Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвіла сустракаецца зь беларускай дыяспарай у Аўстраліі


Сяргей Навумчык, Мэльбурн Працягваюцца сустрэчы старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы з актывістамі беларускіх арганізацыяў у Аўстраліі.

У Сыднэі Івонку Сурвілу прывітаў старшыня Беларускага грамадзка-культурнага клюбу Міхась Лужынскі. У будынку клюбу адбылася сустрэча зь беларусамі Сыднэю, падчас якой абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі і спосабы, якімі дыяспара можа дапамагчы дэмакратызацыі Бацькаўшчыны.

Івонка Сурвіла наведала Сыднэйскі ўнівэрсытэт – найбольшую навучальную ўстанову Аўстраліі. Прафэсар Вольга Качан расказала пра навуковыя праграмы ўнівэрсытэту, дзе, дарэчы, захоўваецца калекцыя беларускіх пэрыядычных выданьняў.

Варта сказаць, што аўстралійскія беларусы вялі актыўную выдавецкую дзейнасьць – выходзілі часопісы “На варце” і “Лучнік”, бюлетэнь “Новае жыцьцё” (гэты апошні цяпер адноўлены намаганьнямі прадстаўніка апошняй хвалі эміграцыі Віктара Кавалеўскага).

Пасьля Сыднэю Івонка Сурвіла накіравалася ў Мэльбурн, які доўгі час лічыўся цэнтрам беларускага жыцьця ў Аўстраліі. Старшыня Рады БНР наведала набажэнства ў царкве Трох віленскіх пакутнікаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, сустрэлася зь сябрамі парафіяльнай рады. Кіраўнік Фэдэральнай рады беларускіх арганізацыяў ў Аўстраліі Яўген Груша наладзіў прыманьне, на якім прысутнічалі і лідэры беларускіх арганізацыяў штату Вікторыя. Дарэчы, шмат хто зь іх зьбіраў сродкі для дапамогі ахвярам Чарнобылю, 20-годзьдзе якога нядаўна ўспаміналі ў парлямэнце штату Вікторыя. Удзельнікі вакальнай групы “Каліна” прэзэнтавалі свае песьні, выдадзеныя на CD.

Івонка Сурвіла наведала беларускія могілкі ў Фоўкнэры, дзе ў 1970-я гады ўстаноўлены помнік “На вечны ўспамін спачылых усіх ведамых і няведамых Беларусаў”.

У аўторак старшыня Рады БНР вылятае ў Эдэлэйд, дзе таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG