Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй Васіля Быкава ў Бычках дагэтуль афіцыйна ня здадзены


Ігар Карней, Менск Сёньня адзначаецца Міжнародны дзень музэяў. Бальшыня беларускіх музэйных устаноў абмежавана ў дзяржаўным фінансаваньні. Гэта датычыць і аднаго з самых маладых музэяў Беларусі – музэя Васіля Быкава. У Бычках, роднай вёсцы пісьменьніка на Ўшаччыне, збудаваны на месцы напаўразбуранай хаты Быкавых музэй трапіў у шэраг даўгабудаў.

Захавальніца музэю Антаніна Быкава, жонка старэйшага брата Васіля Ўладзіміравіча, расказвае, што й праз два гады пасьля афіцыйнага адкрыцьця сам будынак так і не давялі да ладу.

(Быкава: ) “У гэты музэй нічога не даюць, абсалютна. Ён нават яшчэ й ня здадзены. Не, ён адкрыты, і людзі прыяжджаюць, але афіцыйна ня здадзены”.

(Карэспандэнт: ) “А што там яшчэ не гатова?”

(Быкава: ) “Уцяпленьня на гарышчы няма (вось ужо дзьве зімы прайшлі), вокнаў здвоеных так і не паставілі. І яшчэ па дробязях: громаадвод патрэбен ды г.д. Дзякуй богу, што хоць сырасьці няма. Каб было гэтак, што калі прапаліў у хаце, а калі й не, то была б сырасьць. А раз ня паліцца зусім, — дык і нічога! Летам, як цёпла, дык дзьверы расчыняю — так праветрываецца”.

Ёсьць у Беларусі й яшчэ адзін музэй, прысьвечаны народнаму пісьменьніку Васілю Быкаву. Створаны ён на грамадзкіх асновах у Горадні намаганьнямі пэнсіянэра, вэтэрана вайны Мікалая Мельнікава.

(Мельнікаў: ) “Што тычыцца выкананьня, то мы больш-менш дасягнулі мэты. Цяпер зьвярнуліся зь лістом у гарсавет, каб яны надалі музэю дзяржаўны статус і ўзялі на сябе фінансаваньне. Але пакуль там заяўляюць, што зьбіраюць матэрыялы. Створана адмысловая камісія, якая падлічвае ўсё, што ў нас ёсьць, каб абмеркаваць пытаньне аб стварэньні музэю на сэсіі гарсавету. Калісьці яны нам абяцалі, што ў рамках праграмы “Спадчына” будзе разгледжана пытаньне аб стварэньні музэю. Але пакуль што абяцанка-цацанка, а дурню радасьць”.

Як паведамілі ў Міністэрстве культуры, ушаноўваць памяць выбітнага беларускага пісьменьніка ў Менску пакуль не плянуецца.

Прадстаўніца ведамства Ларыса Каткова ўдакладніла, што пасьля завяршэньня рамонту ў музэі Гісторыі беларускай літаратуры ў абноўленай экспазыцыі Васілю Быкаву “будзе нададзена значная ўвага”. Аднак жонка Васіля Ўладзімеравіча, Ірына Міхайлаўна, схільная лічыць, што больш плёну будзе ад канцэнтрацыі высілкаў на гарадзенскім варыянце музэю Быкава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG