Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч заявіў у судзе, што, магчыма, не дажыве да панядзелка


Радыё Свабода Мікалай Аўтуховіч не прымае ежу ў турме сорак чатыры дні, зь іх чатыры апошнія ён ня п’е вады й трымае сухую галадоўку. Ягоныя адвакаты на гэтым тыдні паўторна хадайнічалі, каб падсуднаму зьмянілі меру стрыманьня й перавялі яго пад хатні арышт. Аднак суд зноў пакінуў Аўтуховіча пад вартай.

Адвакаты Аўтуховіча Галіна Іванова й Надзея Станкевіч наведалі сёньня Гарадзенскую турму. Атрымаць інфармацыі пра галадоўніка ім не ўдалося, да іх выйшаў фэльчар, які ня быў упаўнаважаны штосьці паведамляць. Гэта мог зрабіць толькі начальнік мэдычнай часткі.

(Іванова: ) “Начальнік да нас ня выйшаў. Перадалі празь дзяжурнага: усю інфармацыю, усё, што мы хочам, калі ласка, — у пісьмовым выглядзе запытвайце афіцыйна і мы будзем даваць адказ. Мы з калегай Станкевіч склалі паперу, зарэгістравалі ў турме, і цяпер будзем чакаць адказу”.

Адвакаты папрасілі паведаміць пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча, пра магчымасьць шпіталізаваць яго. Паводле Галіны Івановай, сытуацыя вельмі складаная. Сябра прадпрымальніка Ўладзімер Асіпенка, які быў на судзе, гаворыць, што ён разьвітаўся зь імі. Мікалай Аўтуховіч папрасіў свайго калегу Юрыя Лявонава, які праходзіць зь ім па адной крымінальнай справе, паклапаціцца пра ягоную сям’ю.

Паводле адваката Галіны Івановай, наступнае судовае паседжаньне мае адбыцца пасьля абеду ў панядзелак, таксама прызначаныя паседжаньні на аўторак і пятніцу. Але яна нічога ня можа сказаць наконт таго, ці здолее падсудны ў панядзелак падняцца, і ці змогуць яго даставіць у суд. Яна задае рытарычнае пытаньне: колькі можа пратрымацца без вады аслаблены арганізм?

Мікалай Аўтуховіч падчас працэсу заўсёды меў у клетцы плястыкавую бутэльку з вадой, гэта яму дазволіў судзьдзя. Ад аўторка падсудны больш ня піў вады, і чатыры апошнія дні галадоўка зьяўляецца сухой. Ягоныя сябры сёньня аднак перадалі яму ў турму лекі.

Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Ягоная крымінальная справа з красавіка разглядаецца ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні. Прадпрымальнік заяўляе, што не парушаў законаў, і што яго судзяць несправядліва, а таму ў змаганьні за свае правы ён гатовы нават памерці.

Пасьля арышту ўвосень 2005 году Аўтуховіч абвясьціў галадоўку за кратамі, якая цягнулася 74 дні. Пасьля гэтага яму зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт. 9 лютага сёлета ён уцёк з-пад хатняга арышту. Яго затрымалі праз два месяцы ў Менску і зноў узялі пад варту.

Цяперашняя галадоўка прадпрымальніка — пятая. Тры ён правёў, калі быў на волі, — на знак пратэсту супраць вялікіх штрафных санкцыяў з боку падатковай службы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG