Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Вайтовіч: “Я капаў кроплю ёду на цукар”


Радыё Свабода У 1986 годзе Аляксандар Вайтовіч быў намесьнікам дырэктара Інстытуту фізыкі Акадэміі навук. Згадвае, як лекаваўся ад падвышаных дозаў радыяцыі.

(Вайтовіч: ) “У нас тады быў Інстытут ядзернай энэргетыкі, у іх была вельмі добрая апаратура, і яны адразу ў выходныя вызначылі, што значна павысіўся радыяцыйны фон. І спужаліся, што, магчыма, у іх адбылася ўцечка радыяактыўных рэчываў, бо яны ў іх захоўваліся. А іх дырэктар якраз быў у Маскве, яны яму затэлефанавалі, а той супакоіў: маўляў, я усё ведаю, у Маскве ўсе ў курсе, што здарылася ў Чарнобылі і ўжо данеслася да Менску хмара з гэтымі ападкамі.

З гэтым дырэктарам я пасьля меў размову і таму небясьпеку ўспрыняў усур’ёз. Таму што дырэктар сказаў: адбыўся вялікі выкід, перш-наперш гэта ёд, увогуле, вялізная доза радыяактыўнага ёду была выкінутая. І першыя, найбольш пацярпелыя, гэта пацярпелыя менавіта ад гэтага выкіду. Адсюль у нас і праблемы са шчытападобнай залозай, бо ёд назапашваецца менавіта ў ёй. Дык вось, дырэктар даў параду ўжываць пэўныя прэпараты. Але паколькі нашае начальства не дало каманды, каб стратэгічныя запасы гэтых прэпаратаў былі выдадзеныя насельніцтву (а мы мелі такія прэпараты стратэгічныя), ён тады параіў капаць кропельку ёду на цукар і ўжываць такім чынам. Гэта некаторы час я рабіў. І ня толькі я, але і ўся мая сям’я”.
XS
SM
MD
LG