Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія апазыцыянэры зьвярнуліся па дапамогу да Віктара Юшчанкі


Юры Сьвірко, Кіеў Сёньня ў будынку Саюзу пісьменьнікаў Украіны, побач з будынкам сакратарыяту прэзыдэнта Ўкраіны, адбылася прэсавая канфэрэнцыя прадстаўнікоў беларускай апазыцыі Вячаслава Сіўчыка, Зьмітра Дашкевіча і Тацяны Ванінай, якія абнародавалі свой зварот да прэзыдэнта Ўкраіны з просьбай прыняць беларускіх палітычных уцекачоў ды паспрыяць міжнароднаму ціску на Расею для недапушчэньня аншлюсу Беларусі.

Прэсавая канфэрэнцыя была заяўленая як мерапрыемства з удзелам кіраўнікоў менскага Майдану. Вячаслаў Сіўчык, які быў удзельнікам і кіеўскага Майдану пры канцы 2004 году, гэтак патлумачыў мэту звароту да Віктара Юшчанкі:

(Сіўчык: ) “Мы не дасягнулі перамогі. Больш за тое, перад нашай краінай павісла вельмі сур’ёзная пагроза, якраз зьвязаная з тым самітам, які адбудзецца ў Санкт-Пецярбурзе. Мы вельмі баімся, што здарыцца чарговы Мюнхэн, будуць ажыцьцёўленыя расейскія імпэрскія пляны аншлюсу нашай краіны”.

Яшчэ адзін удзельнік прэсавай канфэрэнцыі Зьміцер Дашкевіч, якога пры канцы мінулага тыдня выпусьцілі зь менскай турмы на Акрэсьціна, зачытаў сам зварот да ўкраінскага лідэра:

(Дашкевіч: ) “Мы зьвяртаемся да Віктара Юшчанкі, зьвяртаемся да ўсяго ўкраінскага народу з просьбаю падтрымаць беларусаў у іх няпростым змаганьні за сваю незалежнасьць, за сваю самастойнасьць, за сваё права на ўласны выбар. “Шаноўны Віктар Андрэевіч, – так пачынаецца наш зварот, – сёньня відавочна, што Крэмль ізноў ператварае Расею ў імпэрыю зла. Экспансійная палітыка расейскага імпэрыялізму праяўляецца ў многіх краінах, у асноўным у краінах былога Савецкага Саюзу. Але калі ў Грузіі і Малдове фактычна акупаваныя толькі часткі тэрыторыі, то ў выпадку Беларусі расейскія ўлады хочуць інкарпараваць усю краіну, уключыўшы ў склад Расейскай Фэдэрацыі шасьцю абласьцямі”.

На прэсавай канфэрэнцыі паўстала пытаньне пра колькасьць беларускіх уцекачоў ва Ўкраіне. Рэч у тым, што людзей з такім афіцыйным статусам дагэтуль ва Ўкраіне няма. Яшчэ за часам прэзыдэнцтва Кучмы некалькі гамяльчанаў зьвярнуліся па статус уцекачоў, але ім адмовілі. А Віктар Юшчанка таксама не даваў прытулку беларусам, хаця прынамсі пра адну такую просьбу год назад паведамлялася. Вячаслаў Сіўчык адказаў на пытаньне так:

(Сіўчык: ) “Тут да сотні беларусаў. Я ведаю некалькі дзясяткаў людзей зь Беларусі, якія жывуць у Кіеве, Луцку, Львове. Я прыехаў сюды нядаўна – вымушаны быў ад’яжджаць зь Менску, бо жыў там ва ўмовах падпольля і адтуль было вельмі цяжка кіраваць вулічнымі акцыямі, што праходзілі ў Менску. Жыву я цяпер у гасьцях у беларуса-жыхара Кіева”.

Пасьля гэтага ўкраінскія СМІ паведамілі, што ва Ўкраіне каля сотні ўцекачоў зь Беларусі. Аднак абсалютная большасьць зь іх нават не зьвярталася з просьбай даць ім прытулак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG