Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыюш Машкевіч: "Радыё Свабода нясе дух свабоды ў Беларусь"


Вольга Караткевіч, Прага 52 гады таму пачаліся перадачы Радыё Свабода па-беларуску. У гэтыя дні ў Празе знаходзіцца былы пасол Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч, які расказаў пра значэньне Радыё для польскага дэмакратычнага руху.

(Карэспандэнт: ) "Марыюш, якое значэньне мела Радыё Свабода для Польшчы за часамі камуністычнай улады?"

(Машкевіч: ) "Я – маладзейшы за Радыё Свабода, і для мяне як паляка назоў асацыюецца як радыё Свабодная Эўропа. Найбольш памятаю галасы Яна Новака-Езяраньскага, Марка Латыньскага і Аліны Грабоўскай. Слухаць Радыё Свабода было забаронена, гэта пагражала сур''ёзнымі санкцыямі для маіх дзядоў і бацькоў у 1950-х гадох, калі пачалася трансьляцыя. Мой бацька распавядаў, што дзед зьбіраў людзей у доме, зачынялі вокны і пакідалі вонкі аднаго чалавека, які б пільнаваў, ці нехта не падслухоўвае.

Слухалі вечарамі, бо тады сама меней перашкаджалі глушылкі. У тыя часы гэта быў адзіны голас з замежжа. Папулярнасьць радыё падвысілася пасьля сэнсацыйнага інтэрвію з палкоўнікам польскай службы бясьпекі Сьвятлам, які ўцёк на Захад. Ён расказаў слухачам Свабоды пра сваю службу польскім бальшавікам. Гэта ўзрушыла польскую грамадзкую думку, і пасьля гэтага Радыё Свабодная Эўропа стала больш папулярным за Бі-Бі-Сі, якое ў часе другой усясьветнай вайны далучыла польскіх слухачоў".

(Карэспандэнт: ) "Асабіста Вы калі пачалі слухаць Радыё Свабода?"

(Машкевіч: ) "Асабіста я першы раз пачуў перадачу Радыё Свабодная Эўропа ў сьнежні 1970 году. Мне было 11 гадоў і я вельмі баяўся, што будзе вайна. Мы жылі з бацькамі ў Галенаве, каля Шчэціна. Гэта каля 30-ці кілямэтраў ад шчэцінскай судавэрфі. Да нас даходзіла трывожная інфармацыя пра забурэньні ў горадзе, пра забітых на вуліцах, пра танкі на вуліцах і падпалах будынка кампартыі. Упершыню я сапраўды баяўся.

Пасьля, будучы навучэнцам ліцэю і пазьней студэнтам я стаў слухаць Радыё Свабодная Эўропа часьцей. У часе страйкаў у 1976 годзе і ў часе нараджэньня Салідарнасьці ў 1980 годзе. Бліжэй далучыўся да радыё ў васьмідзесятых гадах. Інфармацыя дазваляла нам, маладым людзям, пачувацца больш бясьпечна, калі мы даведваліся з далёкага Мюнхэну, дзе месьцілася сядзіба Радыё, хто арыштаваны, у каго зрабілі ператрус, дзе раздаваліся ўлёткі і наколькі актыўная апазыцыя ў розных рэгіёнах Польшчы. Я правёў шмат гадзінаў, слухаючы перадачы, якія глушылі, з удзелам Яцка Качмарскага".

(Караткевіч: ) "А пра што ён рабіў перадачы?"

(Машкевіч: ) "Яцак Качмарскі быў сьпеваком, ён складаў вельмі цікавыя песьні і выконваў іх пад гітару, яны былі вельмі папулярныя. Ён рабіў перадачы, у якіх камэнтаваў сытуацыю ў Польшчы, але гэтак паэтычна, і пеў свае песьні.

Тады не было інтэрнэту, і адзіны кантакт – гэта пераказ з інфармацыі праз тэлефон каму-небудзь зь дзеячаў апазыцыі ці замежным карэспандэнтам у Варшаве. Яны перадавалі гэтую інфармацыю далей, якая трапляла да карэспандэнтаў Радыё Свабода.

Значэньне нецэнзураванай інфармацыі ў Польшчы ў 1980-х гадах можна цяпер параўнаць з тым, што адбываецца ў Беларусі і са значэньнем Беларускай службы Радыё Свабода. Кожны актывіст, які нешта робіць, – пікеты, флэш-мобы, вывешваньне беларускіх сьцягоў, – можа перадаць амаль імгненна інфармацыю пра гэта ў Прагу, і нават фотаздымкі для сайту Свабоды. Гэта дае вялізарны патэнцыял для салідарнасьці, таму сёньня Радыё Свабода, маючы большыя тэхнічныя магчымасьці, ня толькі інфармуе Беларусь, але і, перадусім, нясе дух свабоды, якога ў Беларусі бракуе. Я спадзяюся, што праз кароткі час дзякуючы актыўнасьці аўтараў і супрацоўнікаў Радыё Свабода, рэдакцыя пераедзе ў Менск і будзе адной са шматлікіх радыёстанцыяў. Жадаю гэтага ад шчырага сэрца ўсім слухачам нашай юбіляркі, таму што місія Радыё Свабода, як бы гэта не гучала парадаксальна і нават сьмешна, гэта спрыяньне працэсу, які б дазволіў спыніць працу гэтага радыё. Як гэта было з Польскай рэдакцыяй Радыё Свабода".

(Караткевіч: ) "Марыюш, я бачу ў Вас на руцэ такі бранзалет, плястыкавы...

(Машкевіч: ) "Сыліконавы..."

(Караткевіч: ) "На ім напісана "Wolna Białoruś". Хто гэта вырабляе і распаўсюджвае?"

(Машкевіч: ) "Гэта польскія студэнты з розных студэнцкіх арганізацыяў, якія падтрымлівалі акцыі з канца мінулага года і бралі ўдзел у акцыях салідарнасьці зь Беларусьсю ў Польшчы".

(Караткевіч: ) "І на завяршэньне гэтай гутаркі – што б Вы перадалі тым, з кім Вы сядзелі і беларусам, якія цяпер змагаюцца за свабоду?"

(Машкевіч: ) "Я б перадаў, што трэба прайсьці цяжкі час, каб гэтая свабода больш смакавала, каб было больш смачна потым".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG