Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларуская Атлянтыда”: “Так пра айчынную гісторыю яшчэ не гаварылі”


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі адбудзецца прэзэнтацыя дзявятай кнігі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” — “Беларуская Атлянтыда”.

Аўтар кнігі — вядомы мастацтвазнаўца й журналіст Вячаслаў Ракіцкі, ён сабраў у адным выданьні тэксты выбраных перадачаў аднайменнай праграмы, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода ад 2000 да 2005 году.

Радыёпраграма “Беларуская Атлянтыда”, а цяпер і кніга з такой назвай — гэта гутаркі Вячаслава Ракіцкага зь вядомымі людзьмі навукі, літаратуры, мастацтва пра невядомыя, забытыя ці скрадзеныя факты й зьявы беларускай гісторыі й культуры.

Сярод шукальнікаў Атлянтыды — пісьменьнікі Вольга Іпатава, Алесь Петрашкевіч, Пятро Васючэнка, філёзафы Алесь Анціпенка, Валянцін Акудовіч, гісторыкі Анатоль Грыцкевіч, Генадзь Сагановіч, Алег Трусаў, Алесь Белы, Захар Шыбека, Ірына Колабава, Ігар Марзалюк, мастацтвазнаўцы Вацлаў Арэшка, Сяргей Харэўскі, фальклярыстка Лія Салавей, этнакультуролягі Тацяна Валодзіна, Тодар Кашкурэвіч, Дзяніс Раманюк, археоляг Ніна Здановіч. Мастацкае афармленьне Генадзя Мацура з выкарыстаньнем афортаў графіка Валерыя Славука.

“У “Беларускай Атлянтыдзе” мы шукаем, вяртаем, абжываем і нават спрабуем міталягізаваць спадчыну беларусаў, — кажа Вячаслаў Ракіцкі, — ідэя “Беларускай Атлянтыды” ў тым, што беларусы — эўрапейскі народ, і ён абавязкова вернецца ў Эўропу, але толькі тады, калі верне сабе гістарычную і культурную памяць”.

“Міты й рэаліі эўрапейскай нацыі, якія адкрыліся ў глыбіні мінуўшчыны Вячаславу Ракіцкаму й ягоным спадарожнікам, агаломшваюць, як агаломшвае чалавека першая ў жыцьці сустрэча з морам, — піша ў прадмове да кнігі дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук і робіць выснову: — Так пра айчынную гісторыю яшчэ не гаварылі”.

Пачатак прэзэнтацыі кнігі Вячаслава Ракіцкага “Беларуская Атлянтыда” а 16-й гадзіне.

Архівы "Беларускай Атлянтыды": • 2006 (2) • 2006 (1) • 2005 (4) • 2005 (3) • 2005 (2) • 2005 (1) • 2004 (4) • 2004 (3) • 2004 (2) • 2004 (1) • 2003 • 2002 • 2001 • 2000
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG