Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм''ер плянуе забараніць продаж цыгарэт асобам да 21 году


Радыё Свабода Напярэдадні Ўсясьветнага дня барацьбы з паленьнем віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандар Касінец абвясьціў пра падрыхтоўку законапраекту пад назвай “Аб здароўі народу”. У ім, у прыватнасьці, прапануецца падвысіць узроставую плянку на забарону паленьня для асобаў, маладзейшых за 21 год. Такім чынам, ужываць алькагольныя напоі й паліць цыгарэты будзе забаронена з аднаго ўзросту.

Статыстыка Міністэрства аховы здароўя сьведчыць: штогод у Беларусі ад хваробаў, выкліканых паленьнем, памірае каля 15 тысяч чалавек. Аднак ці можна адмовіцца ад шкоднай звычкі на загад Савету міністраў? Былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў лічыць, што ніводзін ідэоляг ня здолее пераканаць чалавека, што да 21 году паліць шкодна, а пасьля гэтага ўзросту ўжо нібыта й можна. Спадар Паўлаў кажа, што першачарговая роля ў фармаваньні паводзінаў чалавека павінна належыць сям’і й праілюстраваў гэта на ўласным прыкладзе.

(Паўлаў: ) “Я таксама пачынаў паліць у 5-й клясе, і бацька мяне вельмі хутка адвучыў, без усялякіх рэпрэсіўных захадаў. Ён запаліў “Север” і даў мне “курнуць” — як трэба, з зацяжкай. Калі я празь пятнаццаць хвілінаў адкашляўся і сьлёзы выцер, ён запытаўся: “Добра табе?”. “Не”. “Навошта тады паліш?”. “Ня ведаю”. І ўсё. Ад таго часу я не палю. А забаронамі ніхто і ніколі канчатковага выніку не дасягне. У прынцыпе, гэта ўсё ўкладаецца ў рэчышча ўсёй сыстэмы — усё толькі забараняць; чыноўнік будзе вырашаць, што рабіць і каму рабіць. Тады, па ідэі, трэба знайсьці чыноўніка, які сам будзе абсалютна чысты. А дзе такіх чыноўнікаў знайсьці — на Месяцы, ці дзе?”

У адпаведнасьці з новым законапраектам “Аб здароўі народу”, цягам 2006—2010 гадоў у Беларусі мяркуецца паэтапна ажыцьцявіць поўную забарону на рэкляму тытунёвых вырабаў і алькаголю. Апроч таго, неаднаразова чуліся прапановы ілюстраваць упакоўку цыгарэтаў малюнкамі з больш жорсткімі паводле зьместу папярэджаньнямі аб небясьпецы паленьня. У прыватнасьці, пра магчымасьць разьмяшчэньня выявы лёгкіх курыльшчыка, хворага на рак. Аднак нават зацікаўленыя паводле сваёй прафэсіі людзі сумняюцца ў мэтазгоднасьці такіх захадаў. Гаворыць каардынатар праграмы Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя супраць паленьня Андрэй Сякач:

(Сякач: ) “Тут усё роўна трэба дзейнічаць паэтапна. І калі мы цяпер, прыкладам, паступова будзем прабіваць павелічэньне аб’ёму папераджальнага надпісу, гэта будзе немалаважна. Але зь іншага боку, я нават візуальна слаба ўяўляю, што там можна намаляваць — бо сам пачак зусім жа невялікі. Я лічу, што жахамі псыхалёгію чалавека асабліва ня выправіш. Тут патрэбная сур''ёзная інфармацыйная праца, інфармацыйная падтрымка. Іншымі словамі, важна зьмяніць стаўленьне самаго чалавека да гэтай праблемы, паказаць, што цяпер модна быць здаровым. Напэўна, гэта будзе больш дзейсна”.

Галоўным аргумэнтам ініцыятараў прыняцьця новага законапраекту “Аб здароўі народу” ёсьць тое, што ў Беларусі моцныя праблемы з ростам ужываньня алькагольнай прадукцыі й пашырэньнем кантынгенту тых, хто паліць. Таму, паводле віцэ-прэм’ера Аляксандра Касінца, пад самыя жорсткія захады падпадуць тыя, хто злоўжывае і тым, і другім ва ўзросьце да 21 году, калі фармуецца “здароўе нацыі”.

Між тым, нічога не паведамляецца пра намеры зьніжэньня выпуску сумнеўнай вартасьці айчынных алькагольных напояў ці цыгарэтаў, якія ў асноўным і датычныя да сьмяротнай статыстыкі.

Дарэчы, у асобных рэгіёнах суседняй Расеі да падлеткаў, якія паляць падчас перапынку ў школах, ужо ўжываюць адпаведныя карныя захады. Так, на рашэньне судоў бацькі такіх дзяцей плацяць штрафы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG