Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька зьбіраецца выставіць уладам ультыматум


Радыё Свабода Анатоль Лябедзька назваў учорашняе затрыманьне яго супрацоўнікамі КДБ сплянаванай акцыяй запалохваньня. Анатоль Лябедзька плянуе 1 траўня на мітынгу выставіць ультыматум уладам — цягам трыццаці дзён вызваліць усіх палітычных зьняволеных у Беларусі. Гэтаксама лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі возьме ўдзел у стварэньні міжнароднага грамадзкага суду над асобамі, датычнымі да зьнікненьняў людзей і правядзеньня рэпрэсіяў.

Анатоль Лябедзька плянуе на акцыі 1 траўня агучыць тое, што ня меў магчымасьці сказаць 26 красавіка падчас Чарнобыльскага шляху. Ён зьбіраецца выставіць ультыматум Аляксандру Лукашэнку: цягам трыццаці дзён вызваліць усіх палітвязьняў. “Трэба заклікаць людзей праз трыццаць дзён сабрацца зноў і дамагацца свабоды для тых, каго яе пазбавілі з палітычных прычынаў”, — заявіў Анатоль Лябедзька.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі лідэр АГП Анатоль Лябедзька назваў загадзя сплянаванай апэрацыяй ягонае затрыманьне супрацоўнікамі КДБ.

26 красавіка апоўдні яго затрымалі людзі ў цывільным і пачалі зьбіваць, надзеўшы яму кайданкі й нацягнуўшы на галаву куртку. Нападнікі пасадзілі Лябедзьку ў ягоную машыну і працягвалі там біць. Потым палітыка адвезьлі ў КДБ, дзе ў пакоі сьледчага зноў надзелі кайданкі, і працягвалі біць. Паводле Лябедзькі, супрацоўнікі КДБ адвезьлі яго пасьля гэтага ў наркалягічную бальніцу і зрабілі аналіз крыві на алькаголь, на той падставе, што ён нібыта ўдзельнічаў у дарожна-транспартным здарэньні.

На допыце Анатолю Лябедзьку сьледчыя паведамілі пра заведзеную крымінальную справу, зьвязаную з абвінавачаньнямі ў тэрарызьме. Лідэра АГП распытвалі пра яго паездкі за мяжу, асабліва ў Грузію, Літву і Ўкраіну. Паводле Лябедзькі, сьледчыя не назвалі сябе й не далі на подпіс пратакол допыту.

Больш за дзевяць гадзінаў родныя і калегі Анатоля Лябедзькі ня ведалі, дзе ён знаходзіцца, тады як супрацоўнікі КДБ гаварылі лідэру АГП, што ягоным родным паведамлена пра затрыманьне. Пасьля допыту людзі ў чорных масках вывезьлі Анатоля Лябедзьку на ўскраек Менску і параілі зрабіць правільныя высновы з затрыманьня.

На пытаньне Радыё Свабода, ці зьняў ён нанесеныя пабоі, каб зьвярнуцца са скаргай на зьбіцьцё, Анатоль Лябедзька адказаў:

(Лябедзька: ) “У мяне засталіся сьляды на руках, рука дрэнна згінаецца, баліць карак і крыху баліць паясьніца. Але я сябе агледзеў з усіх бакоў, і быццам такіх нейкіх пабояў не відаць. Я не разьлічваю, што калі б нават былі пабоі, можна было нешта знайсьці ў гэтай сыстэме. Калі раней мне пашкодзілі ныркі й рэбры паламалі, і я зьвяртаўся ў пракуратуру, і гэта справа завяршылася нічым, таму ілюзіяў тут у мяне няма”.

Тым ня менш, юрысты АГП накіруюць скаргі на незаконнае затрыманьне лідэра партыі ў пракуратуру ды іншыя інстанцыі. Атрымаць камэнтар супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі адносна прычынаў і абставінаў затрыманьня Анатоля Лябедзькі сёньня не атрымалася: тэлефоны прэсавай службы КДБ маўчалі.

Анатоль Лябедзька выказаў удзячнасьць сваім калегам па партыі, якія ўчора на Чарнобыльскім шляху агучылі прапанову стварыць міжнародны грамадзкі суд. Першае паседжаньне адбудзецца ў верасьні, суд будзе разглядаць тры асноўныя пытаньні — антыканстытуцыйны пераварот 1996 году, зьнікненьне і забойства людзей у Беларусі й дзеяньні ўладаў 25 сакавіка ў Менску.

* * * Падобнае да ўчорашняга сілавое затрыманьне Анатоля Лябедзькі ўжо мела месца некалькі гадоў назад. 5 лістапада 2002 году чатыры супрацоўнікі КДБ у цывільным напалі на палітыка каля амбасады ЗША ў Менску і гвалтам запіхнулі яго ў машыну. Лябедзьку даставілі тады ў КДБ, дзе папярэдзілі, што палітык можа быць прыцягнуты да адказнасьці за свае кантакты з супрацоўнікамі замежных спэцслужбаў. У 2002-м Лябедзька назваў выстаўленыя яму ў Камітэце дзяржаўнай бясьпекі абвінавачаньні “вяртаньнем да сталінскага абсурду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG