Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум у Чарнагорыі натхніў сэпаратыстаў у Босьніі і Гішпаніі


Валер Каліноўскі, Прага Большасьць грамадзян Чарнагорыі на ўчарашнім рэфэрэндуме заявіла пра жаданьне жыць незалежна ад Сэрбіі, за дзяржаўны сувэрэнітэт прагаласавала 55,4 працэнты выбарцаў. Такім чынам завяршаецца поўны распад Югаславіі, краіны, якая паўстала ў 1918 годзе, пасьля першай сусьветнай вайны. Чарнагорская незалежнасьць, як адзначаюць многія, прыйшла мірна ў адрозьненьне ад большасьці іншых былых югаслаўскіх рэспублік.

Чарнагорыя вабіць турыстаў найперш сваім краявідам -- высокія горы і блакітнае мора. Шмат беларускіх турфірмаў арганізоўваюць авія і аўтобусныя туры на Адрыятычнае ўзьбярэжжа Чарнагорыі. Кошты там параўнальна нізкія, візы беларусам непатрэбныя, хоць паводле больш дасьведчаных турыстаў, сэрвіс там пакуль яшчэ адстае ад лепшых эўрапейскіх узораў. Маштабы гэтай краіны невялікія, у Чарнагорыі жыве ўсяго 650 тысячаў чалавек. Чарнагорыя лічылася бяднейшай і найбольш залежнай ад Бялграду рэспублікай былой Югаславіі. Але апошнім часам Чарнагорыя ў большай ступені, чым Сэрбія, цягнулася да Эўразьвязу, яна нават адмовілася ад дынараў і ўвяла на сваёй тэрыторыі эўра. І цяпер чарнагорскія лідэры разьлічваюць, што без Сэрбіі ім удасца хутчэй уступіць у Эўразьвяз, паколькі Сэрбія мае праблемы з выдачай ваенных злачынцаў Гааскаму трыбуналу. Чарнагорыя сапраўды можа хутчэй далучыцца да Зьвязу, на гэты момант яе эканамічны рост складае 4 адсоткі, інфляцыя і дэфіцыт бюджэту адпавядаюць стандартам Эўразьвязу.

Ініцыятар і натхняльнік рэфэрэндуму ў Чарнагорыі – прэм’ер-міністар Міла Джуканавіч -- фактычны кіраўнік дзяржавы, бо прэзыдэнт Філіп Вуянавіч мае абмежаваныя паўнамоцтвы. Джуканавіч -- вельмі таленавіты і энэргічны палітык, лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі Чарнагорыі, яму цяпер 44 гады, але пачынаў сваю кар’еру ў камуністычныя часы, а ў 29 гадоў упершыню стаў прэм’ер-міністрам Чарнагорыі. У 1991 годзе ў Югаславіі пачыналася вайна, а ў ягонай рэспубліцы быў спакой. Да 1997 года ён падтрымліваў прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча, пазьней стаў адным з самых моцных ягоных крытыкаў. Тады ж ён разьвітаўся з камуністычнай ідэялёгіяй і адкрыў Чарнагорыю сьвету.

Пасьля адстаўкі Мілошавіча Джуканавіч не змог адаптавацца да зьменаў у рэгіёне, пад ціскам Бяглраду ў 2003 годзе ён падпісаў саюзную дамову з Сэрбіяй, але не адмовіўся ад амбіцый наконт чарнагорскай незалежнасьці. Ёсьць інфармацыя, што пасьля сёлетніх парлямэнцкіх выбараў ён зьбіраецца ў адстаўку, каб заняцца турыстычным бізнэсам.

У Бялградзе ўжо заявілі, што прымаюць выбар народу Чарнагорыі, які сьведчыць, што большасьць хоча незалежнасьці. Прадстаўнік ураду Сэрбіі Расім Ляіч зазначыў, што Бялград будзе імкнуцца захаваць сяброўскія адносіны паміж дзьвюма краінамі, што фэдэральны ўзровень улады ў Бялградзе будзе трансфармаваны ў чыста сэрбскі, што ніякіх антычарнагорскіх пачуцьцяў у Сэрбіі няма.

У Славеніі віталі вынікі чарнагорскага рэфэрэндуму, прэзыдэнт гэтай краіны ўжо сёньня наведаў Падгорыцу. Босьнія і Герцагавіна таксама выказалася ў падтрымку волевыяўленьня народу Чарнагорыі, аднак прадстаўнікі Рэспублікі Сэрбскай – аўтаномнага ўтварэньня ў складзе Босьніі – выказалі жаданьне правесьці аналягічны рэфэрэндум у сябе, каб аддзяліцца ад мусульманска-харвацкай фэдэрацыі.

Нечаканы водгук гэты рэфэрэндум знайшоў у Гішпаніі, у якой лідэры сэпаратысцкіх партыяў Каталёніі і краіны Баскаў заявілі, што таксама хочуць стварыць незалежныя дзяржавы ў складзе Эўразьвязу, і што прыклад маленькай Чарнагорыі іх натхніў. Дарэчы, у Каталёніі 18 чэрвеня і так пройдзе рэфэрэндум наконт наданьня правінцыі большай аўтаноміі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG