Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 траўня -- Усясьветны дзень памяці ахвяраў СНІДу


Галіна Абакунчык, Менск 21 траўня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці памерлых ад СНІДу. Памінальныя імпрэзы штогод праходзяць у трэцюю нядзелю траўня, пачынаючы з 1983 году. Ахвярамі імунадэфіцыту ў сьвеце сталі 25 мільёнаў чалавек.

Сёлета колькасьць ВІЧ-інфікаваных у Беларусі павялічылася на 299 асоб, і цяпер іх 7 тысяч 309 чалавек. 96 сярод іх — дзеці. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Глябальнага фонду для барацьбы са СНІДам, беларускія ўлады здолелі распачаць паўнавартаснае лекаваньне двух соцень хворых у Беларусі. Гаворыць намесьнік міністра аховы здароўя Міхаіл Рымжа.

(Рымжа: ) “Раней у нас хворыя лекаваліся паводле адной схемы. Калі атрымалі прэпараты гранту Глябальнага фонду, — мы сёньня пашыраем схему лекаваньня. Нехта на ранейшай стадыі атрымоўвае, нехта — на пазьнейшай. Ні капейкі зь бюджэту на лекаваньне хворых не бяром”.

Як паведаміў спадар Рымжа, галоўным чыньнікам распаўсюду інфэкцыі найчасьцей становяцца сэксуальныя кантакты: у 2004 годзе такіх выпадкаў было зарэгістравана 49%, а ў 2005 — 57%. Усяго ад ВІЧ-інфэкцыі ў Беларусі памерла 797 чалавек, у стадыі СНІДу — 255. Паводле загадчыцы аддзелу прафіляктыкі ВІЧ-СНІДу Ліліі Мялешка, ніводзін з гэтых людзей да апошняга дня не застаўся без дапамогі. Аднак яна не хавае, што хворыя людзі й іхныя сваякі асьцерагаюцца дыскрымінацыі.

(Мялешка: ) “Як правіла, яны просяць, каб не афішавалася нават прычына сьмерці хворага чалавека. Напэўна, у людзей ёсьць такое пачуцьцё, што як нехта ўведае, дык да іх будуць рабіцца нейкія захады — у пляне працы, вучобы, кар’еры й гэтак далей”.

Стыгма й дыскрымінацыя з боку грамадзтва і ўладных структураў змушаюць некаторых хворых шукаць паразуменьня ў царкве. Гэтак сталася з 29-гадовай Аленай і ейным мужам.

(Алена: ) “Гэта быў 2000-год. Аналіз паказаў станоўчы вынік на ВІЧ-інфэкцыю. А таму праблемы са здароўем былі вялікія. Мы шмат дзе шукалі дапамогі. Да прыкладу, ёсьць такі цэнтар прафіляктыкі СНІДу. Мы пыталіся: што нам рабіць, якія лекі прымаць? Але нам нічым не дапамаглі. Мякка кажучы, мы сутыкнуліся са сьцяной абыякавасьці. Мы былі людзьмі другога гатунку, і на нас глядзелі, як на адкіды грамадзтва. Я не хацела паміраць, і я папрасіла: “Божа, калі ты ёсьць, — дапамажы мне”. І ён пачаў дзейнічаць — празь людзей. І прывёў мяне ў гэту царкву, царкву “Слова веры”.

Толькі ў мінулым годзе ад ВІЧ-СНІДу ў сьвеце памерла 3 мільёны 100 тысяч чалавек. Больш за 40 мільёнаў зямлян — хворыя на імунадыфіцыт. Адмыслоўцы прагназуюць, што ў выніку сьмяротнасьці дарослых жыхароў плянэты з прычыны ВІЧ-СНІДу да 2010 году сіротамі застануцца каля 25 мільёнаў дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG