Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Абдольхамід Фэкры: пазыцыі Ірану й Беларусі супадаюць


Радыё Свабода Іран набліжаецца да скачка ў галіне навукі й тэхналёгіяў, асабліва ў ядзернай галіне. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў амбасадар Ірану ў Беларусі Абдольхамід Фэкры. Амбасадар таксама адзначыў, што пазыцыі Ірану й Беларусі супадаюць у многіх міжнародных пытаньнях і асабліва добра складваецца супрацоўніцтва на міжнароднай арэне.

Спадар Фэкры падкрэсьліў, што ядзерная праграма ягонай краіны мае выключна мірныя мэты. Іранскі бок неаднаразова выказваўся за супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў галіне ядзернай тэхналёгіі. Аднак да гэтага часу, паводле амбасадара, беларускі бок не пагадзіўся на ўдзел у іранскай ядзернай праграме.

(Фэкры: ) “Ніякага супрацоўніцтва ў ядзернай праграме няма. Наша мірная ядзерная дзейнасьць цалкам праводзіцца ў Іране, абапіраючыся выключна на наш навуковы патэнцыял і на інтэлект нашых пераважна маладых вучоных. Гэта як бы наша інтэлектуальная ўласнасьць. Наш прэзыдэнт у выступе на асамблеі ААН запрасіў усе дзяржаўныя і прыватныя кампаніі з усяго сьвету ўзяць удзел у гэтай праграме, якая абсалютна празрыстая. Нам няма чаго хаваць, і яна карысная для нашай эканомікі”.

Разам з тым амбасадар Фэкры заявіў, што Беларусь можа разьлічваць на дапамогу іранскага боку ў справе будаўніцтва ядзернай электрастанцыі — але выключна ў рамках міжнародных пагадненьняў.

(Фэкры: ) “Мы прызнаем, што Беларусь – высокаразьвітая краіна. І калі гэта будзе неабходна, мы ня будзем саромецца працягваць руку дапамогі ўсім сваім сябрам, у тым ліку й Рэспубліцы Беларусь”.

А ці разглядае Іран Беларусь як пастаўшчыка зброі, у тым ліку расейскіх проціракетных комплексаў, як пра гэта пішуць некаторыя мэдыі?

(Фэкры: ) “Мы ня маем патрэбы ні ў якіх пасярэдніках, асабліва ў справе стварэньня ракетных узбраеньняў. Таму што мы самі гэта будуем і два месяцы таму ў Пэрсідзкай затоцы выпрабавалі адну з гэтых ракетаў. Гэтая ракета прадэманстравала высокія тэхнічныя характарыстыкі. Гэта вялікі крок да падвышэньня нашай абароназдольнасьці. Іран ніколі нічога ад усясьветнай супольнасьці не хавае. Але некаторыя агенцыі распаўсюджваюць адмыслова непраўдзівую інфармацыю пра нашы нейкія яшчэ таемныя дасягненьні. Нам няма чаго хаваць”.

Паводле амбасадара Ірану, дасягненьні ягонай краіны якраз сьведчаць пра тое, што эканамічная і вайсковая блякада ня мае плёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG