Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Уладзімер Емяльянчык


Уладзімер Арлоў, Менск 9.5.1955, в.Вялікія Лукі, Баранавіцкі раён – 5.6.2003, Менск

Адна зь ягоных кнігаў, прысьвечаная Тадэвушу Касьцюшку, называецца словамі нашага знакамітага суайчыньніка: “Нарадзіўся я ліцьвінам”. Усьлед за правадыром паўстанцаў, тое самае мог сказаць пра сябе і Ўладзімер Емяльянчык. І абліччам, і характарам ён быў падобны да іх – тых, хто ў мінулыя стагодзьдзі браў у рукі зброю, ня верачы ў перамогу, але ведаючы, што свабода ўсё ж стане бліжэй – прынамсі, на вышыню іхніх магілаў.

Уладзімер нарадзіўся побач са старажытным, шасьцісотгадовым мястэчкам Мыш пад Баранавічамі, тым самым, дзе прайшло маленства аднаго з найвыбітнейшых эўрапейскіх палкаводцаў XVII стагодзьдзя гетмана Яна Караля Хадкевіча. Здаецца, якраз гэтая акалічнасьць прадвызначыла тое, што Емяльянчык абраў сваёй музаю Кліё.

Студэнты БДУ і навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю нават пасьля бяссонных начэй, прабаўленых у кампаніі сяброў ці каханых, не маглі задрамаць на ягоных таленавітых лекцыях з сусьветнай гісторыі, у якіх заўсёды было месца і досьціпу, і показцы, і паэзіі, бо іх выкладчык пісаў вершы.

Уладзімер стаў адным з аўтараў выдадзеных у 1-й палове 1990-х “Нарысаў гісторыі Беларусі”, якія пры сёньняшняй уладзе трапілі ў разрад “нацыяналістычных”.

Адзін зь ліцэйскіх кіраўнікоў Лявон Баршчэўскі згадвае, якую непаўторную атмасфэру адзінства й аптымізму Емяльянчык мог усяго некалькімі словамі стварыць у настаўніцкай. Гэта было асабліва важна ў той час, калі існаваньне Ліцэю апынулася пад пагрозай.

З Уладзімерам было заўсёды цікава – і на кніжнай прэзэнтацыі ягонага “Палянэзу для касінераў”, і ў застоліцы, дзе ён цудоўна сьпяваў народныя песьні, і проста ў сумоўі. Неяк мы выпілі зь ім за тое, “каб дзеўка кахала, куля мінала і шабля ня брала”, а потым – узяліся рэдагаваць гэты старадаўні ліцьвінскі тост у духу сучаснасьці ды ўласных заняткаў і памкненьняў: “каб цэнзура ня брала”, “каб пяро пісала”, “каб дубінка мінала”... Верылася ў тое, што наперадзе ва Ўладзімера і абарона доктарскай дысэртацыі, і новыя архіўныя адкрыцьці, і кнігі. У сорак зь нечым гадоў яшчэ можна адчуваць сябе амаль неўміручым...

Ён памёр раптоўна, на пачатку лета 2003 году, у самыя гарачыя дні змаганьня за Ліцэй, калі выкладчыкі, вучні і бацькі стаялі ў пікетах і ладзілі дзяжурствы.

Можа там, у нябеснай Беларусі, душа Ўладзімера знаходзіць суцяшэньне ў тым, што ягоную справу працягвае сын Павел – студэнт гістарычнага факультэту, што зачынены ўладамі Ліцэй жыве: тыя, каму ён чытаў лекцыі на падрыхтоўчым аддзяленьні, сёлета ўжо заканчваюць трэці курс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG