Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні закрыўся стары спэцпрыёмнік


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні закрыты міліцэйскі спэцпрыёмнік на вуліцы Карбышава, дзе традыцыйна трымалі палітзьняволеных. Гэта, праўда, ня сьведчаньне таго, што нікога больш арыштоўваць ня будуць. Рэч у тым, што Кастрычніцкі райаддзел міліцыі, пры якім існаваў спэцпрыёмнік, пераехаў у іншае месца – у новы будынак.

На замкнутых дзьвярах пастарунку застаўся вісець спэцтэлефон, па якім уначы з вуліцы можна было патэлефанаваць дзяжурнаму міліцыянту. Побач зьявілася ляканічная абвестка: “Новы адрас—Гая, 4”. Засталася вісець і шыльда райаддзелу. Увесь час пастарунак быў у доме ў стылі “мадэрн”, а цяпер пераехаў за Нёман, менавіта ў Кастрычніцкі раён гораду ў будынак, які вельмі доўга не маглі закончыць. Дагэтуль абодва раённыя пастарункі мясьціліся ў гарадзкім цэнтры на адлегласьці максымум дзьвесьце мэтраў.

Сёньня гарадзенскія дэмакраты пачалі жартаваць, што на камяніцы былога пастарунку варта прымацаваць мэмарыяльную шыльду. Маўляў, тут сядзелі пад арыштам многія палітычныя актывісты, на рэкордны тэрмін трапіў туды заснавальнік Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін – ён праседзеў за кратамі цэлы месяц. Некаторыя праводзілі тут галадоўкі — кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык, актывіст прадпрымальніцкага руху Зьміцер Іваноўскі, палітзьняволены Валеры Леванеўскі. Перад тым, як яго пасадзілі на два гады за паклёп на прэзыдэнта, Валеры Леванеўскі актыўна змагаўся за паляпшэньне ўмоваў утрыманьня ў спэцпрыёмніку. Дарэчы, у панядзелак сканчаецца ягоны тэрмін зьняволеньня. Дамагаўся паляпшэньня ўмоваў існаваньня арыштаваных таксама Сяргей Мальчык.

(Мальчык: ) “Сам факт адкрыцьця больш сучаснага спэцпрыёмніка ў новым РАУС станоўчы. Справа ў тым, што я тройчы быў у гэтай установе і добра ведаю ўмовы, якія там былі. Там умовы можа трыццатых гадоў ці нават пачатку мінулага стагодзьдзя. Чалавек, якога затрымліваюць, законна ці не, гэта ўжо іншае пытаньне, ён пазбаўляецца толькі свабоды. Але ён ня мусіць пазбаўляцца элемэнтарнай чалавечай годнасьці: права на прагулку, таму што там людзі ня маюць магчымасьці выйсьці на вуліцу, права спраўляць элемэнтарныя фізіялягічныя патрэбы ў прыстойных умовах, права памыцца, права мець зубную шчотку, пасту, мыла, права мець сваё спальнае месца, а не ляжаць на дошках”.

Спадар Мальчык пры гэтым зазначае: ён спадзяецца, што ня хутка трапіць у новы спэцпрыёмнік. Сяргей Мальчык апошнім разам сядзеў у старым спэцпрыёмніку ў час прэзыдэнцкіх выбараў і галасаваў за кратамі разам зь іншымі палітычнымі актывістамі.

Я паспрабаваў высьветліць: наколькі сапраўды лепшыя, больш сучасныя ўмовы, створаны ў новым спэцпрыёмніку? Тэлефон дзяжурнага Кастрычніцкага пастарунку, які мне далі ў абласной міліцыі, цэлы дзень адказваў кароткімі гудкамі. У гарадзкой службе даведак таксама зналі толькі гэты нумар і ў рэшце рэшт прызналіся, што іншых тэлефонаў яны ня ведаюць, і дазваніцца ў новы райаддзел немагчыма. Нават у пашпартна-візавай службе Кастрычніцкага раёну ня ведалі, як патэлефанаваць у пастарунак.

На адкрыцьці новага райаддзелу была маладая журналістка афіцыйнай газэты. Яна мне сказала, што ім паказалі два пакоі ў спэцпрыёмніку, у кожным стаяў адзін тапчан. Арыштантаў там яшчэ не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG