Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзеваму актывісту пагражае рэкордна вялікі прысуд


Радыё Свабода Сёньня ў Менску і Баранавічах пачнуцца судовыя працэсы над двума лідэрамі моладзевага руху – Артурам Фінькевічам і Мікітам Сасімам. Артура Фінькевіча будуць судзіць нібыта за пашкоджаньне дзяржаўнай маёмасьці, Мікіту Сасіма – за ўхіленьне ад вайсковай службы. У абодвух выпадках падсудныя зьвязваюць перасьлед з палітычнай дзейнасьцю.

Суд над актывістам незарэгістраванай арганізацыі Малады фронт Артурам Фінькевічам пройдзе ў Першамайскім судзе Менску. Весьці працэс прызначаная судзьдзя Вікторыя Зайцава, абараняць апазыцыянэра будзе адвакат Аляксандр Галіеў.

Артура Фінькевіча затрымалі 30 студзеня ў Менску падчас напісаньня на плоце лёзунгу “Мы хочам новага!” За гэта яму пагражае ад 7 да 12 гадоў турмы. Чаму за дзеяньні, што раней кваліфікаваліся як хуліганства, зараз пагражае пакараньне, прадугледжанае для цяжкага злачынства? Бо нібыта Артур Фінькевіч нанёс дзяржаве стратаў ажно на 35 мільёнаў рублёў. Сьледзтва прыйшло да высновы, што ён намаляваў у Менску на платах і будынках не адзін, а дзесяткі лёзунгаў палітычнага зьместу. Малады чалавек гэтага не прызнае... Адвакат Аляксандр Галіеў матэрыялы справы не камэнтуе, спасылаючыся на забарону. Пры гэтым ён не выключае, што абвінавачаны будзе патрабаваць правядзеньня шматлікіх экспэртызаў, і гэта значна зацягне працэс. На думку адваката, варта змагацца паводле кожнага эпізоду, бо толькі гэтак можна дамагчыся зьмены кваліфікацыі магчымага злачынства. Праваабаронца з цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч падкрэсьлівае палітычны падтэкст працэсу, таму цяжка разьлічваць на мяккі прысуд.

(Стэфановіч: ) “Тэарэтычна мы разглядалі магчымасьць, калі ўсе страты будуць пакрытыя. Але і ў гэтым выпадку не гарантавана, што супраць Фінькевіча выкарыстаюць артыкул пра пакараньне ніжэй за мінімальнае. Таму рэальна, што ён можа атрымаць пакараньне ня меней за 7 гадоў, і гэта будзе рэкорд пакараньня палітзьняволенага за час прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі”.

Артура Фінькевіча ўжо тры месяцы ўтрымліваюць у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага, спатканьні зь ім забароненыя.

Крыху лягчэйшае пакараньне пагражае актывісту з Баранавіч Мікіту Сасіму, якога таксама пачнуць судзіць сёньня, у ягоным родным горадзе. Юнаку пагражае 3 гады нібыта за ўхіленьне ад вайсковай службы. Мікіта Сасім мяркуе, што яго перасьледуюць як апазыцыйнага актывіста. Летась у выніку разгону акцыі супраць палітычных зьнікненьняў Мікіта Сасім быў затрыманы і моцна зьбіты міліцыянтамі. З траўмай галавы юнак патрапіў у шпіталь, і з прычыны гэтага чарговы прызыў абмінуў яго. Але нядаўна было заяўлена, нібыта ён ухіляецца ад вайсковай службы. Як і Артур Фінькевіч, Мікіта Сасім, якога затрымалі напярэдадні выбараў, дагэтуль знаходзіцца пад вартай.

Прынята лічыць, што гэта Мікіта Сасім спрычыніўся да зьяўленьня тэрміну “джынсавая рэвалюцыя”. Летась падчас пратэстнай акцыі замест адабранага міліцыянтамі бел-чырвона-белага сьцяга ён узьняў над натоўпам імправізаваны сьцяг з джынсавай кашулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG