Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія настроі пануюць пасьля выбараў у Партыі Камуністаў Беларускай?


Радыё Свабода Якімі праблемамі заклапочаныя камуністы ў рэгіёнах, як ацэньваюць пэрспэктывы працы ў кааліцыі надалей? Як сьцьвярджаюць актывісты Партыі камуністаў Беларускай са Жлобіну, Воршы і з Гарадзеншчыны, зь якімі размаўляла карэспандэнтка Свабоды, расчараваньня пасьля выбараў у партыйным асяродку няма, бо вынікі гэтыя былі цалкам прадказальныя.

Старшыня Жлобінскай раённай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Валер Рыбчанка не адмаўляе, што праблемы ўнутры партыі і кааліцыі ёсьць.

(Рыбчанка: ) "Народ не расчараваны, таму што такога працэнту не было. Гэта ведаюць усе, што лічбы былі намаляваныя. Але, на жаль, людзі ня бачаць, што ж далей. І мы ня можам пакуль нешта прапанаваць, таму што ў кааліцыі нейкія надломы пайшлі. І мы ня можам прапанаваць, што ж далей. Чаму? Таму, што ў нас не было даўно пленуму. На бюро вызначыліся, што мы ў кааліцыі і надалей будзем працаваць. Гэта тактыка. На месцах нашы людзі таксама гатовыя працаваць. А вось што тычыцца стратэгіі, то яна пакуль, на жаль, не выпрацаваная".

Аляксандар Пудоўкін жыве і працуе ў невялікім мястэчку Лунна, што на Мастоўшчыне.

(Пудоўкін: ) "Я не лічу, што народ расчараваны. І я цалкам перакананы, што тая праграма. якая аб''яднанымі сіламі была абвешчаная, яна абавязкова будзе выкананая і запатрабаваная. У гэтым ў мяне сумневу няма".

Мікалай Дзямідаў, сакратар Аршанскай арганізацыі ПКБ, выказаў такое меркаваньне.

(Дзямідаў: ) "Мы зьбіраемся ўдзельнічаць і ў мясцовых выбарах. А расчараваньня ў нас няма. Тактыку пакуль не мяняем. Усю гэтую працу, якая зробленая падчас выбараў, трэба працягваць. Каб ня рваць сувязяў зь іншымі грамадзкімі арганізацыямі і партыямі. Толькі сумеснымі намаганьнямі мы можам нечага дасягнуць".

Аляксандар Пудоўкін з Лунна перакананы:

Пудоўкін: "Мая задача – працягваць працу, і я яе вяду так, як працаваў да выбараў, падчас выбараў, так і зараз.

(Карэспандэнтка: ) "Ці зьмянілі вы свае мэтады працы, стратэгію, тактыку?”

(Пудоўкін: ) "Стратэгія вызначаная ў праграме Аляксандра Мілінкевіча. А тактыка... Дапусьцім, мая тактыка, магчыма, адрозьніваецца ад ўсеагульнай. Гэта бліжэйшыя 3-4 сельсаветы, на якія распаўсюджваецца мой уплыў".

Гаворыць старшыня Жлобінскай раённай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Валер Рыбчанка.

(Рыбчанка: ) "Я аптыміст па натуры, і стараюся запальваць аптымізмам нашых жлабінчан. На раён выяжджаем. Цяжка, вельмі цяжка з той жа газэтай на раёне працаваць. З працоўнымі размаўляеш добра, а дзе зь якімі пэнсіянэрамі – вельмі цяжка ідзе размова, таму што яны яшчэ ў дрымоце пакуль, дрымота працягваецца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG