Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скончыўся тэрмін “зьняволеньня” хатняй птушкі


Ігар Карней, Менск Паводле зьвестак Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, чарговыя выпадкі заражэньня людзей птушыным грыпам зафіксаваныя ў Інданэзіі. Паводле прадстаўнікоў гэтай арганізацыі, у тых выпадках ня выключаная перадача вірусу ад чалавека да чалавека. Беларускія спэцыялісты схільныя лічыць такія паведамленьні перабольшаньнем, паколькі рэальных пацьверджаньняў такой сувязі няма. Апроч таго, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня паведамілі, што фактычна скончыўся тэрмін “хатняга арышту” свойскай птушкі, якую на час веснавога пералёту вэтэрынарныя службы запатрабавалі трымаць далей ад дзікіх суродзічаў.

Мэдыкі ўсяго сьвету заклапочаныя фактам сьмерці цэлай інданэзійскай сям’і — шасьцёх чалавек, якія не кантактавалі з жывёлай ці птушкай, але маглі заразіцца ад сваячкі, якая пэўны час жыла ў іхным доме. Спачатку памерла сваячка, потым дзеці. Бацька памёр пасьля таго, як правёў некалькі дзён ля ложка хворага сына. Імклівае разьвіцьцё хваробы (а ўсе памерлі цягам двух тыдняў) дае падставу мэдыкам рабіць трывожныя высновы.

Супрацоўніца Рэспубліканскага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Анжэла Васільева ня схільная лічыць, што птушыны грып набывае прынцыпова новыя формы. Спасылаючыся на апошнюю, учорашнюю справаздачу Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, спадарыня Васільева кажа, што няма такога адзінства і ў структуры гэтай міжнароднай арганізацыі.

(Васільева: ) “Пакуль яшчэ няма дакладнай інфармацыі пра тое, што вірус насамрэч прайшоў такую мутацыю, што ён здольны перадавацца ад чалавека да чалавека. І я думаю, каб такая мутацыя насамрэч адбылася, то было б не 126 чалавек памерлых у сьвеце, а нашмат больш. Зусім ня выключана, што якіясьці зьмены ў вірусе ўжо зьявіліся. Але адносна таго, што ён насамрэч набыў здольнасьць перадавацца ад чалавека да чалавека — рэальных крыніцаў мы ня маем”.

У Беларусі да гэтага часу ня выяўлена ніводнага выпадку захворваньня птушыным грыпам. Намесьнік начальніка ўпраўленьня вэтэрынарыі Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Міхаіл Бушыла схільны лічыць, што дапамог сакавіцкі загад міністэрства на абмежаваньне выгулу хатняй птушкі. Апроч таго, была праведзеная пагалоўная вакцынацыя курэй, гусей і качак у раёнах, блізкіх да вадасховішчаў.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Бушыла, абмежаваньні на выгул хатняй птушкі яшчэ дзейнічаюць?”

(Бушыла: ) “Адразу трэба сказаць, што пэрыяд масавага лёту птушкі мінуў. А абмежаваньні былі якраз на пэрыяд лёту. Але калі ўтрымліваецца на падворку птушка, то гэта ў любым выпадку нашмат лепей, чым яна гуляе. Але такіх жорсткіх рамак сёньня ўжо няма, пералётныя птушкі прыляцелі ўсе”.

Паводле справаздачы Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, агульная колькасьць людзей, якія захварэлі на птушыны грып, складае каля 200 чалавек у дзевяці краінах сьвету: Віетнаме, Тайляндзе, Інданэзіі, Камбоджы, Кітаі, Турэччыне, Іраку, Азэрбайджане й Эгіпце. Памерлі ад птушынага грыпу 126 чалавек, а ўвогуле сьмяротны вірус выяўлены ў 54 краінах. Дагэтуль усе выпадкі заражэньня тлумачыліся ўжываньнем мяса птушкі. Пасьля інданэзійскага прыкладу сытуацыя набывае новыя абрысы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG