Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які стан музейнай справы ў Беларусі


Ігар Карней, Менск Cёньня – Міжнародны дзень музэяў, які адзначаецца пад эгідай ЮНЭСКА. Пра стан музэйнай справы ў Беларусі зь гісторыкам мастацтва Сяргеем Харэўскім размаўляе наш карэспандэнт Ігар Карней.

(Карней: ) “Спадар Харэўскі, як, на ваш погляд, сучасныя беларускія ўлады ставяцца да музэйнай сфэры? Ці можна вызначыць нейкія прыярытэты?”.

(Харэўскі: ) “У складзе мэнталітэту і інтэлектуальнага ўзроўню цяперашняга кіраўніцтва ёсьць складнік іхнага ўяўленьня пра музэйную справу. У іхным разуменьні музэй – гэта, да прыкладу, Брэсцкая крэпасьць, якая атрымала сёлета, да ўсіх гэтых сьвяткаваньняў, 10 мільёнаў даляраў. Цыкляпічныя грошы! Гэты мэмарыял (і ён, сапраўды, важны для краіны) ніколі ня быў бедным. Ён заўсёды быў заможным і спарадкаваным. Абсалютна новая “фішка” – “Лінія Сталіна”. За гэтым аб’ектам, цалкам “ліпавым” і неадэкватным відавочна па капіталаўкладаньнях, будуць наступныя кропкі па гэтай “Лініі Сталіна” – пад Горадняй, іншымі месцамі. Вось яны захапіліся гэтай ідэяй. То бок, усё залежыць ад густу, ад прыярытэтаў вельмі суб’ектыўнага ўспрыманьня аднаго чалавека і тых людзей, якія яго атачаюць”.

(Карней: ) “Выглядае, што ўлады ў музэйнай справе аддаюць перавагу падзеям Другой усясьветнай вайны, чым больш даўняй, дасавецкай гісторыі. Але ў свой час абвяшчаліся цікавыя ідэі стварэньня новых музэяў. Які лёс напаткаў іх?”.

(Харэўскі: ) “Зьбіраліся ў Менску праз столькі-столькі гадоў нарэшце стварыць Музэй гораду (бо ганебна для сталіцы ня мець такога музэю, хоць невялікага). І асновай экспазыцыі гэтага музэю мелася стаць унікальная археалягічная менская калекцыя, пачатак якой быў пакладзены ў 1946 годзе. Гэтая калекцыя налічвала больш за 300 тысячаў адзінак захаваньня, але, як ужо вядома, сёлета яна была ўдарна вывезеная на гарадзкі сьметнік і затрамбаваная бульдозэрамі. Унікальныя скарбы, якія зьбіраліся пакаленьнямі археолягаў, пайшлі на сьметнік. Разам з гэтым, натуральна, можна пахаваць на доўгія-доўгія гады і саму ідэю стварэньня ў Менску Музэю гораду. Вось гэтая акалічнасьць, гэтая гісторыя са зьнішчэньнем менскай археалягічнай калекцыі і ёсьць апафэозам, ёсьць квінтэсэнцыяй той “культурнай палітыкі”, якая праводзіцца ў гэтай дзяржаве”.

(Карней:) “Пры стварэньні музэяў, зьвязаных зь гісторыяй і культурай краіны, найболей востра паўстае праблема памяшканьня. Важна, каб і сам будынак ужо меў гістарычную, музэйную каштоўнасьць. Для ўсясьветнай практыкі характэрным ёсьць разьмяшчэньне экспазыцыяў у старадаўніх замках, храмах. Як вырашаецца гэта праблема ў Беларусі?”.

(Харэўскі: ) “Вельмі часта без папярэдніх прадумваньняў, без папярэдняга аналізу, без вырашэньня наперад праблемы былі вернутыя многія храмы, якія, што праўда, і ацалелі, дзякуючы таму, што былі прыстасаваныя пад музэі. Але ў выніку, прыкладам, перадачы касьцёлу колішняга Кальвінскага збору ў Смаргоні горад пазбавіўся карціннай галерэі. У выніку перадачы праваслаўнай царкве Базылянскага жаночага кляштару ў Горадні горад пазбавіўся шыкоўнай экспазыцыі Музэю гісторыі і рэлігіі. У выніку перадачы касьцёлу ў Берасьці горад апынуўся без выдатных экспазыцыйных заляў, у якіх паўстагодзьдзя быў краязнаўчы музэй. І так фактычна па ўсёй краіне. Нейкіх добрых прыкладаў прывесьці вельмі цяжка. А калі яны ёсьць, то не дзякуючы дзяржаве, а насуперак ёй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG