Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы і твары плошчы: Аляксей Янукевіч


Радыё Свабода Сёньня мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне цягам акцыяў пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Сярод іх – намесьнік старшыні партыі Беларускага Народнага Фронту, давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча Аляксей Янукевіч.

Аляксея Янукевіча затрымалі ўначы 21 сакавіка, калі ён зь некалькімі хлопцамі пайшоў пагрэцца гарбатаю ў інтэрнэт-кафэ “Саюз-онлайн”. Далей – 12 сутак на Акрэсьціна. На пытаньне, што ўразіла цягам гэтага часу найгорш, Аляксей задумаўся і ўпэўнена сказаў: адчуваў духоўны ўздым. І пэўнасьць, што ў краіне – перамены. Перамены да лепшага. Бо нават гвалтоўнае ўтрыманьне на Акрэсьціна – на шкоду рэжыму, і на карысьць – свабоднай Беларусі.

(Янукевіч: ) “Нават тыя людзі, што прыйшлі на плошчу, вельмі мала ведалі пра сытуацыю ў краіне. Прыкладам, я быў у камэры з хлопцамі, якія нічога ня ведалі пра мінулыя рэфэрэндумы, нічога ня ведалі пра зьніклых палітыкаў… Пра іншыя гвалтоўныя праявы сёньняшняй улады. Праз 10-12 сутак яны выйшлі зь іншым бачаньнем, іншым стаўленьнем, прагай актыўных дзеяньняў… З жаданьнем расказаць пра гэта сваім сябрам, блізкім… Тым часам іхныя сваякі і сябры стаялі ў чэргах. І таксама атрымлівалі інфармацыю. Тыя, хто ня меў уласнай палітычнай пазыцыі, яе займелі, хто раней сумняваўся – ужо не сумняецца. Усе гэтыя людзі – сёньня па нашым баку.

Ёсьць пэўная мяжа рэпрэсіяў, пераступаючы якую рэжым пачынае працаваць на шкоду сабе. Гэтую мяжу рэжым перасягнуў гэтымі масавымі рэпрэсіямі. І гэта вельмі дрэнна адбілася на пазыцыях улады ўнутры краіны, я перакананы – і дагэтуль працуе супраць рэжыму”.

Сябра й паплечнік Аляксея, юрыст Уладзімір Лабковіч не сумняецца, што 12 сутак, праведзеных на Акрэсьціна, Аляксей правёў з карысьцю для палітычна-адукацыйнай справы. Бо Аляксей Янукевіч – сапраўдны моладзевы лідэр.

(Лабковіч: ) “Асноўныя ягоныя рысы – шчыры, адкрыты… І наагул я лічу, што сярод сёньняшняй моладзевай хвалі, сярод тых, каго прынята называць маладымі палітыкамі, Аляксей заслугоўвае гэтага званьня найперш… І зьяўляецца адным з лепшых. А што незаўважна з першага погляду – ён вельмі добры. І вельмі цэніць сяброўства і сваіх сяброў”.

Аляксей адзначае: між Беларусьсю часоў мінулых выбараў і Беларусьсю сёньняшняй – прынцыповая розьніца.

(Янукевіч: ) “У 2001 годзе людзі паверылі ў Домаша. Але ня здолелі паверыць у Ганчарыка. Нават тыя, хто хацеў і пачаў працаваць – сумленна,– яны працавалі паводле ўнутраных абавязкаў, адказнасьці. Не таму, што яны верылі ў Ганчарыка. Мне самому, прызнаюся, было крыху сорамна, што ў нас гэткі адзіны кандыдат, – у 2001 годзе.

А ў 2006 годзе Мілінкевіч стаў для краіны сапраўдным сымбалем прагі праўды, свабоды, справядлівасьці… Ягоныя актывісты верылі ў таго, на каго працавалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG