Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас разбору ў мін''юсьце стала кепска з сэрцам Г.Бураўкіну


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства юстыцыі заявіла Саюзу беларускіх пісьменьнікаў пра магчымасьць адкліканьня свайго пазову, але ставіць для гэтага шэраг умоваў. Тым часам сёньня ў часе перамоваў у Мін''юсьце стала кепска з сэрцам сябру Саюзу, паэту й грамадзкаму дзеячу Генадзю Бураўкіну.

Нагадаем, раней чыноўнікі Мін''юсту запатрабавалі зьліквідаваць пісьменьніцкую арганізацыю, у якасьці прычынаў назваўшы часовую адсутнасьць арыгіналу статуту, неадпаведную форму пячаткі й афіцыйных блянкаў, наяўнасьць герба “Пагоня” на шыльдзе перад службовым уваходам у будынак, а таксама правядзеньне ў кавярні Дому літаратара зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Бальшыню гэтых вінавачаньняў кіраўніцтва СПБ зьняпраўдзіла ў судзе.

Падчас сёньняшніх перамоваў у Мін''юсьце стала кепска з сэрцам сябру Саюзу, паэту й грамадзкаму дзеячу Генадзю Бураўкіну.

Прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі прапанавалі кіраўніцтву Саюзу пісьменьнікаў правесьці перамовы пасьля апошняга паседжаньня ў Вярхоўным судзе. Тады сябры творчай арганізацыі здолелі давесьці неабгрунтаванасьць галоўнага вінавачаньня — за правядзеньне зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Гаворыць старшыня СБП Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Сёньня была размова з кіраўніком упраўленьня Мін''юсту спадаром Сьліжэўскім. Як было адзначана, пра міравое пагадненьне размова не вядзецца. Але Міністэрства ня супраць адклікаць судовы пазоў, калі падчас судовага сьледзтва будзе зьнятая шыльда з Дому літаратара; калі мы пададзім узор новага членскага білету й арыгінал статуту, а таксама пацьвердзім дакумэнтальна наяўнасьць юрыдычнага адрасу”.

Паводле спадара Пашкевіча, зьняць шыльду, замяніць сяброўскія білеты й атрымаць у Міністэрстве арыгінал статуту СПБ ня ёсьць праблемай.

Крыху больш складана зь юрыдычным адрасам. Каб заключыць дамову арэнды з Галоўным гаспадарчым ўпраўленьнем Адміністрацыі прэзыдэнта, якому цяпер належыць Дом літаратара, сябры арганізацыі мусяць вызваліць памяшканьне бібліятэкі. На прапанову прыняць 300-тысячны кнігазбор падарункам беларускія бібліятэкі пакуль маўчаць. Тым ня менш, прапановы Мін''юсту даюць спадзяваньне на лепшае — кажа спадар Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Ня многія грамадзкія аб’яднаньні змаглі вытрымаць бой у Вярхоўным судзе, і пасьля пазову Міністэрства юстыцыі ўсе яны былі зьліквідаваны. Але, не зважаючы на розныя калізіі, якраз хочацца думаць, што справядлівасьць у дачыненьні да найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі будзе адноўлена”.

Падчас перамоў у Міністэрстве юстыцыі стала кепска з сэрцам сябру Рады Генадзю Бураўкіну. Цяпер ён знаходзіцца ў адным зь менскіх шпіталяў.

Вось што паведаміла “Свабодзе” жонка Генадзя Мікалаевіча Юлія Бураўкіна.

(Бураўкіна: ) “Я зь ім размаўляла, ён патэлефанаваў мне з кабінэту доктара, калі яго ўжо “адкачалі”. Як доктар сказаў: “адэкватны, жартуе”. Але ён мне сказаў, што вельмі расхваляваўся. Я й не хацела, каб ён ішоў. Ды вось грамадзкія абавязкі. І наагул ён так эмацыйна й блізка ўсё да сэрца прымае. Я толькі-толькі з доктарам ізноў гаварыла — ён сказаў, што, паводле ЭКГ, інфаркту пакуль няма”.

Са словаў спадарыні Бураўкінай, Генадзь Мікалаевіч на сэрца раней ніколі ня скардзіўся, і гэткі прыступ зь ім здарыўся ўпершыню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG