Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі правяраюць грузінскія й малдаўскія віны


Радыё Свабода У Беларусі працягваецца праверка якасьці вінаў, імпартаваных з Грузіі й Малдовы. Вінная прадукцыя з гэтых краінаў нядаўна забароненая да продажу ў Расеі.

Рэспубліканскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, які правярае грузінскае і малдаўскае віно, чакае вынікаў экспэртызы з рэгіёнаў. Супрацоўнік цэнтру, які не пажадаў назваць свайго прозьвішча, паведаміў Радыё Свабода:

(Прадстаўнік: ) “Цяпер яшчэ зьвесткі не прыйшлі з абласьцей. Мы рэйд абвяшчалі. Бо было распараджэньне галоўнага дзяржсанлекара на правядзеньне дасьледаваньняў. Адсылаецца на вобласьці, а вобласьці на раёны. І паўсюль у рэспубліцы праводзяцца дасьледаваньні. На ўсе паказчыкі — у прыватнасьці, на пэстыцыды, на таксычныя элемэнты. Былі прамежкавыя вынікі, але неадпаведных нормам не было”.

Вынікаў экспэртызы санэпідслужбы чакаюць беларускія гандляры віннай прадукцыі з Грузіі й Малдовы. Менскі гандлёвы дом “Крыкава” рэалізуе малдаўскае віно. Паводле дырэктара Аляксандра Мурашкевіча, праверка санэпідслужбы закранула і іх:

(Мурашкевіч: ) “Усе цудоўна разумеюць, што гэта – палітычнае пытаньне. У нас прадстаўніцтва адзінага на тэрыторыі Малдовы дзяржаўнага заводу “Крыкава”, які вядомы ва ўсім сьвеце яшчэ з часу былога СССР. Мора залатых і срэбраных мэдалёў — якасьць неаспрэчная”.

Паводле спадара Мурашкевіча, яны спадзяюцца на станоўчыя вынікі экспэртызы. Упэўненыя ў якасьці сваёй прадукцыі й гандляры, якія прадаюць грузінскае віно. Напрыклад, ім гандлюе менская крама “Армянскія каньякі”. Гаворыць мэнэджэр Сьвятлана Саўчык:

(Саўчык: ) “У нас усе віны пастаўляюцца з Грузіі. Іх вытворца грузінская кампанія вінаў і напояў. Гэта два брэнды “Стары Тбілісі” і “Тамада”. Яны якасныя. Праходзяць сэртыфікацыю ў Міністэрстве аховы здароўя, праходзяць гігіенічную рэгістрацыю. Адпавядаюць усім стандартам і нормам”.

Нагадаю, ад 27 сакавіка Масква забараніла ўвоз грузінскіх і малдаўскіх вінаў на тэрыторыю Расеі, спасылаючыся на рэкамэндацыі санэпідслужбаў. Многія лічаць гэтае рашэньне палітычным. Вось што патлумачыў Радыё Свабода прадстаўнік віннай лябараторыі з Тбілісі Ніко Шакулашвілі:

(Шакулашвілі: ) “Тыя аналізы і тая шуміха, што падняліся ў Расеі, мы гэта лічым палітычным рашэньнем. У дакладзе галоўнага санітарнага лекара Расеі Анішчанкі было, што ў Грузіі нібыта выкарыстоўваюцца пэстыцыды 2-й і 3-й клясы рызыкі… Людзі добрыя! Пэстыцыдаў там быць ня можа, калі гэта не зламысныя намеры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG