Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці ведаюць людзі пра арышт Мілінкевіча і Казуліна?


Міхал Карневіч, Горадня Як гарадзенцы ставяцца да таго, што былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Казулін і Мілінкевіч знаходзяцца ў турме? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Горадні задаваў наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “Я лічу гэта памылкай. Нават калі й былі нейкія фармальныя прычыны іх затрымаць, ня варта было гэтага рабіць. Павінны ж быць нейкія межы для выказваньня сваіх поглядаў. Яны спрабавалі гэта рабіць. І трэба даваць магчымасьць людзям выказвацца”.

(Спадар: ) “Я, па-першае, пра гэта ня ведаў. Кожны выбірае тое, што выбірае, і ня мне пра гэта меркаваць. Гэта палітычная справа, а мы людзі малыя і далёкія ад палітыкі. Ня ведаю. Свабода і дэмакратыя ў нашай краіне павінны быць, але калі іх пасадзілі, значыць, было за што”.

(Малады спадар: ) “Нэгатыўна да гэтага стаўлюся і не разумею, на якой падставе іх пасадзілі. Яны маюць права голасу — і недапушчальна, калі за гэта садзяць”.

(Спадарыня: ) “Я палітыкай не цікаўлюся, і мне ўсё адно”.

(Дзяўчына: ) “Дрэнна да гэтага стаўлюся, хаця і сама за Лукашэнку”.

(Спадар: ) “У нас павінна быць свабода, а садзіць за дробязныя правапарушэньні ў турму — незаконна”.

(Сталы спадар: ) “Бог яго ведае. Але ж, вядома, няважна гэта ўсё”.

(Вайсковы пэнсіянэр: ) “Для мяне гэта навіна. Але тое, што стаў прэзыдэнтам Лукашэнка, гэта добра. І я за свайго прэзыдэнта магу галаву пакласьці”.

(Спадарыня: ) “Калі яны заслужылі, то так трэба, а калі не — значыць, так ня трэба”.

(Спадар: ) “Адмоўна стаўлюся. Павінна быць у краіне свабода. А яе, на жаль, у нас пакуль няма”.

(Дзяўчына: ) “Я за іх не галасавала, і мне ўсё роўна”.

(Спадарыня: ) “Я толькі за свайго былога прэзыдэнта, за Лукашэнку, больш адмаўляюся што-небудзь казаць”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, яны там пасядзяць і трошкі падумаюць пра тое, што ня мелі рацыі”.

(Дзяўчына: ) “Нават ня ведаю, што адказаць. Нэгатыўна стаўлюся да гэтага. Вось і ўсё”.

(Дзяўчына: ) “Што хацелі, тое і атрымалі”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што гэта ня вельмі добра, і больш ня буду вам нічога адказваць”.

(Дзяўчаты: ) “Мы пра гэта нічога ня ведаем, дый ад нас мала што залежыць. Зрэшты, нам ужо ўсё роўна”.

(Студэнтка: ) “Кожны мае права выказацца. І я супраць, каб за гэта судзілі”.

(Сталая спадарыня: ) “У палітыку я ня лезу”.

(Спадарыня: ) “Гэта трэба вырашаць на больш высокім узроўні”.

(Спадар: ) “Яны трохі ня мелі рацыі. Калі яны хацелі быць апазыцыяй, то трэба было быць разам, у адным кулаку, а ня кожны сам па сабе”.

(Спадарыня: ) “Без адказу”.

(Спадарыня: ) “Наўрад ці мой голас адыграў што-небудзь ва ўсім гэтым. Вядома, што непрыемна, калі яны сядзяць у турме, а паўсюль гавораць пра свабоду слова і іншае. І што за злачынствы яны зьдзейсьнілі, каб сядзець за кратамі?”

(Сталая спадарыня: ) “Я супраць. Чаго яны іх пасадзілі, абодва прыстойныя людзі”.

(Спадар: ) “Ведаеце, я не тутэйшы, не адсюль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG