Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне "Свабоды": ці адчуваюць сябе беларусы эўрапейцамі?


Радыё Свабода У 1950 годзе міністар замежных спраў Францыі Робэр Шуман афіцыйна зьвярнуўся да ўраду ФРГ з прапановай забыцца на ўсе ўзаемныя крыўды й супярэчнасьці. Па сутнасьці, спадар Шуман прапанаваў цэльную канцэпцыю ўзьвядзеньня эўрапейскага дому, ідэю эўрапейскай інтэграцыі. Таму менавіта 5 траўня адзначаецца як дзень народзінаў Эўразьвязу. Паводле іншых крыніцаў, 5 траўня 1949 году ў Лёндане быў падпісаны Статут Рады Эўропы. Але менавіта сьвятам Дзень Эўропы Стары Сьвет пачаў адзначаць з 1985 году.

Ці лічаць беларусы сябе эўрапейцамі?

Беларусь, нібыта, лічыцца геаграфічным цэнтрам Эўропы. У Менску я знайшла некалькі аб’ектаў, зьвязаных, так бы мовіць, з паняткам “Эўропа”. Два ўнівэрсамы “Эўрапейскія”, недабудаваны гатэль “Эўропа” (праўда, на ім пакуль ніякіх апазнавальных знакаў), сучасны гандлёва-забаўляльны цэнтар “Эўропа” (на будынку нават зьмешчана эмблема Эўразьвязу — дванаццаць зорачак). Быў яшчэ Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які цяпер працуе ў выгнаньні, у Вільні. Вось, бадай, і ўсё.

Ці адчуваюць, пры гэтым, менчукі сябе эўрапейцамі, прыналежнымі да эўрапейскай нацыі?

(Спадар: ) “Канечне, мы эўрапейцы”.

(Спадарыня: ) “Не, я не адчуваю сябе эўрапейкай, таму што Беларусь — гэта не зусім Эўропа. Мы не падобны да эўрапейцаў, мы — асобная нацыя, якая мае свой побыт, свой характар, свае асаблівасьці”.

(Дзяўчына: ) “Я таксама не адчуваю сябе эўрапейкай, таму што Эўропа нас пакуль не прымае да сябе. Мы не дайшлі да іхнага ўзроўню жыцьця. А па ўнутраным сьвеце — я лічу — наша нацыя багацейшая, чым яны”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці пачуваюць сябе такія прыгожыя беларускі прыналежнымі да эўрапейскай нацыі?”

(Дзяўчына: ) “Так, я лічу, што мы — эўрапейскі народ. Напэўна. Таму што ўзровень нашага жыцьця, узровень адукацыі, культуры не нашмат горшы, чым у іншых краінах”.

(Спадар: ) “Жывём у Эўропе. Але мы — беларусы”.

(Хлопец: ) “Хочам быць у Эўропе, разьмяшчэньне — Эўропа. Чаму не? Але ўлада, якая ў нас цяпер, на маю думку, не імкнецца да гэтага”.

(Спадар: ) “Мы знаходзімся ў цэнтры Эўропы, але мы не эўрапейцы. Нашы ўлады зачыніліся ад Эўропы. Сябе эўрапейцам я не адчуваю”.

(Спадар: ) “Эўрапейцам сябе адчуваю зрэдку. Бо наша дзяржава не падобна да эўрапейскай — парадкі тут іншыя”.

(Хлопец: ) “Не, не адчуваю. Таму што мы жывём у Беларусі, а не ў Эўропе”.

(Спадар: ) “Бальшыня людзей лічыць сябе беларусамі, а не эўрапейцамі”.

(Карэспандэнтка: ) “А ваша меркаваньне: стане Беларусь сапраўднай эўрапейскай дзяржавай? Ці прымуць яе ў Эўразьвяз, Раду Эўропы?”

(Спадар: ) “Пра Эўразьвяз Мілінкевіч ужо размовы вядзе. Але як мінімум яшчэ прыблізна гады чатыры мы будзем трошку адасобленымі. Усё ж, я мяркую, непазьбежна Беларусь стане эўрапейскай дзяржавай”.

***

Што б выбралі грамадзяне Беларусі, калі б ім давялося выбіраць паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўрапейскі Зьвяз? Як вынікае з апытаньня грамадзкай думкі, абнародаванага сацыёлягам Алегам Манаевым, 56,1 % беларускіх рэспандэнтаў схіляюцца да аб’яднаньня з Расеяй, 31,9 % – да ўваходу Беларусі ў Эўразьвяз.

З гэтымі лічбамі амаль супадаюць вынікі, атрыманыя групаю прафэсара Манаева пры адказах на пытаньне, ці лічыце вы сябе хутчэй сучасным эўрапейскім чалавекам, ці савецкім чалавекам. Эўрапейцамі сябе лічаць 36 % грамадзянаў Беларусі, савецкімі людзьмі – 52 %.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG