Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Алесь Гарун


Радыё Свабода (11.3.1887, в.Новы Двор (цяпер Менскі раён) – 28.7.1920, Кракаў) Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Ад сярэдзіны 1920-х да пачатку 1980-х гадоў яго імя ў БССР знаходзілася пад забаронаю. Што ж за такія цяжкія злачынствы зьдзейсьніў Аляксандар Прушынскі, больш вядомы пад сваім літаратурным імем – Алесь Гарун?

У 1907-м яго, сябра менскай арганізацыі эсэраў-“максімалістаў” і карэспандэнта “Нашае Нівы”, арыштавалі ў нелегальнай друкарні. Віленская судовая палата адмерала Прушынскаму 2 гады і 8 месяцаў турмы, але Сэнат Расейскай імпэрыі расцаніў прысуд як абуральна мяккі і вярнуў справу на паўторны разгляд. У выніку небясьпечны беларус – рэвалюцыянэр ды яшчэ й паэт – быў засуджаны на высылку з пазбаўленьнем усіх правоў і пажыцьцёвым пасяленьнем у Сібіры. Там Алесь ганяў плыты, здабываў золата, граў на змайстраванай сваімі рукамі скрыпцы і пісаў вершы – бунтоўныя, напоўненыя біблійнымі й філязафічнымі матывамі. Рукапіс першага зборніку “Матчын дар” прыйшоў у Вільню поштаю зь берагоў Лены.

У Беларусь ён вярнуўся ў 1917-м ужо хворы на невылечныя тады сухоты. Аднак Алесь не шукаў зацішнага жыцьця – наадварот, апынаўся там, дзе вырашаўся лёс Бацькаўшчыны. Дэлегаты Ўсебеларускага зьезду абралі Прушынскага віцэ-старшынём. Ён браў удзел у стварэньні БНР, а ў дзень абвяшчэньня яе незалежнасьці, 25 сакавіка 1918-га, быў прызначаны рэдактарам газэты “Беларускі шлях”.

Пазьней ён увайшоў у склад Беларускай вайсковай камісіі (БВК), што мела на мэце фармаваньне нацыянальнай арміі. За савецкім часам некаторыя аўтары, нязграбна спрабуючы адмыць імя Гаруна ад абвінавачваньняў у нацыяналізьме, пісалі, нібыта ён байкатаваў працу ў БВК. Насамрэч Алесь Гарун, займаючы пасаду намесьніка старшыні, стаў адным зь яе найактыўнейшых сяброў: перакладаў на беларускую мову вайсковыя падручнікі, пісаў статуты, выкладаў на курсах, стварыў выдавецтва БВК, разам зь Янкам Купалам і Макарам Краўцовым пісаў жаўнерскія песьні…

Але няўмольная хвароба рабіла сваю справу. У ліпені 1920-га сябры – Антон Аўсянік і Францішак Кушаль – занесьлі Гаруна ў санітарны цягнік. Не даехаўшы да курортнага Закапанэ, Алесь памёр у Кракаве, дзе й быў пахаваны на Ракавіцкіх вайсковых могілках. У 1988-м намаганьнямі беларускай сям’і Латышонкаў на магіле зьявіўся помнік. Другім помнікам стаў выдадзены ў Менску збор твораў Гаруна “Сэрцам пачуты звон” (1991).

Жыве спакойна вол пад тым ярмом сваім, Намуляў карк. Мазолі, скрозь мазолі! Падкінуць сена жмут – яму й таго даволі. І лёс мізэрны свой не назаве благім… А ты – жывёлаў цар? Ці ты жывеш інакш?!

P.S. У біябібліяграфічным даведніку “Беларускія пісьменьнікі” пададзеная памылковая дата сьмерці А.Гаруна.
XS
SM
MD
LG