Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год таму памёр паэт Анатоль Сыс


Севярын Квяткоўскі, Менск Паэту было сорак шэсьць гадоў, па сабе ён пакінуў тры зборнікі вершаў, якія завуцца “Агмень”, “Пан Лес” і “Сыс” – а таксама шмат сяброў і прыхільнікаў таленту. Да гадавіны сьмерці Анатоля Сыса прымеркаваныя мастацкая выстава, зьяўленьне сайту ды публікацыі ўспамінаў.

Да гадавіны паэт, празаік і мастак Адам Глёбус сабраў разам свае нататкі пра Анатоля Сыса, якія разьмясьціў на інтэрнэт-старонцы Litara.net.

(Глёбус: ) “На сёньняшні дзень маё пакаленьне, для якога Сыс быў адназначным лідэрам у сучаснай паэзіі, зараз пакаленьне займаецца тым, што аддае пашану. Калі казаць прасьцей, робіць помнік Анатолю Сысу. Мне пашанцавала, што сярод нас жыў такі вялікі паэт”.

Сярод іншых матэрыялаў нататкі можна пабачыць на сайце, якія адмыслова прысьвечаны Анатолю Сысу – Sys.knihi.com. Тут разьмешчаныя фотаздымкі паэта, ягоныя творы, біяграфія, матэрыялы друку. Аўтар сайту, які выступае ў інтэрнэце пад нікнэймам Ancalot, заклікае ўсіх ахвотных дасылаць матэрыялы, прысьвечаныя Анатолю Сысу.

Паэт дэбютаваў у 1986 вершамі ў часопісе «Маладосьць». У 1987 быў сярод заснавальнікаў творчага аб’яднаньня «Тутэйшыя». На пачатку 1990-х Кася Камоцкая напісала некалькі песень на вершы Анатоля Сыса. Песьня “Залатыя краты” стала гітом і цяпер ужо ўваходзіць у клясыку беларускай рок-музыкі.

Узыход зоркі паэта прыпаў на канец 1980-х – пачатак 1990-х гадоў. Самым вядомым стаў зборнік “Пан Лес”, які выйшаў у 1989 годзе. Ад сярэдзіны 1990-х да сваёй сьмерці Анатоль Сыс амаль не пісаў новыя творы. Тым ня менш, карыстаўся падтрымкай шматлікіх прыхільнікаў. Адзін бізнэсовец прыватна заснаваў свайго кшталту пэнсію для паэта.

Постаць Анатоля Сыса лічаць супярэчлівай. Яго пры жыцьці называлі геніем. Але многіх абурала прага паэта да спантанных публічных пэрформансаў, ягоная любоў да шумных бяседаў, дзе алькаголь ліецца ракою.

Мастак Алесь Квяткоўскі адразу пасьля сьмерці Анатоля Сыса пачаў рыхтаваць мэмарыяльную выставу.

(Квяткоўскі: ) “Павесіў з аднаго боку верш “Пан Лес”, з другога боку верш “Мая хата безь сяброў ня хата”, і пачаў свой роздум праз свае творы. Пішаш, думаеш, згадваеш… І тое, што прыліпла да ягонага вобразу, адыйшло ў бок. Акурат у гадавіну будзе адкрыцьцё выставы. Гэта мой учынак. Чалавечы і сяброўскі ўчынак”.

Да ініцыятывы выставы далучыліся мастакі Алесь Суша і Алесь Марачкін, які афармляў апошні прыжыцьцёвы зборнік вершаў – ён выйшаў у 2002 годзе, і зваўся проста: “Сыс”:

(Марачкін:) “Я думаю, што наперадзе яшчэ пленэры, прысьвечаныя Анатолю Сысу, і можа быць не адна выстава”.

А першая мастацкая выстава, прысьвечаная паэту Анатолю Сысу, завецца “Пан Лес”. Урачыстае адкрыцьцё адбудзецца сёньня а 17-й гадзіне ў менскім Палацы чыгуначнікаў.
XS
SM
MD
LG