Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі і беларускія палітыкі пра вылучэньне на Нобэлеўскую прэмію міру


Радыё Свабода Група дэпутатаў парлямэнту Нарвэгіі прапанавала вылучыць беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру. 10 гадоў таму Алесь Бяляцкі заснаваў праваабарончы цэнтр “Вясна”. За дзейнасьць у галіне абароны правоў чалавека сёлета у Нарвэгіі ён атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава, а ў Чэхіі з рук Вацлава Гаўла – прэмію «Homo homini» («Чалавек чалавеку»). Вось што сказаў нашаму радыё сам спадар Бяляцкі.

(Бяляцкі: ) “Для мяне гэта поўная нечаканасьць. З аднаго боку яна прыемная, бо такім чынам адзначаецца дзейнасьць усяго праваабарончага руху ў Беларусі. З другога боку – гэта ня надта прыемныя сюрпрызы, бо, на жаль, шмат у чым вылучэньнем на гэтую ўзнагароду мы абавязаныя рэжыму й непасрэдна Лукашэнку, бо, на жаль, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі крытычная. І вось гэтае вылучэньне на прэмію падкрэсьлівае якраз крызысную сытуацыю.

Алесь Бяляцкі – вядомая асоба ў палітычных і праваабарончых колах Беларусі. Ягонае вылучэньне на Нобэлеўскую прэмію міру камэнтуе старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Я думаю, што Алесь як сымбаль беларускага праваабарончага руху, які сам ніколі не баяўся, адважны. Быў заўсёды ў цэнтры ўсіх падзеяў, ён, безумоўна, заслугоўвае на такую ўвагу й на такі гонар. Незалежна ад зыходу спаборнасьці сам факт вылучэньня проста натхняе. І паказвае, што тая барацьба, тая справа, якую Алесь Бяляцкі са сваімі сябрамі робіць – яна заўважная ў сьвеце”.

Многія беларускія палітыкі й грамадзкія дзеячы знаёмыя з Алесем Бяляцкім шмат гадоў. Сярод іншых – навуковец Лявон Баршчэўскі.

(Баршчэўскі: ) “Я даўно ведаю спадара Бяляцкага. Чалавек актыўны, які заўсёды адстойваў правы спачатку правы беларускай мовы, а пасьля ў больш шырокім пляне. Таму я лічу, што гэта цікавы выбар, хаця крыху нечаканы, бо ў апошнія гады найчасьцей даюць арганізацыям. Можа быць і арганізацыя “Вясна” яшчэ ў большай ступені заслужыла бы. Але львіная доля заслугаў належыць спадару Бяляцкаму. Так што я падтрымліваю й ухваляю”.

Лідэрка дэмакратычнага жаночага руху Людміла Пеціна перакананая, што кандыдатура Алеся Бяляцкага вартая Нобэлеўскай прэміі паводле некалькіх прычынаў.

(Пеціна: ) “Я яго ведаю й па Беларускаму народнаму фронту, і па Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі. Ведаю яго й як цікавага літаратара. Чалавек, які сапраўды зрабіў важкі ўклад у разьвіцьцё дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Ён адзін зь лідэраў вельмі актыўнай праваабарончай арганізацыі. І яна паказала, што яна самая актыўная, самая мабільная з усіх праваабарончых арганізацыяў Беларусі”.

Іншага меркаваньня трымаецца адзін зь лідэраў Кансэрватыўна–Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.

(Беленькі: ) “Лічу, што нарвэжцы вельмі далёка знаходзяцца ня толькі паводле адлегласьці, але й паводле разуменьня сытуацыі ў Беларусі. Васіля Быкава яны адкінулі, а тут – прэмія. Адбылася, фактычна, дэвальвацыя гэтай прэміі. Найлепшая, канечне, прэмія, найлепшая адзнака – гэта людзі. Рыгор Барадулін шануецца чытачамі, людзьмі. Я думаю, што такую прэмію, такую адзнаку беларускі народ Рыгору Барадуліну ўжо даў”.

Тут варта дадаць, што Нобэлеўская прэмія міру – адзіная, якую прысуджае ня Швэдзкая акадэмія, а Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт, у адрозьненьне, напрыклад, ад прэміі ў галіне літаратуры. Дагэтуль ніводзін грамадзянін Беларусі не атрымліваў Нобэлеўскай прэміі. А вось сярод ураджэнцаў Беларусі ёсьць Нобэлеўскія ляўрэаты – Ахарон Клуг (хімія), Сайман Сьміт Кузьнец (эканоміка), Жарэс Алфёраў (фізыка), Мэнахем Бэгін і Шымон Пэрэс (прэмія міру).
XS
SM
MD
LG