дэпартамэнту МВФ Балаж Хорват. Цягам двух тыдняў міжнародныя экспэрты аналізавалі цяперашняе становішча беларускай эканомікі. Як паведаміў спадар Хорват, летась і на пачатку гэтага году ў краіне назіраўся эканамічны рост і зьніжэньне інфляцыі. Падставай для іх былі спрыяльныя замежнагандлёвыя ўмовы, найперш у энэргетычнай сфэры:

(Хорват: ) “Існавала істотная розьніца паміж цэнамі на імпартаваныя Беларусьсю энэрганосьбіты й цэнамі на экспартаваныя Беларусьсю прадукты нафтаперапрацоўкі і энэргаёмістых тавараў. І такое павелічэньне розьніцы паміж цэнамі, што назіралася цягам апошніх трох гадоў у спалучэньні з ростам аб’ёмаў імпарту і экспарту, судзейнічала назапашваньню выгады для Беларусі ў сувязі з паляпшэньнем умоваў гандлю. І гэтая выгада пераразьмяркоўвалася часткова празь бюджэт у выглядзе падтрымкі, якая аказвалася зь бюджэту прадпрыемствам, а таксама ў выглядзе павышэньня заробкаў у бюджэтнай сфэры і росту пэнсіяў”.

Як вынікае з тлумачэньня спадара Хорвата, дзякуючы спрыяльнай кан’юнктуры, актыўна расьлі заробкі й на дзяржаўных прадпрыемствах. Усё гэта спрыяла росту ўнутранага попыту ў беларускай эканоміцы і судзейнічала эканамічнаму росту.

Аднак, паводле ацэнак місіі МВФ, дзеяньне гэтага фактару заканчваецца. Паколькі Масква мае намер павялічыць кошт газу для Беларусі, то ўжо неўзабаве Менск наўрад ці будзе мець ранейшыя магчымасьці для пераразьмеркаваньня даходаў за кошт расейскіх энэрганосьбітаў. Таму, як лічаць экспэрты МВФ, Беларусі для захаваньня станоўчых паказчыкаў у нацыянальнай эканоміцы трэба пачаць рэформы — найперш структурныя. У гэтай сувязі місія распрацавала шэраг рэкамэндацыяў, выкананьне якіх, паводле спадара Хорвата, зьменшыць нэгатыўныя наступствы для беларускай эканомікі:

(Хорват: ) “Ёсць спэцыфічныя меры, якія мы рэкамэндавалі ўладам. Яны прадугледжваюць ліквідацыю ўрадам крэдытаваньня эканомікі, адмену цэнтралізаванага павелічэньня заробкаў на прадпрыемствах. Таксама меры прадугледжваюць істотныя зьмены ў правілы “залатой акцыі”. А менавіта абмежаваньне дзеяньня гэтага правіла, за выключэньнем хіба стратэгічных прадпрыемстваў. Але й нават пры выкарыстаньні гэтай акцыі на такіх прадпрыемствах мы рэкамэндуем адмовіцца ад увядзеньня “залатой акцыі” заднім чыслом. Прадугледжваецца, што будзе толькі невялікая колькасьць прадпрыемстваў, на якіх “залатая акцыя” будзе ўведзеная яшчэ да прыватызацыі. Гэта зьявілася б важным крокам да ўдасканаленьня асяродзьдзя для інвэстыцыяў у Беларусі і крокам да прыцягненьня замежных інвэстыцыяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG