Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто сьвяткуе Дзень перамогі 9 траўня?


Радыё Свабода Сёньня, 8 траўня, па ўсім сьвеце за выключэньнем краінаў былога СССР адзначаецца Дзень перамогі над фашысцкай Нямеччынай ў Другой сусьветнай вайне. Разыходжаньне ў даце сьвяткаваньня Дня перамогі вынікае з таго, што на патрабаваньне Сталіна капітуляцыя гітлераўскай Нямеччыны была падпісаная двойчы.

Фактычна, баявыя дзеяньні ў Эўропе закончыліся 7 траўня 1945 году. На наступны дзень, 8 траўня, у Бэрліне быў падпісаны акт безумоўнай капітуляцыі Трэцяга Рэйху. Акт капітуляцыі, які быў пазьней названы “папярэднім пратаколам”, ад імя нямецкай арміі падпісаў генэрал Альфрэд Ёдль у прысутнасьці амэрыканскага генэрала Ўолтэра Сміта і савецкага генэрала Івана Суслапарава.

У адказ на катэгарычнае патрабаваньне з боку Сталіна, позна ўвечары 8-га траўня (22:43 паводле цэнтральнаэўрапейскага часу або 00:43 паводле маскоўскага) падпісаньне капітуляцыі было паўторанае ў штаб-кватэры маршала Жукава. Паводле маскоўскага часу, гэта ўжо было 9 траўня. Гэтым разам капітуляцыю падпісаў нямецкі фэльдмаршал Вільгэльм Кэйтэль у прысутнасьці прадстаўнікоў ЗША, Вялікай Брытаніі й Савецкага Саюзу.

Варта адзначыць, што Дзень перамогі заўсёды адзначаўся надзвычай ўрачыста ў краінах камуністычнага лягеру. Асноўная заслуга ў перамозе над нацысцкай Нямеччынай прыпісвалася выключана Савецкаму Саюзу. Пасьля краху камунізму краіны былога сацлягеру пачалі адзначаць сьвята ўсьлед за заходнімі краінамі 8 траўня і ня так урачыста, як за савецкім часам.

9-га траўня Дзень перамогі па-ранейшаму адзначаюць Расея і некаторыя былыя савецкія рэспублікі.

Тым часам у Эўрапейскім Зьвязе 9-га траўня адзначаецца Дзень Эўропы, у гонар Дэклярацыі Шумана, абвешчанай 9 траўня 1950 году, якая заклікала да аб''яднаньня Эўропы і стала пачаткам руху да аб''яднанай Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG