Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Валеры Маракоў


Уладзімер Арлоў, Менск 27.3.1909, в.Акалонія (цяпер у межах Менску) – 29.10.1937, Менск

“Валеры Маракоў быў адным з самых таленавітых паэтаў 1920 – 30-х гадоў. Моладзь любіла ягоную паэзію. Дзіўна, але яе чамусьці вабіў той пэсымізм, разгубленасьць. Мабыць, настрой паэзіі Маракова адпавядаў настроям чытачоў? Гэта была паэзія каханьня, надзей і расчараваньняў, адыходу ад грамадзкага афіцыёзу ў сьвет хараства, у сьвет чалавечнасьці”. Такая характарыстыка належыць пяру сучаснага беларускага літаратуразнаўцы зь Нью-Ёрку Лявона Юрэвіча. Ня менш высока творчасьць Маракова ацэньвалі ягоныя блізкія знаёмыя й калегі. Паэт Станіслаў Шушкевіч апавядаў, як цешыўся першымі паэтычнымі крокамі Маракова Янка Купала. Сяргей Грахоўскі прыгадваў, што першы зборнік Валерыя “Пялёсткі” пераходзіў з рук у рукі і перапісваўся “ў патаемныя дзявочыя зборнікі”.

Але ад канца дваццатых гадоў у друку ўсё часьцей гучалі іншыя водгукі й ацэнкі – “безнадзейны пэсымізм”, “блуканьне ў нетрах упадніцтва”, “стаяньне ўбаку ад сацыялістычнага будаўніцтва”. Заставаўся адзін крок да палітычных абвінавачваньняў.

Паэт спрабаваў схавацца ад “аглабельшчыны” ў асяродзьдзі тагачаснай менскай літаратурнай багемы, якая стварыла славуты ТАВІЗ, або, як расшыфроўвалася гэтая абрэвіятура – “Таварыства аматараў выпіць і закусіць”. Валеры намагаўся рыфмаваць нешта патрэбнае ўладзе пра камісараў, Асінбуд і запалкавую фабрыку, але празь дзяжурныя радкі прабівалася прадчуваньне блізкае трагедыі – і агульнанацыянальнай, і асабістай:

Шчасьлівы я, што тут жыву. Й за гэты край вясной вялікай, Быць можа, зьнімуць галаву, Праколюць цела вострай пікай...

У 1935-м Маракова за публікацыю верша “Песьня перамог” на паўгоду выключаюць з Саюзу пісьменьнікаў. Тады сама адбываецца першы арышт – за ўдзел у “контаррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі”. Варанок прыязджае і па ягонага бацьку Дзьмітрыя, царкоўнага старасту, якога засудзілі на 10 гадоў. Праз год паэта зноў арыштоўваюць...

Пасьля году катаваньняў яго разам зь яшчэ 21 літаратарам расстралялі ў менскай турме на досьвітку 29 кастрычніка 1937-га. Разгляд кожнай справы ў судзе замаў роўна 15 хвілінаў. У прыгарадным лесе, які пазьней стаў паркам Чалюскінцаў, зьявілася новая безыменная братняя магіла.

Бацьку паэта, Дзьмітрыя Захаравіча, пасьля вяртаньня з ГУЛагу гэбісты бясконца – нават у 80 гадоў – цягалі на допыты. Трагічны лёс напаткаў і малодшых братоў Валерыя Маракова – Леаніда і Уладзімера, якія таксама сьвядома служылі Беларусі. Першага ў 1943-м расстралялі баевікі Арміі краёвай, другі ў 1956-м вярнуўся з савецкага канцлягеру псыхічна хворым.

Сёньня ў Беларусі добра ведаюць пляменьніка паэта – пісьменьніка й дасьледніка Леаніда Маракова, які шмат зрабіў для вяртаньня творчай спадчыны свайго дзядзькі і зьдзейсьніў сапраўдны подзьвіг, выдаўшы энцыкляпэдычны даведнік у чатырох кнігах, прысьвечаны рэпрэсіям у Беларусі за два апошнія стагодзьдзі.
XS
SM
MD
LG