Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ці думалі вызваліцелі Беларусі, што калі-небудзь глава дзяржавы публічна прызнаецца ў сымпатыі да фашысцкага рэжыму Гітлера?"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за сераду, 10 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Можа, сёньня ня той дзень, калі аб гэтым гаварыць, але ўсё роўна скажу. Я вельмі паважаю вэтэранаў, іх подзьвігі ў час вайны. Няхай яны жывуць доўга, у дастатку, не хварэюць. Віншую са сьвятам. Але мне вельмі крыўдна, што амаль нічога не гавораць пра тых, хто згубіў сваіх каханых, мужоў, братоў, бацькоў, – аб удовах і маці. Колькі гора ім засталося пасьля вайны: выгадаваць дзяцей бяз бацькі, дзяцей накарміць, абуць, вывучыць. Я ведаю гэта на сваім гаротным пасьляваенным жыцьці і жыцьці майго мужа. Мая маці, маці мужа мелі па двое маленькіх дзяцей. А хто дапамагаў ім? Нейкія крохі плацілі, давалі нейкую дапамогу – і ўсё. Ніхто не атрымаў кватэру, ніхто не атрымаў машыну, ніхто не працягнуў руку дапамогі, хаця мой бацька загінуў ад фашыстаў. Яго схапілі па даносу паліцаяў, калі ён прыйшоў у вёску. І мая маці ніколі-ніколі не прасіла нічога ад дзяржавы і нічога ня мела. І ніхто пра іх ня памятае.

Сёньня прыгожа ішлі па праспэкту Незалежнасьці, Пераможцаў нашыя вэтэраны, ішоў Лукашэнка, ішлі яго дзеці. А я сядзела і плакала, бо ведала, як гаравала мая маці пасьля вайны, як яна нас выхоўвала, як ёй было цяжка.

Вось які боль я хацела выказаць праз вашае радыё ў гэты сьвяточны дзень, боль жудаснай несправядлівасьці адносна да тых, хто не сьвяткаваў гэту перамогу, хто загінуў у час вайны, вызваляючы нас, да тых, хто застаўся адзін на адзін са сваім горам, са сваімі дзецьмі без падтрымкі мужчынскіх рук.

Вас таксама віншую са сьвятам Перамогі. Посьпехаў вам і ўсяго найлепшага!”

(Спадар: ) “Добры вечар! Са сьвятам, зь Днём Перамогі! Пытаньняў вельмі шмат, але я хацеў бы пагаварыць з жывым чалавекам. Я часта ўключаю вашую станцыю Радыё Свабода на Беларусі. Настолькі прыкра слухаць вас – страх боскі! Вы ні разу не расказалі, як ідзе сяўба, што вы будзеце есьці, што мы будзем есьці. Ваш шлях – Курапаты. Вы хоць раз падумайце, чыя – гэта ж наша бяда, Курапаты. Што б зрабілі вы, калі б прыйшлі да ўлады, гэтым самым Курапатам, чарнобыльцам? Што б вы зрабілі? Хоць раз раскажыце пра гэта.

Слухаў, нейкага хлапчука затрымалі, ён пісаў графіці на сьценах. Хай ён напіша ў хаце на сьценах! Яго матка як дасьць па задніцы, што ён тыдзень ня сядзе на яе. Разумееце? Чаму вы паскудзіце наш Менск, наш горад? Ці разумееце вы тое, што вы робіце? Чаму вы зьбіраеце дзяцей, а не дарослых? Дзеці выходзяць, яны ж недаразьвітыя, ім трэба патлумачыць, як трэба жыць, як трэба паважаць айчыну, як трэба гэта рабіць. А вы: усё дрэнна, дрэна і дрэнна. Чаму вы ясьце наш хлеб, на які мы зарабляем і робім?

Вы настолькі расхвальваеце Лябедзьку, Казуліна, Мілінкевіча. І ніколі не сказалі нічога добрага пра беларускае кіраўніцтва, што яно робіць. І самае галоўнае, што нейкі там дзівак абзывае беларускі народ лукашыстамі. Але ж вашых Казуліных ніхто ж казламі не абзывае. На вас можна падаваць у суд. Я антыпалітычны чалавек, хачу паразмаўляць зь кімсьці асабіста з кіраўнікоў вашай арганізацыі. Нельга так рабіць, нельга абзываць беларускі народ лукашыстамі. Забудзьце гэта слова! Калі мы дабяромся да вас, чарнобыльцы, аўганцы, мы вам так хрыбты пераломім, што вы забудзеце, што такое радыёстанцыя вашая!”

(Спадар:) “У мяне пытаньне да спадарыні Іны Кулей, як каардынатара праекту дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Як ідзе ўладкаваньне на працу людзей, якія страцілі альбо ня могуць уладкавацца па палітычным прычынам? Па якім нумары можна патэлефанаваць ці на які адрас даслаць ліст?”

(Яцкевіч Аляксандра Анатольевіч, Віцебск: ) “Што тычыцца Закону Божага. То мне здаецца так: калі розуму свайго ня будзе, ні закон божы, ні закон Алаха – ніякі не дапаможа”.

(Спадар: ) “Паважаная рэдакцыя Радыё Свабода! Паважаны спадар Лукашук! Як і многія тысячы, можа, і дзясяткі тысячаў беларусаў раніцай слухаем “Свабоду”, многія па звычцы, бо памятаюць яе баявой, праўдзівай, сапраўднай, той крынічкай, ад якой жывееш. Цяпер гэтая крынічка цячэ паўтор на паўторы. Такая вялікая Беларусь, 10 мільёнаў, сотні гарадоў і тысячы мястэчкаў, а тут паўтор на паўторы – толькі адзін Менск ці на вуліцах Менску. Задайце сабе пытаньне, ці гэта творчы крызыс, ці гэта звычайная лянота? Вашых жа перадач чакаюць, ну, як сонца, людзі! Чаму ж так працуе рэдакцыя? Вельмі сумна ад гэтага. Ёсьць параўнаць, параўнаць з тым, якой была “Свабода”. Гэта не для эфіру, я ваш добразычлівец, але мне пра гэта гавораць многія, што ня той стала “Свабода”, не такой стала, што на “Свабодзе” ўжо цэнзуру ўвялі. Я не прашу перадаваць гэта ў эфір. Я хварэю душой, ды ня толькі я. Падумайце. Музычнае афармленьне – усё трэба перарабляць на гэтым новым этапе ў нашай барацьбе за гэта сонца, за ідэалы свабоды. Трэба, каб “Свабода” была сучаснай, праўдзівай, інфармацыйнай і аналітычнай. Ёсьць у вас такія перадачы, напрыклад, “Вострая брама”, ёсьць у вас і добрыя журналісты”.

(Спадар: ) “9 траўня, як звычайна, слухаў вашу перадачу. Вы казалі пра чарговае міталягічнае месца нашай улады – “Лінію Сталіна” пад Заслаўем. І вось якая ў мяне ўзьнікла асацыяцыя. 12 год наш дырэктар калгасу ўзводзіць на шляху нашай Беларусі ў цывілізаваную Эўропу лінію Лукашэнкі, такім чынам затармазіў разьвіцьцё краіны. Гэта лінія ўзводзіцца ня толькі ў галовах беларусаў, дзякуючы манапалізацыі СМІ, Беларусь стала мяжой паміж брыдкім постсавецкім і цывілізаваным эўрапейскім.

Наконт сьвята Перамогі. Відавочна, ёсьць нейкі вышэйшы сэнс у тым, што народ, які перамог у барацьбе з фашызмам, стаў па ўзроўню жыцьця жыць горш, чым ворагі, якіх пераадолелі. Дык хто ж у выніку выйграў: немцы, якія вызваліліся ад фашызму і зараз жывуць у квітнеючай дзяржаве Эўропы, ці народы былых савецкіх рэспублік, кіраўніцтва якіх так і ня здолела стварыць годны ўзровень жыцьця для сваіх людзей? Ці думалі калі-небудзь вызваліцелі роднай Беларусі, што калі-небудзь на іх сьвятой беларускай зямлі глава дзяржавы ў інтэрвію нямецкай газэце публічна прызнаецца ў сымпатыі да фашысцкага рэжыму Гітлера?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG