Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады праз суд хочуць прымусіць пратэстантаў прадаць ім свой храм


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Менскім гаспадарчым судзе адбудзецца разгляд пазову Менгарвыканкаму да пратэстанцкай суполкі “Новае жыццё”. Чыноўнікі намагаюцца прымусіць вернікаў прадаць гарадзкім уладам свой храм. Будынак плошчай 1600 квадратных мэтраў яны ацанілі ў 17 000 даляраў. Прыкладна столькі каштуе ў сталіцы маленькі пакой у камунальнай кватэры.

Сёньняшняе паседжаньне другое па ліку ў справе маёмасьці пратэстанцкай царквы “Новае жыццё”. Непрыемнасьці ў вернікаў пачаліся летась у жніўні. Спачатку гарадзкія ўлады пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, на якім месьціцца будынак (былы калгасны кароўнік), а потым пачаліся суды над пастарам і адміністратарам царквы за правядзеньні несанкцыянаваных уладамі набажэнстваў.

Вернікі ладзілі сутачныя дзяжурствы, каб абараняць свой будынак. Чыноўнікі Менгарвыканкаму ў судзе спаслаліся на тое, што будынак нібыта перашкаджае будоўлі ў мікрараёне Сухарава. Але ў судзе так і не прадставілі пляну забудовы.

Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч лічыць, што суд стане на бок Менгарвыканкаму.

(Юрэвіч:) “Я не чакаю, што суд будзе на нашым баку і, што ён будзе пільна разгледжваць усе матэрыялы гэтай справы. Аднак Менгарвыканкам вымушаны на сёньняшняе паседжаньне прадставіць плян разьвіцьця мікрараёну Сухарава. Без яго суду будзе цяжка прымусіць нас падпісаць дамову аб продажы нашага будынку. Мы будзем усімі даступнымі сродкамі адстойваць нашы правы.”

Васіля Юрэвіча судзілі за арганізацыю несанкцыянаванага ўладамі набажэнства. У выніку яго аштрафавалі на 6 000 даляраў. Васіль мае чатырох дзяцей. Ён распавёў, што разам з позвай у суд, атрымаў ліст ад асацыяцыі шматдзетных сем’яў аб тым, што яго сям’ю выключылі з арганізацыі. Васіль Юрэвіч распавёў, што яго сям’я штогод ўдзельнічала ў спартовых спаборніцтвах “Мама, тата, я – дружная сям’я”. Сёлета чыноўнікі паведамілі на сходзе бацькам, што перад пачаткам спаборніцтваў будуць уздымаць дзяржаўны сьцяг пад гукі гімну. Трэба, каб дзеці стаялі, павярнуўшы галаву на сьцяг. Бацькі абурыліся. Васіль Юрэвіч выказаўся, што ён, як вернік супраць палітызацыі дзіцячага мерапрыемства. Пасьля гэтага яму забаранілі прыводзіць дзяцей на спаборніцтвы. Сям’ю Васіля Юрэвіча пазбавілі сяброўства ў асацыяцыі з фармулёўкай: “за зьнявагу і абразу дзяржаўных сымбаляў”.

(Юрэвіч:) “Я асабліва не перажываю, але мне шкада маіх дзяцей. Яны рыхтаваліся і плянавалі добра выступіць. Яны ў мяне хоць і маленькія, але маюць узнагароды ў спартовай гімнастыцы. Дзеці марылі заняць лепшыя месцы.”

Сёньня ў гаспадарчым судзе можа быць вынесена рашэньне ў справе прымусовага продажу будынку пратэстантаў. Вернікі паведамілі, што ў выпадку, калі іх пазбавяць будынку, набажэнствы будуць праводзіць перад будынкам Менгарвыканкаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG