Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лос-Анджэлес Таймс”: ад вітамінаў карысьці няма


Кастусь Бандарук, Прага Даволі часта прыходзіцца чуць заявы навукоўцаў, якія пераварочваюць з ног на галаву нашае традыцыйнае ўяўленьне пра тое, што шкоднае, а што карыснае, гэта асабліва датычыць нашай дыеты і харчаваньня. Амэрыканская газэта “Лос-Анджэлес Таймс” зьмясьціла сёньня артыкул пад загалоўкам “Няма ніякай карысьці ад прыйманьня вітамінаў”.

"Хаця некаторыя дадаткі да харчаваньня карысныя, аднак няма пераканаўчых доказаў таго, што полівітаміны карысныя для здароўя дарослых людзей". Да такой высновы прыйшла фэдэральная камісія Нацыянальнага інстытуту аховы здароўя ЗША. Прыблізна палова дарослых амэрыканцаў рэгулярна спажывае розныя вітаміны. Яны штогод у сярэднім выдаткоўваюць на гэта 23 мільярды даляраў. Вучоныя прыйшлі да высновы, што большасьць тых, хто глытае розныя вітаміны, гэта здаровыя людзі, якія добра харчуюцца. Навукоўцы лічаць, што няма патрэбы прыймаць дадаткова бэтакарацін (адзін зь відаў вітаміну А), паколькі ён ніяк не прадухіляе рак і хваробы сэрца. Сябра камісіі Пэтсі Брэнан перасьцерагла, што кожны дзясяты з тых, хто прымае розныя біядадаткі можа перавысіць дапушчальны ўзровень вітамінаў і мінэралаў ў арганізьме. Вучоныя прыйшлі да высновы, што празьмерная колькасьць ніяцыну можа пашкодзіць печань.

З артыкулу можа скласьціся ўражаньне, што ўсе мы памыляемся глытаючы розныя вітаміны і мінэралы? Дык навошта лекары іх рэкамэндуюць?

Справа ў тым, што дасьледаваньне не ахоплівала дзяцей і тых людзей, якія дрэнна харчуюцца. Гаворка ідзе пра дарослых, якія нармальна харчуюцца. Камісія выразна пацьвердзіла, што некаторыя вітаміны і мінэралы вельмі карысныя і пажаданыя. Напрыклад, антыаксыданты і цынк запавольваюць дэгенрацыю сятчаткі, якая прыводзіць да сьлепаты ў старых людзей. Кальцый і вітамін Д карысна ўплываюць на косткі, асабліва ў жанчын пасьля мэнапаўзы. “Але калі вы прымаеце нейкія вітамінныя дадаткі, прымайце іх толькі дзеля таго, каб дапоўніць іх ўзровень у арганізьме да неабходных 100%, але не перавышайце гэтай нормы", – рэкамэндуе Пэтсі Брэнан.

Старшыня камісіі доктар Майкл Мэкгініс з Нацыянальнага інстытуту мэдыцыны прызнае, што дасьледваньне было кароткатэрміновае і камісія няўпэўненая, які доўгатэрміновы ўплыў полівітамінаў на здароўе дарослых людзей. Патрэбныя далейшыя, больш грунтоўныя дасьледаваньні, адзначае старшыня камісіі.
XS
SM
MD
LG