Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 35-годзьдзе Скарынаўскай бібліятэкі а.Надсан думае пра яе будучыню


Ганна Сурмач, Прага Сёньня спаўняецца 35 гадоў Беларускай бібліятэцы імя Франіцшка Скарыны ў Лёндане.

Бібліятэка была закладзена 15 траўня 1971 году. Заснавальнікам яе быў вядомы беларускі дзеяч у эміграцыі, біскуп Чэслаў Сіповіч. Пасьля ягонай сьмерці ў 1981 годзе функцыі дырэктара пераняў айцец Алякcандар Надсан, Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў за мяжой.

Цяпер Бібліятэка імя Скарыны зьяўляецца ня толькі комплексным сховішчам кніг, гістарычных крыніц, архіўных матэрыялаў, але й грамадзка-культурным і навуковым цэнтрам беларусаў замежжа.

(Надсан: ) “Бібліятэка ёсьць, людзі прыходзяць, працуюць. Маем каля 30 тысяч адзінак матэрыялаў, свой уласны будынак. У нас багатыя архівы, асабліва па гісторыі царквы і таксама эміграцыйныя архівы вялікія, ёсьць з чым працаваць, безумоўна. Але мала хто архівамі карыстаецца”.

(Сурмач: ) “Ці дасьледчыкі зь Беларусі бываюць?”

(Надсан: ) “Бываюць. Цяпер больш рэдка, чым раней, але бываюць, прыяжджаюць ня толькі паглядзець, але і працаваць. Я думаю, што недзе 200-300 чалавек за год наведваюць – беларусаў і не беларусаў. Бываюць таксама пісьмовыя запыты адносна нашых архіўных фондаў. Дзякуй Богу, што маем таксама інтэрнэт і можам даваць пэўную інфармацыю там.

Трэба думаць пра будучыню, каб бібліятэка існавала не 5 ці 10 гадоў яшчэ, а яшчэ шмат даўжэй. Нават калі Беларусь будзе сапраўды незалежнай, я думаю, што ўсё адно патрэбна, каб такая бібліятэка была на Захадзе.

Магчыма, яна ператворыцца ў нейкую ўстанову, як, напрыклад, Інстытут Гётэ ў немцаў, ці аналягічная культурная ўстанова ў ангельцаў. Такі вось інстытут беларускі мог бы быць у Лёндане. Мы хочам утрымаць гэтую бібліятэку да таго часу, калі такая магчымасьць сапраўды будзе. Я думаю, што ў такім сэнсе бібліятэка можа мець будучыню. Калі Беларусь стане нармальнай краінай, то нашыя замежныя беларускія бібліятэкі могуць быць такімі цэнтрамі культуры ў замежжы. Чаму ж не? Пра гэта трэба думаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG