Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Алег Табола


Уладзімер Арлоў, Менск 18.5.1929, в.Завазёрцы (цяпер Шаркоўшчынскі раён) – 3.4.2003, Менск

Пасьля вызваленьня Беларусі ад гітлераўцаў 15-гадовы Алег Табола прыйшоў давучвацца ў адну з глыбоцкіх школаў. На шыльдзе было напісана, што школа – беларуская, але ўсё выкладаньне ў ёй ішло па-расейску. Для юнакоў і дзяўчат, якія ў гады нямецкай акупацыі вучыліся сапраўды ў беларускіх школах, такое становішча было дзікім і незразумелым. Яно наводзіла на думку, што акупацыя зьмянялася не на свабоду, а на новую няволю, якая, прынамсі ў стаўленьні да ўсяго беларускага, выглядала яшчэ больш жорсткаю.

Аднойчы на ўроку гісторыі Алег зь сябрамі запытаўся ў настаўніка, чаму беларусы павінны вучыцца на мове іншага народу. “Что здесь непонятно? – ня проста зьдзівіўся, але абурыўся настаўнік. – Зачем ваш белорусский язык, если местное население хорошо понимает по-русски? Ведь и сами белорусы согласны, что их наречие излишне”.

Але згодныя з гэтым былі зусім ня ўсе беларусы. Праз год, ужо ў Глыбоцкай пэдвучэльні, дзе таксама поўным ходам праводзілася русыфікацыя, Алег Табола ўступіў у нелегальны Саюз беларускіх патрыётаў (СБП). Асноўным пунктам яго праграмы была не дэкляратыўная, а рэальная незалежнасьць Беларусі зь дзяржаўнай беларускай моваю, бел-чырвона-белым сьцягам і гербам “Пагоня”. Патрыёты лічылі магчымым выхад рэспублікі з СССР.

Кансьпірацыйныя сустрэчы, прысяга перад нацыянальнымі сымбалямі, аб’яднаньне з аднадумцамі з пастаўскай групы “За Беларусь” – усё гэта адпрэчвала безнадзейнасьць і напаўняла жыцьцё сэнсам. Але ў арганізацыі ўжо працаваў правакатар – афіцэр МГБ Алег Стахоўскі. У лютым 1947-га пачаліся арышты, допыты з выкарыстаньнем сэансаў гіпнозу, катаваньні...

Табола быў асуджаны на восем гадоў лягераў і пяць гадоў пазбаўленьня грамадзянскіх правоў. Пасьля вызваленьня ён здолеў вярнуцца ў Беларусь, дачакаўся рэабілітацыі і стаў адным зь герояў прысьвечанай СБП кнігі “Гарт”, выдадзенай у 1997-м Архівам найноўшай гісторыі. У той час Табола быў ужо інвалідам, але па-ранейшаму імкнуўся служыць ідэалам маладосьці. Ён “знайшоў сябе” ў праваабарончай дзейнасьці, быў абраны ў склад выканкаму Лігі правоў чалавека. Алега ня стала ў красавіку 2003-га. На ягоную сьмерць адгукнуліся ўсе незалежныя беларускія газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG