Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У ліквідатараў не пыталіся, ці хочуць яны ехаць у сьмяртэльна небясьпечную 30-кілямэтровую зону”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 26 красавіка) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Дваццаць год таму выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі для соцень тысяч беларусаў стаў пунктам адліку іншага жыцьця. Многім давялося пакінуць родныя мясьціны, зьмяніць працу. Для яшчэ большай колькасьці людзей з таго моманту пачалася драматычная паласа змаганьня за ўласнае здароўе і жыцьцё. На гэтую тэму — значная частка нашай сёньняшняй пошты.

Даўняя слухачка “Свабоды” Тацяна Барэль з Асіповічаў разважае пра тое, зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца людзі, што пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы й цяпер вымушаныя часта зьвяртацца па дапамогу да мэдыкаў. Слухачка піша:

“Ведаю аб адсутнасьці радыялягічнага аддзяленьня й радыёлягаў у Менскім дзіцячым анкалягічна-гематалягічным цэнтры. Ведаю, што і ў лютыя маразы дзяцей нашча вазілі на апраменьваньне ў Бараўляны. А там пасьля працэдуры яны яшчэ дзьве гадзіны павінны ляжаць, і толькі пасьля абеду вяртаюцца назад. А гэтым жа няшчасным катэгарычна забаронены кантакт зь любой інфэкцыяй. Ведаю, што перапоўнены Менскі й падобны Гомельскі цэнтры. А гэта сьведчыць пра рост анкалягічных захворваньняў крыві ў дзяцей. Ведаю, што дзіцячы дом для дзяцей-сіротаў месьціцца ў Касьцюковічах, якія раней лічыліся забруджаным Чарнобылем пасёлкам. Ведаю, што належным чынам так і не вядзецца маніторынг атрыманых насельніцтвам Беларусі дозаў апраменьваньня. Усе гэтыя пытаньні я хацела б вынесьці на чарговы Чарнобыльскі шлях”.

Напэўна, спадарыня Барэль, у часе мітынгаў і масавых шэсьцяў немагчыма абмяркоўваць падрабязнасьці кожнай праблемы альбо выпрацоўнасьць нейкія канструктыўныя рашэньні ў гэтай справе. Тым больш, што на чарнобыльскія мітынгі й шэсьці зьбіраюцца, як правіла, многія з тых, каму й ня трэба нічога тлумачыць. З кожнай з гэтых праблемаў яны штодня сутыкаюцца ў сваім жыцьці вось ужо дваццаць гадоў. Гэтыя людзі й выходзяць на вуліцу найперш таму, што вельмі добра інфармаваныя наконт таго, які рэальны стан у справе ліквідацыі наступстваў Чарнобылю.

Фрагмэнт зь ліста ад Віктара Буто зь Менску.

“Калі ў 1986 годзе нас у прымусовым парадку выклікалі праз ваенкаматы, дык не пыталіся, ці хочам мы ехаць у сьмяртэльна небясьпечную 30-кілямэтровую, заражаную радыяцыяй зону. Што атрымалася ў выніку? Пазбавілі людзей здароўя, а ўзамен выдалі пасьведчаньне ўдзельніка ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Уладальнікі такіх пасьведчаньняў першыя гады пасьля аварыі мелі шэраг льготаў. Але ў 1992 годзе правы і льготы ў ліквідатараў пачалі адбіраць — праз пастаянныя зьмены заканадаўства, а потым праз указы, дэкрэты ды распараджэньні. Сёньня мяне вельмі непакоіць наша безабароннасьць. Любы грамадзянін Беларусі можа стаць ахвярай самавольства чыноўнікаў”.

Cапраўды, у тыя красавіцкія й травеньскія дні 1986 году дзясяткі тысяч людзей былі прымусова скіраваныя ў зону катастрофы на ліквідацыю наступстваў. І мала хто зь іх усьведамляў рэальную небясьпеку, якая ў будучыні ім пагражала. Памятаю некаторых сваіх адналеткаў, якія самі ехалі туды добраахвотна — ня столькі паводле абавязку службы, колькі па новыя ўражаньні. Для іх тады ўсё гэта выглядала бясьпечнай прыгодай. Сёньня, пакутуючы на шматлікія хваробы, яны глядзяць на тыя падзеі зусім па-іншаму. Але і цяпер, калі праўда пра Чарнобыль вядомая, сотні выпускнікоў ВНУ штогод прымусова накіроўваюць у небясьпечныя раёны, дзе ўвесь час не хапае настаўнікаў, мэдыкаў, аграномаў… Што будзе зь імі праз дваццаць і трыццаць гадоў?

Аўтар наступнага ліста — вучань 11-й клясы адной са школаў Вялейкі Юры Сокал. Невялікі аповед школьніка пра сваю настаўніцу:

“З маленства яна натхняла мяне на нешта добрае і сьветлае. У яе быў такі вольны незалежніцкі дух, якому зайздросьціў. Нават нам, маленькім, яна тлумачыла, што ёсьць незалежная Беларусь. Мы ведалі, што яе муж на нашым пляцы Леніна прысягаў на вернасьць Беларусі, Пагоні і нашаму штандару. І вось мінулі гады. Ведалі б вы, як усё зьмянілася. Цяпер я яе зусім не разумею. Я для яе — амаль вораг. Цяперашняя ўлада для гэтай настаўніцы — найлепшая на сьвеце. Схлусіць альбо каго-небудзь падставіць для яе — лягчэй лёгкага. За тое, што размаўляю на сваёй мове, яна робіць мне заўвагі, заніжае адзнакі. Пра ўсё, што я раблю, кажа дырэктару. Усё пачалося з таго часу, як яна стала завучам і яе прафэсійная кар’ера пачала падымацца ўгару. Сорамна і жахліва.

Я часта думаю: што я мог бы расказаць пра сучасную Беларусь сваім продкам? Тое, што людзі ператварыліся ў жывёлінаў, якіх цікавіць толькі ежа? Жывуць ад заробку да заробку, ад пэнсіі да пэнсіі. І цікавяцца толькі імі. Што засталося ў іх ад сапраўдных беларусаў? І чаму трымаемся мы — тыя, хто жыве інакш? Дзеля каго? Калі ўсе яны адчуваюць сябе вольнымі, калі толькі дзясяткам людзей баліць сэрца за сваю краіну? Ня ведаю. Я думаў, што затрыманьне міліцыяй умацуе мой дух, маю веру ў перамогу. Але — не. Седзячы ў пастарунку, я зразумеў, што проста ўсе баяцца.. А чаго баяцца — самі ня ведаюць. І ўсё ж пасьля 25 сакавіка я адчуў, што мужнасьць яшчэ застаецца ў сэрцах беларусаў”.

На пачатку 1990-х гадоў, падчас кароткага пэрыяду нацыянальнага Адраджэньня, настаўнікі расказвалі дзецям і пра гісторыю Пагоні й бел-чырвона-белага сьцяга, і пра Аршанскую бітву, і пра каштоўнасьць незалежнасьці сваёй дзяржавы. Хтосьці зь іх вучыў шанаваць і любіць усё гэта шчыра; а хтосьці толькі адпрацоўваў свае гадзіны ды кіраваўся мэтадычнымі ўказаньнямі РАНА.

Мэтадычныя дырэктывы з таго часу шматразова мяняліся. Вымушаныя былі падладжвацца пад іх і настаўнікі. Вось толькі адны нават у гэтых умовах здолелі ня здрадзіць прафэсіі, ня хлусіць дзецям, далікатна і праўдзіва тлумачаць, што адбылося… А іншыя ці то з кар’ерных матываў, ці з прычыны ўласных унутраных перакананьняў зрабілі круты паварот і сталі ганьбіць усё тое, што вучылі любіць і шанаваць. Як да гэтага ставяцца дзеці, які сьлед пакідаюць такія пэдагогі ў дзіцячых душах — добра зразумела зь ліста Юр’я Сокала.

Ліст ад Уладзімера Еўтуха зь Менску. Слухач піша:

“Ня раз малюся да Бога: Госпадзі, мой народ не выбірае ў жыцьці дарогу праўды. Чаму? За што? Чым зграшылі мы? Гартаю старонкі Сьвятога Пісаньня і чытаю: “За тое, што яны не раскаяліся ў грахах сваіх”. Калі дасьць Бог і Мілінкевіч стане прэзыдэнтам, я прасіў бы яго прызначыць дзень пакаяньня беларускай нацыі, нашага народу. Дзень, калі мы ўсе, па ўсёй краіне схіліліся б на калені перад Богам і пакаяліся ў грахах камунізму”.

Фрагмэнт зь ліста нашага даўняга слухача і аўтара, былога вайскоўца Міколы Канаховіча з Пружанаў:

“Наша Бацькаўшчына — у страшэннай бядзе, і цяпер ня час для спрэчак. Дэмакратычныя лідэры павінны ўсімі магчымымі (і нават немагчымымі) спосабамі прыцягнуць да аб’яднаньня ўсю дэмакратычную супольнасьць, у тым ліку і кіраўніцтва БНР у выгнаньні. Не ўратуем Бацькаўшчыну — загінем усе. У першую чаргу варта было б пераканаць кіраўніцтва Эўразьвязу й ЗША пашырыць кола “неўязных”. Пачынаць трэба з раённых вэртыкальшчыкаў, іхных сваякоў і — аж да самага верху, усіх дэпутатаў, лідэраў БРСМ, гаспадарчых кіраўнікоў, якія заплямілі сябе фальшаваньнем выбараў. І ў той жа час трэба зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы пацярпелым ад рэжыму, асабліва моладзі й студэнтам”.

Наконт праблемы “неўязных” няма адзінага пункту погляду нават у апазыцыі, спадар Канаховіч. Відавочна, падпадаць пад санкцыі павінны найперш тыя, хто прымаў рашэньні ў справе выбарчай кампаніі й наступнага перасьледу ўдзельнікаў пратэсту. А ці самастойныя ў сваіх дзеяньнях, ці самі прымалі палітычныя рашэньні супрацоўнікі мясцовай вэртыкалі, гаспадарчыя кіраўнікі, актывісты БРСМ? І ўжо тым больш дзіўна выглядае ваша, спадар Канаховіч, прапанова ўключыць у сьпісы сваякоў вэртыкальшчыкаў. Яны ж у чым вінаватыя?

Увогуле, некаторыя людзі схільныя перабольшваць эфэкт ад гэтых візавых санкцыяў. Прысьпешыць зьмены ў Беларусі такія забароны наўрад ці могуць: гэта здольна зрабіць толькі само беларускае грамадзтва. А вось адбіцца на настроях у асяродзьдзі намэнклятуры санкцыі здольныя істотна — асабліва калі набудуць вялікія маштабы. І ці не прывядзе гэта ў выніку да таго, што рэжым стане яшчэ больш жорсткім, а становішча апазыцыі (і без таго складанае) — пагоршыцца?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG