Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага сеціва 23 траўня


Дзьмітрый Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва за 23 траўня.

Алена Скарабагатая на “Тузіне гітоў” пра фэстываль “Рок за баброў”: “Атмасфэра навокал больш нагадвала сьвята гораду часоў СССР: паміж шэрай і змрочнай архітэктурай Бабруйску на плошчы кампаніі людзей павольна перасоўваліся ў розных напрамках, некаторыя зь якіх акідвалі бессэнсоўным позіркам прастору перад Палацам мастацтваў і, відавочна, не разумелі, што ж трэба рабіць на такіх мерапрыемствах? Іншыя шукалі што-небудзь мацнейшае за “Колу”. Пад сьпевы INDIGA і Варашкевіча ў натоўпе разгарнулі сьцягі БРСМ, празь нейкі час на бальконе насупраць залунаў чырвона-зялёны сьцяг...”

На форуме сайту нехта Госьць у тэме “Ён і яна” даводзіць: “У мяне маці старэйшая за тату на 5 гадоў, дзядуля з боку маці старэйшы за бабулю на 15 гадоў, бабуля зацяжарыла ў 14 гадоў, нарадзілі 11 дзяцей, бабуля з боку бацькі старэйшая за дзеда на 7 гадоў, як вынік — 5 сыноў, брату заўсёды падабаліся жанчыны ці крыху старэйшыя за яго ці зусім дзеці, мяне таксама ў крайнасьці кідае... відаць, гэта ў нас сямейнае. Ага, яшчэ! У старэйшага брата маці розьніца ва ўзросьце паміж старэйшым і малодшым сынамі ў 35 гадоў”.

У ЖЖ карыстальніца Кацярынка піша пра тэлеканал “RTVi”, на якім ідзе тыднёвая праграма пра Беларусь “Вакно ў Эўропу”: “Паглядзела, што зьмянілася. Дадалі бягучы радок на беларускай мове, але часам ён не зьмяшчаецца ў кадр і застаюцца толькі вяршыні літар. Размова Віталя Портнікава зь Сяргеям Бутманам аб шляхах-раздарожжах Беларусі: аншлюс з Расеяй, "карэізацыя" ці "кубізацыя"... Карацей, як было бачна з першай перадачы: "Вакно ў Эўропу" для Беларусі — гэта "прыемныя" размовы паміж сабой пра наш лёс, пераліваньне з пустога ў парожняе...”

На заканчэньне — яшчэ адно апытаньне, гэтым разам на сайце telegraf.by “Хто больш выйграў ад зьняцьця з беларускага пракату фільма "Код да Вінчы"? Як мяркуюць наведвальнікі сайту, дык найперш выйгралі відэапіраты (амаль 73 працэнты галасоў), потым беларускае грамадзтва (9,4%), царква і стваральнікі фільму — па 7,2%.

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, шчэ сустэнемся…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG