Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт да 5-годзьдзя гурта “WZ-orkiestra” прайшоў з аншлягам


Севярын Квяткоўскі, Менск Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч сабраў сёньня аншляг у канцэртнай залі “Менск”. Людзей было столькі, што ў праходах давялося ставіць крэслы. Сьпявак сьвяткаваў пяцігодзьдзе свайго праекту “WZ-orkiestra”. За апошнія шэсьць гадоў Вайцюшкевіч выпусьціў шэсьць сольных праектаў, сярод якіх “Паравіны году” і “Паравоз каханьня” – у суаўтарстве з Рыгорам Барадуліным і Алесем Камоцкім адпаведна, а таксама плыту на вершы Леаніда Дранько-Майсюка “Цацачная крама”, ды шэраг іншых. 17 траўня некалькі сотняў чалавек пачулі лепшае з творчасьці Зьмітра Вайцюшкевіча.

У залі панавала атмасфэра прыязьні і чаканьня цуда. Многія гледачы прыйшлі ўпершыню на выступ Зьмітра Вайцюшкевіча:

(Дзяўчына: ) “Я ніколі не чула Вайцюшкевіча, мне вельмі цікава, тое, што адбываецца ў беларукай культуры”.

(Спадарыня: ) “Я чула толькі некалькі рэчаў з праекту “Я нарадзіўся тут”.

У многіх слухачоў імя Зьмітра Вайцюшкевіча асацыюецца з супольнымі музычнымі праектамі “Народны Альбом”, “Сьвяты Вечар” і “Я нарадзіўся тут”, а таксама з творчасьцю гуртоў “Палац” і “Крыві”, дзе Зьміцер быў сярод заснавальнікаў. Сьпявак з удзячнасьцю ўзгадвае пэрыяд сваёй творчасьці перад стварэньнем “WZ-orkiestra”.

(Вайцюшкевіч: ) “Зараз я проста стаў самастойным артыстам, які што прыдумае, тое і робіць Гэта мне вельмі падабаецца”.

Пра апошнія пяць гадоў творчасьці Зьміцер Вайцюшкевіч кажа так:

(Вайцюшкевіч: ) “Магчыма, на пэўны погляд вар’яцкія ідэі, але яны былі, і ёсьць ужо цяпер рэальнымі. Зараз пра беларускую паэзію з музыкай ужо кажуць: быў такі правальны пэрыяд у 1990-2000, пасьля таго, як “Песьняры” ужо не займаліся гэтым. Таму гэтая ніша для мяне зараз існуе. Я спадзяюся, для гледачоў таксама”.

Першыя сольны праекты Зьмітра Вайцюшкевіча – песьні на творы Рыгора Барадуліна – альбом “Паравоз каханьня”, і альбом “Паравіны году” на вершы Алеся Камоцкага. Яму і слова.

(Камоцкі: ) “З Вайцюшкевічам вельмі прыемна сябраваць. У нас па многіх парамэтрах супадае “разьба”. Я зь ім магу пра такія рэчы гаварыць, пра якія ні зь кім не размаўляю. Ёсьць такія людзі, зь якімі пры першай сустрэчы здаецца, што заўсёды так было. Тут такі самы выпадак”.

Увечары 17 траўня выглядала, што ў большасьці тых, хто прыйшоў паслухаць Зьмітра Вайцюшкевіча і ягоны "WZ-orkiestra", так бы мовіць, “разьба” супала: і сьпявак, і гледачы засталіся задаволенымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG