Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У падвале гатэлю “Сож” доўга стаялі радыяактыўныя чаравікі Сьлюнькова"


Радыё Свабода Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка расказвае пра 26 красавіка 1986 году.

(Бандарэнка: ) “Калі гэта здарылася, мы адразу прыехалі на тэлебачаньне. Але ўсе маўчалі й чакалі, што скажуць “зьверху”. І потым, Гарбачоў усё трымаў у таямніцы, усё было завязана на ім, на тым, што скажа Масква. І мы таксама чакалі. Мы нічога не рабілі: былі ўсе ў напружаньні. Хто верыў, хто ня верыў, таму што нават і ня ведалі дакладна, што гэта такое. Выбух быў, так. Атамная станцыя, прынамсі, ведаем, для чаго. Але якія наступствы будуць? Мы нават не маглі ўявіць, што гэта будзе так сур''ёзна.

Памятаю таксама, што вялізны буран быў у Менску 28 красавіка. Увесь цэнтар сталіцы быў пад чорнай хмарай. І такі дождж ліў! Але вельмі цёплы. І людзі бегалі, нават нікуды не хаваліся. Бо ніхто не папярэдзіў. А потым, памятаю, калі паехала ў Гомель, то там мяне ўразіла адна цікавая рэч. Гэта было, можа, на наступны дзень пасьля аварыі. Туды прыехаў Сьлюнькоў са сваёй камандай. Але калі ад’яжджалі, то пакідалі там літаральна ўсё сваё адзеньне. І нават у гатэлі “Сож” вельмі доўгі час мне казалі дзяжурныя гэтага гатэлю (потым я некалькі разоў там спынялася), што ў нас дзесьці ў падвале дагэтуль стаяць чаравікі спадара Сьлюнькова. Ён проста іх пакінуў у гатэлі”.
XS
SM
MD
LG