Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Тэрмінал” без аэрапорта і Тома Гэнкса... у рэальным жыцьці


Радыё Свабода, Менск Колішні мянчук Генадзь Новікаў ня можа вярнуцца ў Беларусь. У 1995-м годзе ён выехаў ў Нямеччыну па падробленым савецкаму пашпарту. Савецкага саюзу ўжо няма. І ніводная краіна не прызнае яго за свайго грамадзяніна.

Апошнія 11 гадоў Генадзь Новікаў знаходзіцца ў Нямеччыне. Гісторыю жыцьця Генадзя Новікава нямецкая прэса параўноўвае з прыгодамі Віктара Наворскага – галоўнага героя амэрыканскай кінастужкі "Тэрмінал", аўтарства рэжысэра Стывена Сьпілбэрга, у галоўных ролях з Томам Гэнксам і Катрын Зыта-Джонс.

Сюжэт “Тэрміналу” грунтуецца на сапраўдных падзеях. Грамадзянін Ірана Мэрхан Насэр доўгі час заставаўся ў міжнароднай зоне францускага аэрапорту без магчымасьці пакінуць тэрыторыю лётнішча, бо ў яго скралі пашпарт.

Герой фільма “Тэрмінал” Віктар Наворскі – родам з уяўнай усходнеэўрапейскай краіны Каракозіі. За той час, пакуль ён ляцеў з Усходняй Эўропы ў Нью-Ёрк, у Каракозіі пачалася вайна, і ЗША спынілі з ёй дыпляматычныя стасункі.

Віктар Наворскі ня можа вярнуцца дахаты, бо ўсе рэйсы скасаваныя, і ён ня можа выйсьці зь міжнароднай зоны аэрапорту, бо віза і пашпарт у яго несапраўдныя.

У чаканьні, пакуль вырашыцца лёс, Наворскі жыве ў аэрапорце. Ён вучыць чужую мову, сутыкаецца з абсурднымі бюракратычнымі правіламі і нават заводзіць новых сяброў зь ліку супрацоўнікаў аэрапорту.

45-гадовы беларус Генадзь Новікаў ня мае ані пашпарту, ані грамадзянства.

Новікаў ніколі не прасіў прытулку ў Нямеччыне, аднак, таксама ён не зьяўляецца нелегалам. Спадар Новікаў рэгулярна наведвае нямецкія эміграцыйныя службы.

(Новікаў: ) “У нямецкіх эміграцыйных службах мяне ўсе ведаюць. Я не змагаюся за нямецкае грамадзянства. Я ня немец і я не хачу ім быць. Я ім кажу – пакіньце мяне ў спакоі, я проста хачу нармальна жыць. Я хачу працаваць, мне трэба дазвол на працу, а вашая сацыяльная дапамога мне не патрэбная”.

Так званае Аўслэндэрбэгёрдэ – нямецкае ведамства па справах замежнікаў. Тут спадар Новікаў рэгулярна атрымлівае паперу, якая пацьвярджае ягоную асобу, дае дазволу на непрацяглае знаходжаньне ў краіне, аднак бяз права на працу і жыльлё.

На жыцьцё спадар Новікаў зарабляе нелегальнай працай на будоўлях, а таксама ўрокамі музыкі. Калісьці ў Менску Генадзь Новікаў скончыў музычную вучэльню, а потым кансэрваторыю. Чыноўнікі нярэдка зачыняюць на гэта вочы, паколькі Генадзь, у тым ліку, вучыць музыцы і іхных дзяцей.

(Новікаў: ) “Я клярнэтыст і саксафаніст. Граю тут ў Нойштадце, такі раён ёсьць тут ў нас, дзе іграюць нефармалы-джазісты. Музыку люблю выкладаць. Для таго, каб выкладаць афіцыйна, мне трэба атрымаць ліцэнзію ў мясцовай музычнай установе, аднак я не магу, бо я чалавек без статусу”.

У 1991 годзе разам зь сям’ёй Генадзь Новікаў падаў паперы на выезд на сталае жыхарства ў Англію, аднак незадоўга да ад’езду ў ягонай маці дыягнаставалі рак. Жонка і маленькая дачка эмігравалі ў Ангельшчыну, але ж сам жа Генадзь застаўся даглядаць за маці. Пасьля яе сьмерці, Генадзя пазбавілі ведамственнага жытла, у якой жыла ягоная маці. Новікаў спрабаваў выехаць за мяжу, аднак замежны, тады яшчэ савецкі, пашпарт яму ніхто не выдаў. З гэтага ягоныя прыгоды і пачаліся. Далей былі: падробка дакумэнтаў, спроба скрасьці грошы, нямецкая турма і датэрміновае вызваленьне за ўзорныя паводзіны.

Днямі ведамства па справах замежнікаў у Дрэздэне атрымала зь Менску наступны адказ на свой запыт:

“Спадар Новікаў, паводле некаторых зьвестак жыў у Рэспубліцы Беларусь, у Менску, з 1991 па 1995 год, аднак без прапіскі і рэгістрацыі. Гэта азначае, што сталага жыльля ў Беларусі ён ня мае, як і ня мае беларускага грамадзянства”.

"Тэрмінал без аэрапорту і бяз Тома Гэнкса" – так называецца артыкул, надрукаваны ў нямецкай "Dresdner Nachrichten". Як піша журналістка Гайдрун Гануш, прозьвішча яе героя – Новікаў – чымсьці нагадвае прозьвішча героя фільму амэрыканскага фільму "Тэрмінал" – Наварскі. І шмат у чым падобныя самі гісторыі. Абодва героі, якія маюць усходнеэўрапейскае паходжаньне, хочуць жыць на Захадзе, аднак трапіўшы туды, адначасна трапляюць у тупік.

Аднак, як зазначае Гайдрун Гануш, гісторыя колішняга менчука Генадзя Новікава куды менш рамантычная:

(Гануш: ) "Гэтая гісторыя куды менш рамантычная і куды больш складаная. За плячыма 45-гадовага Генадзя Новікава фальшаваныя паперы, прысуд нямецкага суду, зьняволеньне ў баварскай турме. Аднак сутнасьць сытуацыі, тым ня менш, вельмі падобная. Чалавек апынуўся ў замежжы, і ў яго няма ніякага выйсьця. Новікаў ня можа заставацца ў Нямеччыне, аднак яго не прымае назад і Беларусь. Гэтая гісторыя, такая звычайная для цяперашняй Эўропы, ёсьць такой надзвычайнай, калі ўзяць жыцьцё канкрэтнага чалавека".
XS
SM
MD
LG