Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На помніку Леніну ў Воршы зьявіўся надпіс пра старшыню гарвыканкаму


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Надпіс “Шабадалаў – забойца” быў зроблены жоўтай фарбай уздоўж пастамэнту помніка Леніну, які стаіць у цэнтры Воршы. Першымі яго заўважылі міліцыянты патрульнае службы ўчора а 5-й раніцы, і на месца здарэньня былі тэрмінова выкліканыя работнікі камунальных службаў.

Дзякуючы іхнай апэратыўнасьці, надпіс быў зьнішчаны літаральна за гадзіну. Але некаторыя аршанцы ўсё-ткі пасьпелі яго заўважыць ды распавесьці пра гэта знаёмым.

Валер Шабадалаў каля трох гадоў узначальвае аршанскі гарвыканкам. Ніякіх “гучных справаў” вакол ягонае асобы жыхары Воршы ня згадваюць. Месца, абранае для надпісу, таксама выклікае ў некаторых неразуменьне: будынак гарвыканкаму месьціцца на суседняй вуліцы, а жыве спадар Шабадалаў увогуле ў іншым раёне. Верагодна, нехта разьлічваў не на прыватную ўвагу старшыні гарвыканкаму, а на больш шырокі розгалас па горадзе.

У гарадзкім аддзеле міліцыі паведамілі, што спадар Шабадалаў пакуль не зьвяртаўся з заяваю пра абразу ўласнага гонару ды годнасьці, але супраць невядомага “мастака” шукаюць, каб пакараць за шкоду гарадзкое маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG