Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Ксавэр Берастоўскі


Уладзімер Арлоў, Менск 30.3.1739, маёнтак Мерач (?), Віленшчына (цяпер Літва) – 17.11.1827, ?

Ці ведаеце вы, што на беларускім абшары некалькі дзесяцігодзьдзяў існавала міні-дзяржава кшталту Андоры або Сан-Марына? Стваральнікам Паўлаўскай Рэчы Паспалітай, як гэтая дзяржава афіцыйна менавалася, быў Павел Ксавэр Берастоўскі (Бжастоўскі).

Пачуўшы ягонае імя, суседзі-землеўладальнікі спачатку круцілі пальцам каля скроні. Тое, што рабіў Берастоўскі, не паддавалася разуменьню: начытаўшыся кніжак нейкіх французаў Русо і Сэн-Сімона, гаспадар падвіленскага маёнтку Мерач (пераназванага неўзабаве ў Паўлава) даў прыгонным свабоду і абвясьціў у сваіх уладаньнях рэспубліку.

Аднак кпіны і зласьлівыя жарцікі хутка скончыліся: Берастоўскі ўзяўся за справу цалкам паважна: перадаў уладу сялянскай грамадзе і распачаў прагрэсіўныя рэформы. У 1791 годзе ён дамогся ад Сойму Вялікага Княства Літоўскага зацьвярджэньня Канстытуцыі (Статуту) Паўлаўскай рэспублікі. Паводле яе кожны жыхар атрымаў роўныя правы, зямлю і права быць абраным на якую заўгодна дзяржаўную пасаду. Заканадаўчая ўлада належала дзьвюхпалатнаму сойму, выканаўчая – міністэрствам. Прэзыдэнтам удзячныя грамадзяне абралі самога Берастоўскага.

Паўлаўская рэспубліка мела школу, шпіталь і банк. Існавалі ўсе атрыбуты дзяржаўнасьці: сьцяг, герб, уласныя мэталёвыя грошы. Абараняла мініятурную Рэч Паспалітую ўласнае войска з адметнай уніформай. У 1794-м годзе грамадзяне рэспублікі гераічна змагаліся з расейскімі карнікамі ў шэрагах паўстанцаў Касьцюшкі.

Пасьля поўнай інкарпарацыі Літвы-Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі зь яе неабмежаваным абсалютызмам перакананы рэспубліканец Павел Ксавэр мусіў прадаць маёнтак, але – на ўмовах захаваньня новым гаспадаром асноўных палажэньняў ранейшай Канстытуцыі.

Экспэрымэнт Берастоўскага па рэальным ажыцьцяўленьні ідэяў свабоды, роўнасьці і народаўладзьдзя стаўся даволі даўгавечным: Паўлаўская рэспубліка праіснавала больш за паўстагодзьдзя – да 1824 году, калі Санкт-Пецярбург запатрабаваў канчаткова выкараніць “крамолу” і забыць пра ўсялякія “вольнасьці” й “канстытуцыі”.

Першы і апошні Прэзыдэнт Паўлаўскай Рэчы Паспалітай перажыў яе на тры гады. Застаецца без усякай іроніі дадаць, што ніякіх падстаў для аналёгіяў з сучаснасьцю я ў гэтай гісторыі ня бачу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG