Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія аўтаперавозчыкі скардзяцца на старэньне аўтамабіляў


Радыё Свабода У Менску адбыўся агульны сход сябраў Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў “БАМАП”. Беларускія аўтаперавозчыкі скардзяцца на старэньне аўтамабіляў. У адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі яны накіравалі рэкамэндацыю дазволіць бяспошлінны ўвоз імпартнай тэхнікі.

Сябры БАМАПу лічаць, што айчынны парк грузавой тэхнікі, якая выкарыстоўваецца на рынку міжнародных транспартных паслуг, прыходзіць у заняпад. Вось, напрыклад, што паведаміў адзін з кіраўнікоў прадпрыемства “Белінтэртранс” Андрэй Абрагімавіч:

(Абрагімавіч: ) “Сёлета мы набываем толькі машыны, які былі ў выкарыстаньні. І атрымліваецца, што ўсе тыя, якія застаюцца, з году ў год старэюць. У Беларусі шмат перашкодаў для ўвозу новай тэхнікі. На апошнім сходзе БАМАП было агучана, што колькасьць машын, якія маладзей за тры гады, усяго 11 працэнтаў. І па ўсёй Беларусі назіраецца старэньне парку”.

72 працэнты аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца ў краіне для міжнародных перавозак, маюць больш як сямігадовы “ўзрост”. Гэтая сытуацыя, паводле экспэртаў, стала наступствам недальнабачнай палітыкі ўладаў у дачыненьні да беларускіх аўтаперавозчыкаў. Згаданая палітыка парушае міжнародную практыку, паводле якой для абнаўленьня аўтапарку шырока выкарыстоўваюць лізінг. У 2003 годзе беларускі ўрад скасаваў ільготныя ўмовы для часовага ўвозу ў краіну імпартнай тэхнікі. Гэта было зроблена для таго, каб айчынныя аўтаперавозчыкі набывалі выключна беларускія МАЗы.

Аднак пляны праваліліся. Попыт на менскія машыны не атрымаў шырокага распаўсюду: у 2004 годзе аўтаперавозчыкі набылі ўсяго 260 грузавікоў, а летась і зусім толькі 75. За апошнія тры гады беларускі парк цяжкавагавых аўтамабіляў, што задзейнічаны на міжнародных перавозках, скараціўся больш як на пяць тысяч машын. У той жа час найбліжэйшыя канкурэнты беларусаў умацаваліся. Як паведаміў Радыё Свабода намесьнік старшыні асацыяцыі “БАМАП” Іван Манкевіч, у суседзяў правілы набыцьця грузавой тэхнікі больш абгрунтаваныя й выгадныя:

(Манкевіч: ) “У Расейскай Фэдэрацыі дазволены бяспошлінны часовы ўвоз для міжнародных перавозак новых транспартных сродкаў. У Літве і Польшчы перавозчыкі могуць свабодна набываць любую сучасную тэхніку ў краінах Эўразьвязу. Таму, канечне, у нас умовы неспрыяльныя”.

Спадар Манкевіч паведаміў, што ў сувязі з заняпадам айчыннага аўтапарку БАМАП разам зь Міністэрствам транспарту падрыхтаваў рэкамэндацыі па пераадоленьні крызысу. У прыватнасьці, прапанаваны бяспошлінны ўвоз айчыннымі аўтаперавозчыкамі імпартнай тэхнікі. Гэтыя рэкамэндацыі аформленыя ў выглядзе праекту прэзыдэнцкага указу. Аднак ці будзе ён падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, пакуль невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG