Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Шадзенка: "Дзень Перамогі для мяне – гэта дзень жалобы і смутку"


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Пэнсіянэр зь вёскі Дражна Віцебскага раёну стаў вядомым удзельнікам падзеяў 25-га сакавіка: падчас мірнага шэсьця па дарозе да турмы на Акрэсьціна ён быў жорстка зьбіты байцамі АМОНу, і кадры тэлевізійнае кронікі, дзе яго нясуць да машыны “Хуткае дапамогі” з прабітай галавой, бачылі ці не ва ўсім сьвеце. Па-за кадрам на той час засталася асабістая гісторыя гэтага чалавека: сын загіблага камандзіра Чырвонай арміі і малалетні вязень Асьвенціму, сёньня Ўладзімер Шадзенка застаўся апошнім жывым сьведкам мінулае вайны ў сваёй невялічкай вёсцы.

(Шадэнка: ) “Я штампамі не карыстаюся: у мяне наконт гэтай вайны свае думкі. Я лічу, што гэта ня сьвята, а дзень смутку і жалобы – для мяне, прыкладам. Бацька мой загінуў у першыя дні вайны, ён скончыў перад вайной курсы афіцэраў, быў камандзірам узводу, ваяваў на заходняй мяжы Савецкага Саюзу. А тут была партызанская зона, і немцы пачалі вывозіць у Нямеччыну “ненадзейных” самых. Так во забралі маці й мяне, і сваякоў усіх, якія мелі дачыненьне да партызанскага супраціву. А потым немцы сабралі ўсіх мужчын з Дражна ды забілі. Дзед мой тут ляжыць, на могілках, таксама забіты фашыстамі. Дык якое ж тут сьвята, калі зьнішчылі фашысты ўсю маю радню!”

Вызвалены з Асьвенціму, Уладзімер Шадэнка страпіў у дзіцячы дом на Гарадзеншчыне, працаваў ва Ўкраіне, у Расеі, потым вярнуўся у Беларусь. Цяпер ён атрымлівае 230 тысяч дзяржаўнае пэнсіі і прынцыпова не ўступае ні якія у грамадзкія аб''яднаньні малалетніх вязьняў. Двойчы атрымліваў грашовую кампенсацыю зь Нямеччыны. Каб прыватызаваць калгасную хату, у якой ён сёньня жыве, гэтых грошай не хапіла.

(Шадэнка:) “Давала Нямеччына кампэнсацыю, потым яшчэ дабрачынныя фонды гуманітарную дапамогу давалі. Я купіў сабе старую машыну за 500 даляраў, “Масквіч”. І купіў кампутар. Я ж раней ставіўся да вэтэранаў вайны як звычайны савецкі чалавек, а потым паглядзеў, пачытаў, што Сталін рабіў, што Гітлер, дык і зразумеў, што тут сыстэма з сыстэмай змагаліся, улада з уладай. А людзі толькі пешкамі былі! Ты крычаў “ура!”, крычаў “За Радзіму, за Сталіна!” А той радзімы ўжо няма, за якую ты змагаўся. Ты герой Савецкага Саюзу. А я яго сваёй радзімай не лічу, мая Радзіма – Беларусь”.

25-га сакавіка Уладзімер Шадэнка паехаў на Кастрычніцкую плошчу, каб змагацца за сваю Беларусь. Зьбітага байцамі АМОНу малалетняга вязьня Асьвенціму, які атрымаў адкрытую траўму галавы, праз тры гадзіны выставілі на ганак 4-га сталічнага шпіталю, выдаўшы даведку пра тое, што ён быў “у стане алькагольнага ап''яненьня”. Дактары ня ведалі, што ён прыехаў у Менск, за 300 кілямэтраў ад свае вёскі, за рулём уласнае машыны – тае самае, што набыў за нямецкія дабрачынныя грошы. Дарэчы, скарыстацца айчыннымі ільготамі на лекаваньне ў малалетняга вязьня так і не атрымалася: у Віцебску аказаліся сапсаваныя абодва тамографы – апараты, з дапамогай якіх можна зрабіць кампутарны здымак галавы без рэнтгенаўскага апраменьваньня. Уладзімеру Шадэнку прапісалі бясплатныя таблеткі і сказалі класьціся ў шпіталь, калі стан здароўя пагоршыцца.

Але ўвесну хварэць вяскоўцам не выпадае. Як і сьвяткаваць: нашчадкі знішчаных фашыстамі жыхароў вёскі Дражна на Дзень Перамогі звычайна ня ходзяць на парады, а працуюць у гародзе.

(Шадэнка:) “9-га траўня ў нас бульбу садзьць! І цяпер во ўжо трактары поркаюцца там і там. На 9-га траўня самы час з бульбай упорацца. Ну, толькі хто выпівае, дык за сьвята вып''е да пад тэлевізарам сядзіць. А ўжо ж тых ваякаў у нас даўно няма!”

У вёсцы Дражна няма нават помніка загіблым землякам -- удзельнікам вайны. Толькі на мясцовым цьвінтары ёсьць асобныя магілы пад чырвонымі зоркамі, куды сваякі прыходзяць на Радаўніцу. У Дзень перамогі вяскоўцы садзяць бульбу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG