Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе Лукашэнка ствараць “кішэнную апазыцыю”?


Віталь Цыганкоў, Прага Ці пойдзе беларуская ўлада на стварэньне, так бы мовіць, кішэннай грамадзянскай супольнасьці, зь якой і будзе весьці дыялёг? Каго Аляксандр Лукашэнка гатовы назваць канструктыўнай апазыцыяй? Ці патрэбна кіраўніку Беларусі стварэньне праўладнай масавай партыі? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць рэдактар інтэрнэт-выданьня “Беларускія навіны” Кірыл Пазьняк і палітоляг, юрыст Юры Чавусаў.

(Цыганкоў: ) "Сёньня мы працягнем абмяркоўваць некаторыя аспэкты штогадовага пасланьня прэзыдэнта Беларусі. Аляксандр Лукашэнка, сярод іншага, выклаў сваё разуменьне ўзаемадзеяньня дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці – супольнасьць не павінна супрацьстаяць дзяржаве, не павінна ствараць канфрантацыю паміж рознымі групамі насельніцтва.

Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што насьпела неабходнасьць дыялёгу паміж грамадзтвам і ўладай, разам з тым ён адрынуў магчымасьць дыялёгу зь сёньняшняй апазыцыяй. Некаторыя аналітыкі з гэтых выказваньняў сталі рабіць выснову, што беларуская ўлада гатовая пайсьці на стварэньне псэўдаграмадзянскай супольнасьці і зь ёю потым і весьці дыялёг. Тым больш што галоўныя элемэнты гэтай самай супольнасьці паводле Лукашэнкі – прафсаюзы, Саветы, моладзевыя і вэтэранскія арганізацыі... Наколькі Вам падаецца рэальным такое разьвіцьцё падзеяў?"

(Пазьняк: ) “Паводле Лукашэнкі, грамадзянская супольнасьць ужо існуе. У якасьці доказаў ён прывёў існаваньне прадстаўнічых органаў улады, прафсаюзаў, партыяў, грамадзкіх арганізацыяў. Але ж частка зь іх знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, ці больш за тое – яны ўмантаваныя ў дзяржаўную сыстэму. Іншыя ж, непадкантрольныя, знаходзяцца на ўскрайку сацыяльна-палітычнай сыстэмы – з самых розных прычынаў яны маргіналізаваныя. То бок, створаная квазіграмадзянская супольнасьць.

Лукашэнка заяўляе, што народ хоча браць больш актыўны ўдзел у вырашэньні розных пытаньняў грамадзкага жыцьця. І маўляў, улада павінна даць такую магчымасьць. Але ж – прапаганда ўвесь час даводзіць, што ў нас і так суцэльная ўлада народу, ажыцьцёўленая ў тым ліку і праз такія "найвышэйшыя" формы дэмакратыі як Усебеларускія сходы.

На маю думку, дэкляруецца далейшае разьвіцьцё гэтай квазіграмадзянскай супольнасьці, па-першае, дзеля прапагандысцкіх мэтаў, і па-другое, дзеля ўтаймаваньня нерэалізаваных дэмакратычных памкненьняў насельніцтва. Пры тым, як выбудавана сёньня дзяржаўная ідэялёгія, не касмэтычнай і ня ўяўнай дэмакратызацыі быць ня можа”.

(Цыганкоў: ) "Кірыл Пазьняк ужо назваў некаторыя чыньнікі, дзеля чаго ідзе ўтварэньне квазіграмадзянскай супольнасьці. Прывяду яшчэ адзін, замежнапалітычны чыньнік. Нагадаем, што пра дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю ў Аляксандра Лукашэнкі пытаўся на апошняй сустрэчы Ўладзімер Пуцін. Тады беларускі прэзыдэнт адказаў, што грамадзтва ў нас кансалідаванае і, маўляў, няма каго аб''ядноўваць. Цяпер аднак, нейкая неабходнасьць “дыялёгу” спатрэбілася, каб магчыма, нешта паказаць Расеі і Захаду”.

(Чавусаў: ) “Цяжка з Вамі не пагадзіцца, што гэта будзе толькі “дыялёг з самім сабой”. Але я лічу, што выступ Лукашэнкі – адзін з самых цікавых за апошні час. Што кінулася ў вочы – што прамова была надзіва сугучнай таму, што робіць беларуская апазыцыя. Мы бачым апазыцыйную ініцыятыву па стварэньні шырокага грамадзкага руху, а ў прамове Лукашэнкі палова прысьвечаная пытаньням грамадзянскай супольнасьці, так як ён яе разумее.

Выступ Лукашэнкі – адзін з першых, дзе ён займае абарончую пазыцыю, рэагуе на тыя выклікі, якія яму кідае беларуская палітычная альтэрнатыва ў шырокім сэнсе. Я лічу, што гэта вынік той палітычнай кампаніі, якую зладзіў Аляксандр Мілінкевіч падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Зрэшты, нейкага падобнага выступу Лукашэнкі варта было чакаць, бо яшчэ нядаўна адзін з галоўных ідэёлягаў існуючага рэжыму, спадар Праляскоўскі, ужо выказваўся пра імкненьне пабудаваць карпаратыўную дзяржаву ў Беларусі.

Што да ініцыятывы стварэньня адзінага прапрэзыдэнцкага руху, то тут Лукашэнка вельмі какетліва адзначыў, што адміністратыўнымі рычагамі ён гэтага рабіць ня будзе, і толькі калі будзе памкненьне зьнізу, вось тады – так... Я лічу, што гэта сымбалічна і, напэўна, бліжэйшым часам, нейкая такая “ініцыятыва зьнізу” павінна паўстаць.

Але я ня думаю, што гэта зьменіць характар рэжыму. Думаю, што ў адміністрацыі прэзыдэнта ёсьць розныя плыні, і відаць, хтосьці ў якасьці палітычнага праекту прасоўвае ініцыятыву нейкай прапрэзыдэнцкай партыі альбо руху. Напэўна, тут нейкая гульня адміністратыўных клянаў, бо шмат хто ў адміністрацыі бачыць, як расьце БРСМ, і хоча стварыць нешта такое ж “дарослае”.

(Цыганкоў: ) "А ці ёсьць патрэба ў стварэньні такога прапрэзыдэнцкага руху? У сёньняшняй беларускай мадэлі кіраваньня, у якой існуе толькі правадыр і народ, ніякія пасярэднікі, хай і звышадданыя, здаецца, непатрэбныя. Ці патрэбная нейкая “свая” партыя Лукашэнку?"

(Пазьняк: ) "Лукашэнка нават асьцерагаецца зьвязваць сваё імя зь нейкімі палітычнымі брэндамі – існуючымі ці новастворанымі. Бо яны ня маюць і ня могуць мець такой папулярнасьці. У нас аўтакратыя, і гэтым усё сказана. Лукашэнка трымаецца за імідж усенародна абранага, у цяперашняй сытуацыі ніякай выгады ад гэтага яму няма. На маю думку, партыя ўлады можа быць створаная, напрыклад, у выніку досыць сур''ёзнага падзеньня рэйтынгу Лукашэнкі ці пры ўзмацненьні ў пэўных абставінах парлямэнту – карацей, у нейкіх крызысных момантах".

(Цыганкоў: ) "Але вось існуе БРСМ. Гэта ня партыя Лукашэнкі, але арганізацыя, якая закліканая прыцішыць апазыцыйную актыўнасьць моладзі і ўцягнуць моладзь у канфармісцкія структуры. Чаму б не стварыць падобную ж “дарослую” арганізацыю?"

(Пазьняк: ) "Вы слушна адзначылі – сьцішыць моладзевыя пратэсты, бо гэта самая небясьпечная электаральная частка для Лукашэнкі. У іншых слаях насельніцтва такога крызысу няма, і няма патрэбы ў такой партыі".

(Цыганкоў: ) "Калі ўзгадаць, што Аляксандр Лукашэнка гаварыў падчас выступу ў парлямэнце пра апазыцыю, то тут не было нічога новага. Але мне падалося цікавым, што ён назваў апазыцыяй Вольгу Абрамаву, якая задавала пытаньні ад мікрафона. Як можа разьвівацца сытуацыя ў гэтым накірунку? Ці патрэбная Лукашэнку нейкая свая кішэнная апазыцыя?"

(Чавусаў: ) "На самой справе гэтыя гульні ня вельмі цікавыя, гэта сымбалічныя стасункі паміж рознымі элемэнтамі аднаго палітычнага рэжыму. Пэўныя групоўкі ўнутры адміністрацыі будуць ствараць такія "канструктыўна-апазыцыйныя" структуры, а іншыя будуць змагацца з гэтым. Але ў сыстэме рэжыму яны, гэтыя структуры, не адыграюць істотнай ролі. Яны нават ня маюць той ролі, якую маюць структуры псэўдаграмадзянскай супольнасьці кшталту Фэдэрацыі прафсаюзаў і БРСМ".

(Цыганкоў: ) "Ці можа пры пэўных абставінаў Лукашэнка пайсьці на дыялёг з рэальнай апазыцыяй, якая існуе?"

(Чавусаў: ) "Сам Лукашэнка –не. А вось тыя магчымыя структуры, якія могуць быць створаныя ў выглядзе прапрэзыдэнцкай партыі ці руху, могуць пайсьці на дыялёг у выпадку цяжкага становішча для Беларусі ў выніку зьнешнепалітычнай ізаляцыі альбо рэзкага падвышэньня цэнаў на газ. Магчыма, калі паўстане пагроза беларускай незалежнасьці, пэўныя памкненьні да замірэньня будуць зробленыя".

(Пазьняк: ) "Што да дыялёгу з клясычнай апазыцыяй (Мілінкевіч, Казулін), то ён магчымы толькі, калі на вуліцы выйдзе ня некалькі тысячаў, а ў дзясяткі разоў болей.

Што да стварэньня псэўдаапазыцыі, то якраз з гэтага і можа пачацца пабудова “кіраванай дэмакратыі” а ля Пуцін. Лукашэнка апісаў свой узор апазыцыі (Абрамава), і тым самым ён абвясьціў своеасаблівы конкурс – “хто хоча выконваць функцыю апазыцыі, як бачу яе я”? І мне здаецца. цалкам могуць зьявіцца прапановы, бізнэс-пляны..."

(Цыганкоў: ) "А мэта якая? Для чаго Лукашэнку такая апазыцыя?"

(Пазьняк: ) "Для лякіроўкі. У часе нейкіх крызысных момантаў, для перамоваў з Расеяй і Захадам, і на падстрахоўку, калі пачнуцца нейкія небясьпечныя працэсы, тады клясычную апазыцыю можна будзе падмяніць гэтай".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG