Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хоць я яшчэ дзіцятка, але я ведаю ўсё пра палітыку..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер, 5 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Хлопчык: ) “Хоць я яшчэ і дзіцятка, але я ведаю ўсё пра палітыку. Хачу сказаць тым, хто за Лукашэнку. Гэта неразумныя людзі, нічога яны ня ведаюць. Мілінкевіча пасадзілі – гэта вельмі дрэнна. Усіх палітыкаў Лукашэнка хоча прыбраць, бо ён баіцца Мілінкевіча, Казуліна і ўсіх. Сытуацыя вельмі дрэнная. Што з намі будзе, я ўжо ня ведаю. Кошты растуць. Кошты на газ Расея хутка падыме. Усё дрэнна”.

(Спадарыня, Віцебск: ) “Хачу сказаць, каб людзі ведалі, хто такі пан Мілінкевіч. Пан Мілінкевіч – гэта польска-амэрыканскі халуй, якога ўпіхнулі сюды, каб не даваў спакою беларусам, каб ён залез у гэтае прэзыдэнцкае крэсла. Яму даюць даляры, ён тут школьнікаў зьбірае, адрывае ад вучобы і пачынае наводзіць беспарадак у Менску. Што ж гэта такое? Няўжо ён думае, што беларусы будуць за гэтага амэрыканскага халуя галасаваць? Ніколі!”

(Спадарыня: ) “Пачула сёньня, што прэзыдэнт Беларусі ўзнагародзіў за вялікія дасягненьні ў сродках масавай інфармацыі спадарыню Ярмошыну і спадара Радзькова. Ня ведаю, за што. Гэта ж трэба так зьдзекавацца з народу. За выбары, якія ніхто не прызнаў, узнагароджваюць Ярмошыну. За тое, што міністар адукацыі пазакрываў беларускія школы, ліцэі, унівэрсытэты і садзейнічаў закрыцьцю беларускіх газэт зноў жа яго ўзнагароджваюць. Няма словаў, каб выказаць сваю ганьбу. Гэта ж трэба да чаго дзяржаве дайсьці: без свабоды, бяз мовы, без дэмакратыі, дэпалітызаванае насельніцтва – і ўзнагароджваюць міністра адукацыі. Няма Бога, напэўна, які б пачуў мае словы за гэта зьдзекаваньне і пакараў тых, хто гэта робіць”.

(Спадарыня: ) “У сваім выступе Лукашэнка ўспомніў імя Францішка Скарыны. Славуты палачанін справядліва лічыцца заснавальнікам нацыянальнага гуманістычнага руху. На думку мысьляра, чалавек мае права на лепшую долю. На адно зь першых месцаў у найвышэйшай сыстэме дабрачыннасьці Скарына выводзіць чалавекалюбства. Але навучыцца любіць усіх немагчыма без любові да свайго народу, да сваёй радзімы. Мысьляр быў перакананы ў тым, што імкненьне да справядлівасьці ў спалучэньні з чалавекалюбствам складаюць аснову крэпасьці духоўнай любога грамадзтва. Але ў сучасны момант наша грамадзтва ня мае гэтых якасьцяў, на якія зьвяртае ўвагу Скарына. Нашым кіраўнікам неабходна было б азнаёміцца з яго вучэньнем, можа, тады б зьмянілася стаўленьне да людзей, якія выказваюць свой погляд на жыцьцё. І ня трэба было б так жорстка абыходзіцца з нашым народам, ня трэба было б столькі людзей прыстойных садзіць за краты – а то гэта ўжо носіць масавы характар. Няўжо ў міліцыі няма больш значнай работы, як толькі распраўляцца за іншадумства? Хай жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Чаму Аляксандра Рыгоравіча называе апазыцыя прэзыдэнтам? Калі ён ужо, як вы лічыце, не прэзыдэнт, калі ён ужо быў свае два тэрміны прэзыдэнтам, восем год, тады яго і прэзыдэнтам ня трэба называць – проста грамадзянін Лукашэнка”.

(Спадар: ) “Сёньня ў нас на працы разглядалася такое пытаньне. Улічваючы, што Радыё Свабоду слухае як апазыцыя, так і не апазыцыя, таму даць указаньне адпаведным службам і ўстанаўліваць глушылкі на дахах дамоў на тэле- і радыёантэны, і на мабільныя антэны. Таму нашыя спэцыялісты кажуць, што гэтыя глушылкі будуць ствараць перашкоды ня толькі радыё і тэлебачаньню, але яны будуць ствараць перашкоды і мабільным тэлефонам. Вось таму мы сёньня абмяркоўвалі гэтае пытаньне”.

(Спадар: ) “Тое, што Івашкевіч пайшоў і сам здаўся ў міліцыю – так рабіць нельга. Гэта дрэнны прыклад для моладзі. Увогуле, па іх павестках нікуды хадзіць нельга”.

(Спадар: ) “У адной зь перадач пачуў прапанову, каб слухачы падказалі вам адрасы для камандзіровак карэспандэнтам “Свабоды”. Хачу прапанаваць вам прыехаць у Івацэвіцкі раён Берасьцейскай вобласьці ў вёску Выганашчы. У савецкія часы гэта была вельмі вялікая вёска, там было больш за чатырыста двароў, тады пабудавалі тут школу, дзіцячы садок. І зараз яна даволі цікавая вёска. Праз яе працякае канал, які знаходзіцца ў жахлівым, жудасным стане. Усё гэта можна пабачыць. Гэта мая маленькая радзіма. Можна пацікавіцца, як ідуць справы ў калгасе, як жывуць людзі пасьля таго, як быў разбураны калгас. Шмат чаго цікавага можна даведацца ад людзей. Запрашаю вас у гэту камандзіроўку. Тым больш, што побач знаходзіцца вёска Бугровічы, там таксама цудоўнае возера. Увогуле, прыродныя ўмовы вельмі прывабныя і цікавыя”.

(Спадарыня: ) “Калі яны так зайздросьцяць, што апазыцыя столькі грошай мае, дык хай самі ідуць у актывісты. Хай атрымоўваюць гэтыя грошы, добраахвотна садзяцца ў турму, атрымліваюць дубінкамі. Хай адчуюць гэта на сабе”.

(Спадар: ) “Хачу прапанаваць праводзіць перадачы па тэмах, якія будуць прапаноўваць слухачы, і тэму абмяркоўваць тыдзень, а найбольш цікавыя думкі перадаваць у эфір. Тэмы абмяркоўваць пажадана з 21 да 22 гадзін, таму што ў 23-24 гэта занадта позна, патрэбна адпачыць перад працай.

Прапаную першую тэму. Як праходзяць выбары ў розных краінах сьвету, найперш дэмакратычных краінах: час пачатку і заканчэньня галасаваньня, парадак падліку галасоў, хто прысутнічае пры падліку і гэтак далей. Адным словам, як праходзяць выбары ў розных краінах сьвету. А другую тэму можна прапанаваць: як праходзяць мітынгі ў розных краінах”.

“Жыхары Беларусі дрэнна ведаюць заканадаўства і прававыя пытаньні. Прапаную праводзіць час на Радыё Свабода па тэмах, якія будуць прапаноўваць самі слухачы Радыё Свабода”.

(Анастас Семяновіч: ) “Таварышы лукашысты! Вы вырашылі судзіцца з Саюзам пісьменьнікаў Беларусі. Так, каманда паступіла, яе трэба выконваць, каб ад карыта не адлучылі. Справа слухаецца ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь. Напэўна, вам няма чаго рабіць. Ваш суд працягваецца сем з паловай гадзін. Я гэтае пытаньне вырашыў бы за 5 хвілін, дэмагогіі разводзіць бы не дазволіў. Пісьменьнікам прыпісалі такія злачынствы, як адсутнасьць у друку двукосься, на наяўнасьць “Пагоні” на шыльдзе, што ва ўваходзе ў Дом літаратараў, якая належыць адміністрацыі прэзыдэнта. Ніякіх доказаў да зьезду беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі няма. Вы, лукашысты, ганьбіце родную Беларусь перад усім сьветам.

Яшчэ раз зьвяртаюся да вас, галоўны начальнік Беларусі. Спыніце судзілішча перад народам! Сумленныя пісьменьнікі пісаць хвалебныя раманы пра вас ня будуць!”

(Спадар: ) “Учора па тэлебачаньні паказалі Лябедзьку ў Вільні. Нейкі ён замучаны ад палітычнага жыцьця. Але тое, што ён гаворыць, што шкада беларускі народ, што шмат сталых людзей пацярпелі ад Вялікай Айчыннай вайны, ад таго, што прыйшлося пераадолець... Але справа ў тым, што вельмі значная частка людзей падтрымлівае цяпер Лукашэнку. Нездарма прафэсар Манаеў даў зьвесткі, што больш за 60% падтрымлівае Лукашэнку. Як можна казаць, што патрэбна на Беларусі падтрымаць дэмакратычны лад? Колькі людзей прагаласавала за Мілінкевіча і колькі за Лукашэнку. Хаця выбары і былі фальсыфікаваныя, але ўсё роўна большая частка прагаласавала за Лукашэнку. Калі б прыняць эканамічныя санкцыі… Але Эўропа ня пойдзе на эканамічныя санкцыі, яна пагуляе ў дэмакратыю ў Беларусі і прыпыніць свае дзеяньні, таксама як на Кубе. Колькі на Кубе ўжо ўлада Фідэля Кастра існуе – і нічога, ніхто ня можа яе зьвярнуць зь месца”.

(Спадар: ) “Вы можаце спыніцца ўрэшце рэшт супраць Беларусі? Запомніце, толькі ў Берасьці С-300, а яшчэ ж у Прылуках стаіць. Мы ж вас усіх зьнішчым! Дарэмна Буш вам дае 60 мільёнаў даляраў на развал Беларусі! Не атрымаецца! У Беларусі партызаны! Узгадайце, што ў часы вайны было! Мы ж вас усіх зьнішчым!”

(Жыхар Менску: ) "Хоць вы апошнім часам пачалі дагаджаць і вашым, і нашым, не агучыце і гэта маё меркаваньне, хачу спытаць. Ці забаранілі нашы кіраўнікі ўвоз грузінскіх вінаў і “Баржомі” на знак салідарнасьці са старэйшым братам? Я з жонкай па парадзе ўрача ў 80-е гады свае гастрыты вылечылі “Баржомі”, а Расея не пускае. П’юць водаправодную ваду, як ім параілі грузіны. А я ў сваю чаргу ім таксама раю замест грузінскіх і малдаўскіх вінаў піць самагонку і бражку!”

(Спадар: ) “Міхаіл Задорнаў пасьля таго як наведаў Амэрыку, калі вярнуўся адтуль, валасы яго дыбам стаялі. Ён усім расказвае, што тупее амэрыканцаў ён ня бачыў. Таму што калі амэрыканцы кажуць, а пасьля іх і польскі пан прапшэкаў, што НАТО зьяўляецца прасоўваньнем дэмакратыі… Большага глупства вы ў сьвеце ня знойдзеце!” (…)

(Банкевіч Генадзь: ) “Выказваю сваё меркаваньне. Дзякуй спадару Ракіцкаму за перадачу па так званым беларускім пытаньні, а таксама за выступ самога Алеся Петрашкевіча. Лічу, што гэтае пытаньне на радыё павінна асьвятляцца пастаянна, чаго няма зараз. Мне падаецца, што “Свабода” не выконвае сваіх задач, якія выказваюцца паважанымі спадарамі Кролам і Чэйні, а кіруецца ў сваёй дзейнасьці з арыентацыяй на Эўропу і Нямеччыну. Таму, мусіць, выступы расейцаў не перакладаюцца на беларускую мову – а дарма. Не чуваць камэнтару беларускай палітыкі ад спадара Зянона Пазьняка. Не паважае нацыянальнае пытаньне на радыё. Ці ня варта вярнуцца радыё да старой назвы “Вызваленьне”?

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”! Пачуў па вашым радыё інфармацыю пра тое, што нейкі аўстрыйскі палітык захапляецца ўзроўнем жыцьця ў Беларусі, увогуле, сьпявае оды беларускаму рэжыму. Можа, у некаторых аўстрыйцаў настальгія па Гітлеру? Ён жа таксама з Аўстрыі. Запрашаем гэтага аўстрыйскага палітыка пажыць у Беларусі на сярэднюю пэнсію беларускіх пэнсіянэраў, але не на пэнсію адстаўных міліцыянтаў і вайскоўцаў. Якія б песьні засьпяваў гэты б аўстрыйскі салавей?”

“Ключ да вырашэньня беларускага пытаньня ляжыць ніяк не ў Расеі. Палітычнаму кіраўніцтву Расеі вельмі выгадна мець фон, на якім можна больш менш прыстойна добра выглядаць. А “бацька”, якога даўно не пускаюць у прыстойныя эўрапейскія дамы, вельмі падыходзіць да гэтага. Рэпутацыя даўно, канчаткова і безнадзейна сапсавана”.

(Спадар: ) “Хачу скласьці “формулу посьпехаў” апазыцыі, чаму апазыцыя ў чарговы раз прайграла. Напрыклад, Мілінкевіч. Ня трэба было ў другім выступленьні 2-га красавіка крытыкаваць уладу і Лукашэнку, а трэба было абавязкова патлумачыць выбаршчыку, як павінна разьвівацца дзяржава, якія інстытуты права павінны быць, як судовая ўлада павінна абараняць інтарэсы чалавека, аб дзейнасьці прафэсійных саюзаў. І абавязкова трэба было перад самым канцом выступленьня патлумачыць: я, як адзіны кандыдат, жадаю сваю кандыдатуру зьняць, таму што ў гэтых умовах немагчыма выйграць. І трэба было дадаць, што калі людзі, народ, запатрабуе нас, вось тады мы ўсё зробім дзеля таго, каб узяць уладу і пакінуць Лукашэнку і Гайдукевіча удваіх. Чым бы апілоўваў бы тады Лукашэнка, нават перад Пуціным? Як бы ён сябе паводзіў?”

(Спадар, Смаргонь: ) “Учора тэлефанаваў наконт смаргонскага арла двухгаловага, дык ня ведаю, каму верыць, альбо працаўніку смаргонскага выканкаму ці смаргонскаму тэлебачаньню. Гэта наконт таго, дзе я браў інфармацыю.

А яшчэ майму дзіцяці, які вучыцца ў 2-м клясе, далі анкету з 10 пунктаў. Адзін з пунктаў гаворыць: патрыятызм. Трэба паставіць ацэнку ад 0 да 4. Дык вось я хацеў бы ўдакладніць у тых, хто складаў гэтыя анкеты, 4 – гэта што? Трэба, можа, нам зьезьдзіць на “Лінію Сталіна” ці ў Маўзалей Леніна? Хай бы адказалі, які ім патрэбны патрыятызм”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG