Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька – на свабодзе; яго зьбівалі супрацоўнікі КДБ


Любоў Лунёва, Менск Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў нашаму радыё, што а 12-й гадзіне ў сераду ён быў затрыманы людзьмі ў цывільным – супрацоўнікамі КДБ.

Лябедзьку пачалі зьбіваць, надзеўшы яму наручнікі і нацягнуўшы на галаву куртку. Нападнікі пасадзілі Лябедзьку ў ягоную машыну і працягвалі там біць.

Затым палітыка адвезьлі ў КДБ. Анатоль Лябедзька расказаў, што, калі ён сядзеў у пакоі сьледчага, яму зноў надзелі наручнікі, а тады пачалі біць. Паводле Лябедзькі, самі супрацоўнікі КДБ адвезьлі яго пасьля гэтага ў наркалягічную бальніцу – там у палітыка ўзялі пробы Рапапорта, каб праверыць, ці спажываў ён алькаголь, а таксама зрабілі аналіз крыві.

Як расказаў у інтэрвію нашаму радыё Анатоль Лябедзька, у КДБ сьледчы паведаміў, што ў адносінах да палітыка заведзена справа па абвінавачаньні ў тэрарызьме. Аднак, паводле Лябедзькі, супрацоўнікаў КДБ цікавілі найперш ягоныя замежныя паездкі – у прыватнасьці, у Грузію і ў Літву.

Лябедзьку пачалі дапытваць толькі а 6-й гадзіне вечара. А 23-й гадзіне палітыка адвезьлі ў мікрараён Курасоўшчына, дзе выкінулі з машыны са словамі: “Вы чалавек разумны, вы павінны зрабіць правільныя высновы. Спадзяемся, што вам усё зразумела”. З Курасоўшчыны Лябедзька сам дабіраўся дадому.

Сёньня а 12-й гадзіне ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька дасьць прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў.
XS
SM
MD
LG