Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два лёсы: Міхась Забэйда і Надзея Кастэцкая (успаміны сяброў).


Ганна Сурмач, Прага Гісторыя беларускай прысутнасьці ў чэскай Празе яшчэ і да сёньня недастаткова дасьледаваная навукоўцамі. Пасьля ўсталяваньня ў 1948 годзе ў Чэхаславаччыне камуністычнай улады беларускае жыцьцё, якое падтрымлівалася да вайны сьвядомай беларускай эміграцыяй, было зьнішчанае. Засталіся толькі адзінкі, хто яшчэ вызнаваў сябе беларусам. Міхась Забэйда і Надзея Кастэцкая былі тымі, хто прэзэнтаваў Беларусь у Празе да апошніх дзён свайго жыцьця. Успаміны пражан, якія добра ведалі іх абодвух, слухайце ў чарговым выпуску перадачы “Беларускае замежжа”.

(Сурмач: ) "Міхась Забэйда і Надзея Кастэцкая былі добрымі сябрамі раз увесь час жыцьця ў Празе, іх аб’ядноўвала шчырая беларускасьць, любоў да беларускай культуры, мовы, да роднай песьні. Між сабою яны заўсёды размаўлялі па-беларуску.

Некалі маладзенькая дзяўчына Надзея з Баранавіч, якая мела добры голас і захаплялася музыкаю, у 1936 годзе слухала ў Вільні канцэрт ужо вядомага на той час сьпевака Міхася Забэйды. Яна тады нават не магла падумаць, што некалі лёс зьвядзе іх у Празе.

Міхась Забэйда, які атрымаў адукацыю опэрнага сьпевака ў Мілане ў знакамітым Ла Скала і пасьля быў салістам Познаньскай опэры, у 1940 годзе прыехаў у Прагу, шукаючы паратунку ад вайны. Гэтая ж самая вайна зьмяніла лёс і Надзеі Кастэцкай. Яна была вывезена на працу ў Нямеччыну і потым , калі іх пасьля вызваленьня везьлі на Радзіму, яна ўцякла з цягніка ў Чэхаславаччыне, каб не трапіць дома пад рэпрэсіі і не апынуцца ў Сыбіры.

Я была добра знаёмая са спадарыняй Надзеяй і памятаю, што яна не любіла ўспамінаць пра тое, што ёй давялося перажыць у той час. Але, потым лёс быў да яе больш ласкавым. Яна выйшла замуж за чэскага музыканта Любаміра Кастэцкага, які цягам 40 гадоў іграў у знакамітым квартэце імя Сметаны, і жыцьцё іх было даволі шчасьлівым. Сямья Кастэцкіх замяніла родных самотнаму Міхасю Забэйду да ягоных апошніх дзён.

Кастэцкія дагледзелі сьпевака ў старасьці і пахавалі ў 1981 годзе на Альшанскіх могілках у Празе. Менавіта яны захавалі і перадалі ў Менск архіў сьпевака.

А праз 10 гадоў не стала і спадарыні Надзеі, у 62 гады яна памерла ад раку, па яе жаданьні урну з ейным прахам падхавалі ў гэтую ж магілку. Кожны год мы, праскія беларусы, ускладаем на гэтую магілку кветкі на Дзяды і на Радаўніцу. І вось сёлета, калі я прыйшла на Радаўніцу, каб упарадкаваць магілку, пабачыла, што нехта ўжо там прыбірае. Так мы пазнаёміліся з даўняй сяброўкаю Надзеі Кастэцкай Вераю Сікоравай".

(Сікорава: ) “Я вельмі добра памятаю, што недзе ў пачатку 60 гадоў мы з ёю пазнаёміліся і сябравалі да самай яе сьмерці - 30 гадоў. Мы пазнаёміліся пры царкве. Мы гуртаваліся вакол расейскай праваслаўнай царквы на Альшанах і ў Дэйвіцах.

У Надзі быў вельмі добры голас, цудоўны, мецца-сапрана, такі аксамітны. Яна гаварыла, што ў Беларусі ў яе бацька быў вельмі музычны і яна з ім сьпявала ў царкве.

З Надзеяй мы увесь час былі, у нас была так званая "бабская кампанія", ці "Праскі бабскі кусьцік", як нас назвала адна швэйцарка. Калі мы зьбіраліся нашай жаночай кампаніяй, яна цудоўна сьпявала, сьпявала і па беларуску”.

(Сурмач: ) “Яна гаварыла, што родам з Беларусі?”

(Сікорава: ) “Так, яна нават мяне сьпяваць беларускую песьню вучыла. Яна вельмі добры чалавек была, па-мойму, гэта характэрная рыса для беларусаў, яны такія дабрасардэчныя людзі. Яна вельмі забясьпечаная была, муж яе быў ў знакамітым квартэце імя Сметаны. Не гледзячы на гэта, яна ніколі над намі не ўзвышалася, наадварот, усіх прымала ў госьці гасьцявала, абдорвала падарункамі. Была выключная жанчына”.

(Сурмач: ) “А ці ведалі Вы асабіста Міхася Забэйду, беларускага сьпевака, з якім сябравала Надзея Кастэцкая?”

(Сікорава: ) “Забэйду я пазнала дзякуючы Надзеі Кастэцкай. Ён мяне вельмі міла прыняў. Я да яго хадзіла. У яго добрая кватэра была ў цэнтры гораду. Надзея Кастэцкая так яго аберагала, прыбірала, у яго заўсёды у кватэры было чыста, яна насіла яму абеды. Гэта было ўжо у 70-я гады, ён ужо быў тады даволі хворым чалавекам, але ў яго было тады яшчэ два ці тры вучні”.

(Сурмач: ) “Аказалася, што і сама спадарыня Вера некаторы час вучылася сьпевам у Міхася Забэйды”.

(Сікорава: ) “Ніколі не забуду ягоныя некаторыя урокі. Ён мне падказаў, як трэба трэніраваць голас перад выступленьнем, так званыя расьпеўкі. Ён вучыўся ў “Ля Скала” і яму там паставілі голас, у яго быў добры настаўнік. Ён мне распавядаў усялякія падрабязнасьці гэтага навучаньня. Ён вельмі добра мне патлумачыў, як гучыць чалавечы музычны інструмэнт. Гаварыў, што ягоны настаўнік паказваў ім усю гэтую мэханіку гучаньня галасавых зьвязак на мадэлі чэрапа. Міхась сказаў, што ён на усё жыцьцё запомніў гэтыя урокі і ўсьвядоміў, як трэба накіроўваць дыханьне і гучаньне галасавых зьвязак ў галаўныя і насавыя рэзанатары

Ён гаварыў, што калі выяжджаў на канцэрт, пакуль сядзеў у машыне падбіраў свае рэгістры, і прыехаўшы на мейсца ён ужо быў гатовы да выступленьня. Мала які прафэсіянал такое умее. Так што ён сапраўды быў вялікі і як сьпявак, і як настаўнік. Ён ведаў такія таямніцы італьянскага вакалу, якія тут у Эўропе мала хто ведаў. Ён навучыў мяне гэтым важным рэчам і да сёньня я ўдзячная яму за гэта”.

(Сурмач: ) “Вы таксама рыхтаваліся да кар’еры вакалісткі?”

(Сікорава: ) “Я правучылася недзе максымальна паўгады ў яго.

Ён вельмі добра вучыў, стараўся паставіць мне голас. Але, у мяне зьявіліся праблемы. Я тут захварэла дыфтэрытам і ў мяне галасавую зьвязку разьбіў параліч, так што з мяне ніякай сьпявачкі не магло быць. Забэйда вельмі мілы быў да мяне, мы шмат з ім размаўлялі. Калі я прыходзіла, ён заўсёды ажыўляўся -- мы маглі разам успамінаць пра Харбін, гэта была ягоная маладосьць і я яму напамінала пра той час”.

(Сурмач: ) “Так сталася, што Вера Сікорава і Міхась Забэйда, абодва харбінцы, сустрэліся у Празе. Калі ў 1915 годзе падлеткам разам з маці Міхась Забэйда выехаў з Беларусі ў бежанства ў Расею, падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны закінулі яго ў Харбін. У 20-я гады там бурна разьвівалася культурнае жыцьцё. У Харбін трапіла многа расейскай белай эміграцыі, сярод якой было шмат інтэлігенцыі. Акрамя таго, савецкія улады, якія ўтрымлівалі пабудаваную праз Маньчжурыю вядомую КВЖД - Кітайскую усходнюю чыгунку, разьвівалі там і сваю пралетарскую культуру.

Спадарыня Вера ведае пра тыя падзеі ад бацькоў, бо сама яна нарадзілася ў 1931 годзе таксама ў Харбіне. Яна ведае гісторыю і пра тое, як там упершыню заявіў пра сябе малады таленавіты тэнар Міхась Забэйда”.

(Сікорава: ) “У Харбіне сталі зьяўляцца на працу савецкія грамадзяне і яны для сябе пабудавалі там Желсоб - Железнодорожное собраніе, гэта быў 3-павярховы клюб з вялізнай заляй. У гэтым клюбе ў 30-я гады выступалі вядомыя савецкія дзеячы мастацтваў. Туды прыехала нават расейская опэра. Як раз адзін з галоўных салістаў опэры захварэў, прэм’ера магла не адбыцца, пачалі шукаць яму замену. У гэтым калектыве ужо ведалі аднаго маладога здольнага тэнара, які жыў у Харбіне. І яны прапанавалі яму падрыхтавацца і выступіць, мне здаецца, гэта "Рыгалетта" была. Яму далі мінімальна часу, але ён ужо быў падрыхтаваны, і прэм’ера адбылася з вялікім посьпехам.

Гэтае выступленьне адкрыла Міхасю Забэйду дарогу да высокага мастацтва. Тады яму і парадзілі паехаць вучыцца опэрным сьпевам ў Мілан, так ён ізноў вярнуўся ў Эўропу”.

(Сурмач: ) “А Вы, спадарыня Вера, як потым трапілі менавіта ў Прагу? Дарэчы, як сталася што Вы нарадзіліся ў Харбіне, хто былі Вашыя бацькі?”

(Сікорава: ) “Мой бацька быў легіянэрам Чэхаславацкага корпусу пад час першай усясьветнай вайны, які потым апынуўся ў Сыбіры, а маці - расейская дзяўчына. Яны сустрэліся ў доме інжынэра Іпацьева. Там быў афіцэрскі клюб, куды наведваліся легіянэры з Чэхаславацкага корпусу. Бацька мой быў дзеншчыком, а ў кухні гэтага клюбу працавала мая маці, яна пакінула сваю вёску ў Вяцкай губерніі і паехала на заробкі ў горад. Вось у кухні таго дому Іпацьева, дзе потым зьверскі была забітая царская сям’я, там мая мама і працавала. Мой бацька нагледзеў тады маладую сымпатычную дзяўчыну, яны пажаніліся і перажылі ўсе тыя драматычныя падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Урэшце трапілі ў Манчжурыю, у Харбін, куды сьцякліся рэшткі чэхаславацкага легіёну.

Там потым легіянэры былі перафарміраваны, бацька служыў у 6 палку. Пад час гэтых паходаў і баёў па Сыбіру ў мамы нарадзілася дзяўчынка недзе каля Омску ці Іркуцку. Калі яны прыехалі ў Харбін, то далей ужо маглі ехаць адтуль ва Уладзівасток. Тады ў порт Уладзівастока прыходзілі параходы, якія пасылаў цесьць Томаша Масарыка. Як вядома, першы чэскі прэзыдэнт Томаш Масарык ажаніўся з амэрыканкаю, бацька якой меў марскую гандлёвую флятылію, І вось на гэтых параходах многія вярнуліся дадому”.

(Сурмач: ) Але сям’і спадарыні Веры тады вярнуцца на Радзіму бацькі не ўдалося.

(Сікорава: ) “Бацька мой быў шэраговым жаўнерам, але толькі афіцэры маглі ўзяць з сабою сем’і, а шэраговых перавозілі ў карабельных трумах, куды забаранялася браць з сабою жанчын і дзяцей. Ім палкоўнік, які займаўся эвакуацыяй, парадзіў застацца пакуль у Харбіне, працаваць, зарабіць грошай і калі дзіцяці будзе тры гады, паехаць у Шанхай. Там было прадстаўніцтва чэхаславацкага легіёну, якія забясьпечвалі такім вяртанцам бясплатны білет на пасажырскі параход, каб ехаць дадому.

Але, усё не атрымалася, так як плянавалася. У маіх бацькоў нарадзілася яшчэ шасьцёра дзяцей і дарога ў Шанхай была для іх фактычна закрытая. Яны засталіся там яшчэ на больш як 30 гадоў. І толькі ў 1948 годзе, калі тут ужо была Чэхаславацкая рэспубліка, кітайскія ўлады зьвярнулася да Польшчы, Вугошчыны, ГДР і Чэхаславакіі, каб яны забралі з Харбіну сваіх грамадзян, якія хочуць вярнуцца на радзіму. І ўсе амаль вярнуліся ў Чэхію за дзяржаўныя грошы. Мы прыехалі ў 1952 годзе на польскім гандлёвым караблі праз моры і акіяны, плылі два з паловаю месяцы ў Шчэцін, а потым выехалі цягніком у Прагу. Нас тады паступова вярнулася недзе каля двухсот чалавек”.

(Сурмач: ) “Вось такую жывую гісторыю яшчэ можна пачуць сёньня ў Празе, дзе на Альшанах зьбіраюцца праваслаўныя вернікі розных пакаленьняў беларускай, расейскай, украінскай эміграцыі.

Там нам сустрэлася і Марта Шэленкава, украінка са старэйшай эміграцыі, якая таксама наведала магілку Міхася Забэйды і Надзеі Кастэцкай. Яна ведала іх абодвух”.

(Шэленкава: ) “Я пазнаёмілася з пані Кастэцкаю на пляцоўцы для гульняў, яна мела дзяцей ў такім жа ўзросьце, як і мае. Гэта было недзе у 1953 ці 54 годзе. Мы жылі на адной вуліцы і часам выходзілі з дзецьмі пагуляць.

Яна мне гаварыла, што яна беларуска. Я была некалькі разоў у яе дома. Яе дачка Оля была яшчэ маленькая, такая прыгожанькая была.

Пана Забэйду я пазнала на канцэртах, бо ён часта сьпяваў на украінскіх канцэртах, напрыклад, у гадавіну сьмерці Шаўчэнкі. А таксама ён меў шмат знаёмых- украінцаў, хадзіў часам да нашага Таварыства. Украінцы з вялікай радасьцю хадзілі на ягоныя канцэрты.”

(Сурмач: ) “Ён сьпяваў па-ўкраінску?”

(Шэленкава: ) “Так, вельмі прыгожа сьпяваў і украінскія і беларускія, чэскія песьні. Ён быў вельмі папулярны між украінскаю інтэлігенцыяй, між іншымі людзьмі, меў цудоўны голас. Усе яго ведалі, усе яго вельмі паважалі”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Марта кажа, што калі аднойчы завітала на Альшанскія могілкі і пабачыла магілку сваіх знаёмых, то была вельмі засмучаная, бо не ведала, што абодва ўжо памерлі. Іхняе сяброўства са спадарыняй Надзеяю з цягам часу перарвалася.”

(Шэленкава: ) “Мы з мужам пераехалі ў іншы раён і сувязь між намі перарвалася.

Не раз пані Надзея таксама прыходзіла на нашы канцэрты. Гэта была вельмі элегантная, была вельмі прыгожая жанчына. Аднойчы мне распавядала пра дачку, што дачка чакае дзіця і вельмі цешылася і казала: "Нарэшце я дачакаюся ўнучкі" і больш я яе не пабачыла”

(Сурмач: ) У сямьі Кастэцкіх вырасла двое дзяцей – сын Уладзімер і дачка Вольга. Спадарыня Надзея дачакалася унучкі ад Вольгі. Але, на жаль, хутка ўсьлед за маці адышла ў лепшы сьвет і сама Вольга, яна таксама памерла ад раку. Працавала перакладчыцаю і я памятаю, як некалі прыяжджала перакладчыца з нейкай групаю ў Менск. Надзея таксама некалькі разоў наведвала Бацькаўшчыну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG