Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч галадае за кратамі два тыдні


Радыё Свабода Сёньня пасьля перапынку аднавіўся працэс па крымінальнай справе супраць ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча й ягонага калегі Юрыя Лявонава, які нібыта спрыяў яму. Прад’явілі абвінавачаньне — ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Абодва прадпрымальнікі абвінавачаньня не прызналі. Спадара Аўтуховіча трымаюць пад вартай у сьледчым ізалятары, дзе ён два тыдні галадуе на знак пратэсту.

Мікалая Аўтуховіча даставілі ў судовую залю два міліцыянты, яны зьнялі зь яго кайданкі й замкнулі ў клетцы. Пракурор Шчарбак зачытаў абвінавачаньне: тры гады таму выйшаў прэзыдэнцкі дэкрэт, паводле якога прадпрымальнік ня мог мець больш за трох найманых працаўнікоў. Тады Аўтуховіч, на таксоўках якога працавалі кіроўцы, падпісаў дамову зь Юрыем Лявонавым — дырэктарам фірмы “Ніка-транс”, куды перайшлі кіроўцы, працягваючы езьдзіць на таксоўках Аўтуховіча. Гэта было названа “незаконнай схемай”. У абвінавачаньні гаворыцца, што прадпрымальнік павінен быў стварыць фірму. Сьледзтва падлічыла, што ён атрымаў выручкі на 1 мільярд 92 мільёны рублёў і не заплаціў больш за 386 мільёнаў рублёў падаткаў.

Мікалай Аўтуховіч зазначыў у судзе, што дагавор зь “Ніка-транс” быў зарэгістраваны ў падатковай службе, і ніхто яго не лічыў незаконным. Паводле закону ён толькі “меў права” стварыць фірму, а ў абвінавачаньні гаворыцца, што ён гэта быў абавязаны зрабіць. Суму, зь якой ён нібыта не заплаціў падаткі, яму налічылі так, быццам ён якраз меў фірму, а не зьяўляўся індывідуальным прадпрымальнікам. І апошняе: спачатку сьледзтва ня ўлічвала, што з атрыманай выручкі Аўтуховіч рамантаваў, запраўляў таксоўкі, а ня клаў яе цалкам у кішэню.

Сёньня ў судзе быў калега Аўтуховіча Ўладзімер Асіпенка:

(Асіпенка: ) “Настроены ён рашуча і заявіў сёньня, што адмаўляецца ад ежы зь першага дня знаходжаньня пад вартай, карацей кажучы, зноў галадае. Ён сказаў, што настроены так рашуча, што гатовы нават ахвяраваць жыцьцём. Я яго добра ведаю: ён ад сваіх словаў не адмовіцца ніколі”.

Аўтуховіча абвінавачвалі, што ён “знайшоў прабел у заканадаўстве” і выкарыстаў яго. Сам прадпрымальнік зазначыў: тое, што не забаронена законам, можна рабіць. Ён нагадаў, што леташні прэзыдэнцкі ўказ канкрэтызаваў, што прадпрымальнікі сапраўды могуць працаваць па дамовах зь фірмамі, як яны калісьці зрабілі са спадаром Лявонавым.

Мікалай Аўтуховіч другі раз галадае за кратамі. Пры канцы мінулага году ён галадаў у сьледчым ізалятары 74 дні, дамагаючыся, каб яму зьмянілі меру стрыманьня. Яго перавялі пад хатні арышт, ён больш за месяц выходзіў з галадоўкі ў сябе дома ў Ваўкавыску, але напярэдадні суду ўцёк. Яго абвясьцілі ў вышук. Два месяцы Аўтуховіч хаваўся, яго затрымалі 8 красавіка ў Менску. Пасьля гэтага зноў зьмясьцілі пад варту, і два тыдні ён у ізалятары знаёміўся з матэрыяламі сваёй крымінальнай справы. Справа датычыць другой часткі артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу — “ухіленьне ад уплаты падаткаў і збораў”, дзе прадугледжанае пакараньне да пяці гадоў абмежаваньня свабоды або ад трох да сямі гадоў зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG