Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стаяў за замахам на папу Яна Паўла Другога 25 год таму?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Дакладна 25 гадоў таму, 13 траўня 1981 году, быў зьдзейсьнены замах на папу Яна Паўла другога. Сьледзтва італьянскай пракуратуры ў гэтай справе не прынесла вынікаў, аднак апошнім часам зьявілася інфармацыя, што за замахам маглі стаяць спэцслужбы Савецкага Саюзу.

У Польшчы кожны ведае, хто ў траўні 1981 году страляў у папу-паляка на плошчы сьвятога Пятра, аднак наконт таго, ці грамадзянін Турэччыны Мэхмэт Алі Агца сам вырашыў зрабіць гэта, ці стаяў нехта за ім і хто гэта быў – меркаваньні розныя.

Афіцыйнае сьледзтва ў гэтай справе, якое ў 1980-я гады вяла італьянская пракуратура, не прынесла адказу на гэтае пытаньне. Між тым, сьледчы з Рыму Фэрдынада Імпасімата, які першы пасьля замаху дапытваў турэцкага тэрарыста, а потым чвэрць стагодзьдзя прысьвяціў прыватнаму сьледзтву ў гэтай справе, не сумняецца, што за замахам стаіць савецкі КГБ, які выкарыстаў для сваіх мэтаў баўгарскія спэцслужбы.

Сёньня польcкая газэта „Dziennik” піша, што тры дні таму ў архівах баўгарскіх спэцслужбаў былі знойдзеныя дакумэнты, якія сьведчаць пра іхнае супрацоўніцтва з КГБ, а зусім нядаўна адмысловая сьледчая камісія італьянскага парлямэнту высьветліла, што на здымку натоўпу ў часе замаху ёсьць супрацоўнік баўгарскіх спэцслужбаў, які раней у часе сьледзтва заявіў, што быў у той час у сваім офісе – паводле камісіі, замах, напэўна, рыхтавалі на Лубянцы.

Прафэсар Юзэф Шаняўскі, які ў 1980-я гады сядзеў у адной камэры з палкоўнікам польскіх спэцслужбаў Адамам Пятрушкам, кажа, што той узгадваў пра дачыненьне КГБ да замахаў на Папу.

(Шаняўскі: ) “Ён намякаў, што агенты КГБ маглі браць у гэтым удзел”, – кажа прафэсар Шаняўскі.

Пакуль дакумэнтаў, якія адназначна б сьведчылі аб удзеле савецкіх спэцслужбаў у падрыхтоўцы замаху, няма. Дасьледчыкі, аднак, ведаюць пра існаваньне ў Савецкім Саюзе плянаў “распрацоўкі” папы Яна Паўла другога, у якім улады усходняга блёку бачылі небясьпеку.

Магчыма, больш інфармацыі зьявіцца ў выніку сьледзтва Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, які хоча высьветліць, якое дачыненьне да замаху на пантыфіка мелі польскія камуністычныя спэцслужбы.

XS
SM
MD
LG