Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля”: “Тэгеран і Менск на аднолькавым ліку ў Белага дому”


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнага беларускага друку за 10 траўня.

У рубрыцы “Тэма тыдня” “Народная воля” сёньня піша: “Падабенства танальнасьці заявы дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс па Беларусі і Ірану сьведчыць пра тое, што пазыцыі Вашынгтону ў адносінах двух дыктатарскіх краінаў у цэлым супадаюць. Тэгеран і Менск сёньня на аднолькавым ліку ў Белага дому”.

У сьвежым нумары – інтэрвію з Анатолем Лябедзька. Па словах палітыка, прэзыдэнцкая кампанія, безумоўна, страсянула Беларусь. “Ня так моцна, як хацелі б аптымісты, але і ня так слаба, як сурочылі пэсымісты” – лічыць Лябедзька і спасылаецца на канкрэтныя аргумэнты.

Таксама “Народная воля” паведамляе, што сёньня ў Першамайскім судзе Менска мае адбыцца працяг суду па справе Артура Фінькевіча. Паводле выданьня, гэта надзвычайная справа з палітычным падтэкстам – за надпісы на сьценах й агароджах моладзеваму актывісту пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Як былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч ацэньвае свой арышт у Менску 24 сакавіка? Адказы дыплямата -- у рубрыцы “Зь першых вуснаў” пад загалоўкам “Сваю пазыку мы павінныя вярнуць”.

Расьсьледаваньне крымінальнай справы аб зьнікненьні апэратара Грамадзкага расейскага тэлебачаньня Завадзкага ізноў прыпынена. Пра гэта “Народнай волі” паведаміла жонка зьнiклага журналiста. Падрабязнасьці -- сёньня ў нумары.

“Прамысловасьць Баранавічаў не выконвае плянавыя паказчыкі па вытворчасьці спажывецкіх тавараў, а таксама экспарту й імпарту”, -- паведамляе баранавіцкі тыднёвік “Intex-press”. Журналісты даведаліся, што запасы гатовай прадукцыі на некаторых прадпрыемствах у два-тры разы большыя, чым сярэднемесячны аб''ём вытворчасьці.

Салігорск пазбавіцца ад апошняга бараку 1950-х гадоў. Як піша рэгіянальная газэта “Інфо-курьер”, да пераезду рыхтуецца станцыя “хуткай дапамогі”. Крыху раней найстарэйшыя ў горадзе збудаваньні пакінулі міліцыя, выцьвярэзьнік й лякарня для сухотнікаў, нагадвае выданьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG